Механізатараў ААТ «Чурлёны» Аляксандра Верамея і Валерыя Рогача звязвае многае.
Па-першае, абодва яны нарадзіліся, выраслі тут, на Іжаншчыне. Па-другое, абодва не сталі шукаць лёгкага хлеба па свеце, а засталіся працаваць механізатарамі на бацькоўскай зямлі. Тут абзавяліся сем’ямі, атрымалі ад гаспадаркі жыллё, нарадзілі дзетак (і яшчэ адно падабенства – у абеіх сем’ях падрастаюць дачушкі-прыгажунькі). Нельга не адзначыць і тое, што ў свой час хлопцы парадніліся – Аляксандр ажаніўся з сястрой Валерыя. Глыбока пусцілі карані ў родную зямельку маладыя сем’і і жывуць спрадвечнымі нялёгкімі клопатамі земляробаў.
З вясны і да позняй восені шчыруюць механізатары на палях. Рыхтуюць глебу пад сяўбу, сеюць, апрацоўваюць палеткі, косяць травы, адвозяць, трамбуюць… Карацей, «Беларусы» Верамея і Рогача заўсёды, што называецца, на пярэднім краі. Так, Аляксандр Верамей, да прыкладу, «закрывае» прыкладна 80 працэнтаў усёй плошчы на ворыве. Канешне ж, гэта няпроста і адказна, ды за гады працы ў гаспадарцы (а ў ёй Аляксандр з 2013 года) прыйшлі да яго і вопыт, і прафесіяналізм.
– На два гады раней за Аляксандра ўладкаваўся да нас на працу і Валерый, якога таксама па праву лічым адным з перадавых, – расказала галоўны эканаміст ААТ «Чурлёны» Таццяна Баравая. – Мы нашых маладых механізатараў цэнім не толькі за тое, што сумленна працуюць, своечасова і прафесіянальна адносяцца да справы, але і за тое, што не здрадзілі бацькоўскай зямлі. Вунь і сем’і ў іх якія добрыя. Аляксандр з жонкай, дарэчы, гадуюць трох дачушак. Добрыя людзі, працавітыя. Менавіта на такіх будуць трымацца нашы сельгаспадаркі ў будучым, а нашы вёскі і аграгарадкі дзякуючы ім будуць звінець дзіцячымі галасамі.
Бываючы ў гаспадарках раёна, не раз даводзілася сустракацца з механізатарамі. Вось і з чурлёнскімі перадавікамі, пра якіх ішла размова вышэй, – таксама. Расказваючы пра звыклыя клопаты земляробаў, ні адзін з іх не наракаў на цяжкасці (а працуюць яны з ранку да вечара), з-за якіх меней часу, як хацелася б, удзяляецца сям’і і дзеткам. У кожнага з іх ёсць надзейны тыл – жонкі, якія падтрымліваюць мужоў, бо разумеюць, што ў гарачую для вяскоўцаў пару іх галоўны клопат – поле. Так спрадвеку было і так заўсёды будзе.
Ірына БУДЗЬКО