Аб захаванні прыроды і эканоміі рэсурсаў цяпер можна пачуць шмат розных меркаванняў. Але адна справа гаварыць і падымаць гэтыя праблемы, а зусім іншая – зрабіць канкрэтныя крокі на гэтым шляху. У мінулым навучальным годзе Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця пачала рэалізацыю праекта па расшырэнні сеткі грамадскай экалагічнай сертыфікацыі – “Белы бусел” і ўкараненні сістэмы экалагічнага менеджмента (СЭМ). Праект ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Грамадства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ).
За мінулы год у рамках праекта ажыццяўляўся папярэдні экалагічны аналіз, інфармаванне і анкетаванне супрацоўнікаў, стварэнне рабочых груп, распрацоўка Экалагічнай палітыкі і праграмы школы.
Чарговая кансультацыйная сустрэча прадстаўнікоў васьмі ўстаноў рэспублікі – Ільянскай СШ, аздараўленчых цэнтраў “Ждановічы” і «Жамчужынка», Лютэранскай абшчыны г. Гродна, Касцёла св.Тадэвуша в.Лучай Пастаўскага раёна, Дома “Кінанія” і ўстановы “Цэнтр экалагічных рашэнняў”, якія ўдзельнічаюць у падобных праектах, адбылася 11 верасня ў сценах будынка Ільянскай СШ імя А.А.Грымаця.
Дырэктар школы Юшко Ігар Аляксандравіч пазнаёміў гасцей з практычнай рэалізацыяй экалагічнай палітыкі школы, правёўшы экскурсію па тэрыторыі і школе. Школьныя музеі таксама віталі ўдзельнікаў семінара. Пасля экскурсіі па школе ўсе сабраліся ў актавай зале для абмеркавання шматлікіх пытанняў. Адно з іх наконт вынікаў распрацоўкі і рэалізацыі міні-праектаў. Справаздачу па міні-праекту “Удасканальванне сістэмы абыходжання з адходамі” прадставіла ўпаўнаважаны па экалагічнаму менеджменту (ЭМ) Ільянскай СШ імя А.А.Грымаця Міхалёнак А.М. У сваім выступленні яна адзначыла, што пры арганізацыі аграгарадка ў школе была праведзена замена свяцільнікаў. Адпрацаваныя ртуцьзмяшчальныя лямпы (каля 1000 штук) захоўваліся ў неабсталяваным месцы ў памяшканні старой школы. За час удзелу ў праекце ўсе лямпы вывезены на абясшкоджванне прадпрыемствам «Мусоросортировочная станция Западная». А для захоўвання надалей ртуцьзмяшчальных лямп у адпаведнасці з заканадаўствам набыты 2 стэлажы. Алена Мікалаеўна дадала, што да гэтага года ў школе збіраліся адходы розных відаў у адзін кантэйнер, што не давала магчымасці іх паўторнага выкарыстання і правільнай утылізацыі. Для арганізацыі раздзельнага збору смецця набыты кантэйнеры для розных відаў адходаў: пластыка, макулатуры і іншых бытавых адходаў, якія ўстаноўлены на кожным паверсе школы, а таксама ў школьнай сталовай. Пасля запаўнення ўсіх бакаў і кантэйнераў іх змесціва тэхработнікі, замацаваныя за калідорам, а таксама работнік сталовай выносяць у асобныя кантэйнеры, устаноўленыя ў двары школы. Затым адходы забіраюцца камунальнікамі ў адпаведнасці з заключаным дагаворам. Надалей адным з важнейшых кірункаў дзейнасці школы па экалагічным менеджменце з’яўляецца правядзенне мэтанакіраванай адукацыйнай і выхаваўчай працы з навучэнцамі, працаўнікамі школы і жыхарамі мікрараёна ў вобласці энергазахавання і аховы навакольнага асяроддзя.
Напрыканцы ўсе арганізацыі атрымалі хатняе заданне і вызначылі месца наступнай сустрэчы – пасёлак Жамчужны Лепельскага раёна.
Зоя КІПЕЛЬ, настаўнік хіміі Ільянскай СШ
імя А.А.Грымаця