Першая сустрэча з Зінаідай Сцяпанаўнай Зайцавай адбылася ў 1968 годзе на жнівеньскай педагагічнай нарадзе. Я прыйшла працаваць у калектыў Ільянскай школы старшай піянерважатай. З затоеным страхам і хваляваннем чакала сустрэчы з новым калектывам, а яна атрымалася спакойная, нават святочная – мяне віншавалі, і ўсе былі такія шчырыя і ветлівыя, што я адразу сябе адчула тут сваёй. Так яно і сталася – працую ў гэтай школе да цяперашняга, люблю яе і яна па-ранейшаму – мая.
Кінулася ў вочы, што настаўніцы апранутыя з вялікім густам, у параўнанні са мной нават шыкоўна. Пазней зразумела, што Зінаіда Сцяпанаўна Зайцава і Ганна Кузьмінічна Дубаневіч умелі з густам стварыць эксклюзіўны ўбор не толькі сабе, але і сваім каляжанкам. Крыху счакаўшы, і я набыла пякнейшыя строі.
Зінаіда Сцяпанаўна прыйшла пехатой з Краснага ў Ілью (пазней прыходзілася рабіць гэта не раз) ў 1945 годзе, як толькі развіталася з Мінскім педагагічным інстытутам на Карла Маркса, 52. Родную вёску Валіцкаўшчына Самахвалавіцкага сельсавета Мінскай вобласці не забывалася, хоць наведвала рэдка: бракавала часу і грошай, але ў думках часцяком ішла па знаёмай у сем кіламетраў дарозе ў школу і дадому.
Ілья тады была раённым цэнтрам. Зіначка Валёк, танюсенькая, як трасцінка, з невялікай паклажай шукала спачатку аддзел народнай асветы, потым пошту, а затым прыйшла ў школку. Там яе сустрэла таксама маладая жанчына, дырэктар школы Матросава Роза Іванаўна, выдзеліла пакойчык у школе, пазнаёміла з працай, стала першай сяброўкай. Моладзі тады ў школе працавала многа: Ткачова Таццяна Цярэнцяўна, Альшэўская Ларыса Дзмітраўна. Зінаіда Сцяпанаўна ўспамінае, як на педсавеце знаёмілі з новым настаўнікам гісторыі Іванам Зайцавым. А ён высокі, з ваеннай выпраўкай, кашуля ахоўнага колеру пад рамянём, штаны запраўлены ў боты. Вочы вясёлыя, але трымаецца сціпла. Спадабаўся ён Зінаідзе, сімпатыя была ўзаемнай. Хутка сталі мужам і жонкай. Іван Канстанцінавіч вучыўся завочна, атрымаў вышэйшую адукацыю, прайшоў курсы нямецкай мовы, вырас да намесніка дырэктара школы. Зінаіда Сцяпанаўна выкладала рускую мову і літаратуру. Сям’я была дружная, на цяжкасці ўвагі не звярталі, расцілі трое дзетак, адзначалі розныя святы, свае і сяброў. Збіраліся звычайна Шылы, Варанцы, Маскалевічы, Забаронкі, Дубаневічы, Курцы… Спявалі, танцавалі, розныя гульні прыдумвалі. Працавалі на адраджэнні школы, садзілі паркі і алеі, удзельнічалі ў ліквідацыі няграматнасці ў Ільі і ваколіцах, падпісвалі на заем і ладзілі канцэрты для насельніцтва. Раз у месяц ставілі новую п’еску. Жылі клопатна і весела, ніякай працы не баяліся. Заўсёды пачуццё адказнасці было на першым месцы.
Зінаіда Сцяпанаўна кажа: ”Іншы раз думаю, чаго так доўга жыву, а потым разважу, што з сямі гадкоў працавала: гадавала браціка Сцёпку (у сям’і было шасцёра дзяцей), дапамагала па гаспадарцы, а ў вайну стараста на некалькі тыдняў запар заганяў рэзаць нажом торф, што проста рукі адвальваліся, а жыць умовы былі нібы ў тым канцлагеры – спалі на нарах. Вось цяпер Бог дае магчымасць адпачыць за ўсе гады.
Цяпер святкую ў асноўным юбілеі. Збіраецца звычайна радня: дзеці, унукі і праўнукі. Няхай яны ўсе будуць здаровыя!”
Няхай і наша Зінаіда Сцяпанаўна будзе здаровай і шчаслівай! Гэтага жадаюць ёй былыя калегі па працы, настаўнікі,адміністрацыя Ільянскай школы імя А.А.Грымаця, Прафсаюзны камітэт і Савет ветэранаў школы.
Роза ШЭРАЯ, старшыня Савета
ветэранаў школы, кіраўнік народнага музея “Вілейшчына
літаратурная”