Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В гости – к ровеснику Минской области Чеславу Овсянику

А дакладней, у вёску Аўсянікі накіраваліся мы на днях, каб сустрэцца з чалавекам, які жыццё прысвяціў працы на роднай зямлі і сваёй сям’і, а юбілейны дзень нараджэння – 85 год – адзначыў, як і Мінская вобласць,
у студзені.

Гэта сёння неба шэрае, а нядаўна нябесная канцылярыя падарыла нам некалькі цудоўных марозных і сонечных дзён – нібы на той паштоўцы, родам з дзяцінства, памятаеце? У такі светлы пагодлівы дзень і адбылося знаёмства з героем гэтай публікацыі і яго спадарожніцай жыцця Галінай Эдуардаўнай.
Патрэбны адрас знайшоўся хутка, а гасцінна расчышчаная ад снегу сцежачка і адкрытыя весніцы падказалі, куды рухацца журналісту «раёнкі». Прывіталіся, пазнаёміліся – і пачалі разам, нібы вузельчыкі ў клубку нітак, перабіраць гады-ўспаміны.

Трое дзяцей, сем унукаў і сем праўнукаў – такая жыццёвая арыфметыка і самы галоўны здабытак сям’і Аўсянікаў. Так-так, гэта не памылка – і прозвішча гасцінных гаспадароў, і назва вёскі, дзе яны жывуць, словы аднаго кораня. А яны самі – той магутны корань аднаго сямейнага дрэва, адкуль усё і пачалося. А нам цікава, з чаго пачынаўся асабісты жыццёвы шлях Часлава Аўсяніка.

– Як споўнілася мне сем гадоў, пайшоў у школу, – з самага пачатку, як кажуць, «ад печкі», вядзе аповед Часлаў Францавіч. – Скончыўшы 7 класаў, пайшоў працаваць у калгас «Ільянскі» (пасля ён стаў называцца «Стайкі») «учотчыкам», гады два адпрацаваў. Потым паступіў у Ашмянскае вучылішча механізацыі. Хто паступаў па накіраванні, ім не трэба было адпрацоўваць, а я паступаў без яго. Значыць, мне пасля вучылішча трэба было адпрацаваць на цаліне два гады. Калі вучыўся ў Ашмянах, быў на практыцы на цаліне, убіраў ураджай, і пасля заканчэння вучылішча быў на цаліне два гады. Працаваў трактарыс­там, камбайнерам…

Пасля цаліны Часлаў Аўсянік вяртаецца ў саўгас «Ільянскі» – працаваў на трактары і камбайне. У яго працоўнай біяграфіі ўсяго 16 (!) гарачых уборачных за штурвалам «карабля палёў». І заўважце, што ў той час тэхніка была не такая, як сёння. Ды працавітасць і адказнасць былі выхаваны з дзяцінства – сям’я жыла на хутары, шмат працавалі, усё, што мелі, здабывалі сваім мазалём і стараннасцю.

Хоць жылі наводдаль, але не абышла стараною Вялікая Айчынная іх Аляксееўшчыну (сёння гэтага хутара няма на карце раёна – аўт.) – змрочнымі старонкамі ў памяці засталіся прыход фашыстаў, іх зладзействы, пасляваенныя разруха і голад… Але ж усё пераадолелі, адбудавалі, жыццё працягвалася – і трэба было жыць.

У гаспадарцы ў той час патрэбен быў экскаватаршчык – і Часлава Аўсяніка накіроўваюць у Барысаў, вучыцца. Асвоіўшы новую спецыяльнасць, вярнуўся ў гаспадарку і працаваў ужо ў якасці. А потым яго перавялі на пасаду механіка сельгасмашын. У той час гаспадарку ўзбуйнілі, на карце Вілейшчыны з’явілася новая назва «За мір». Там Часлаў Аўсянік працаваў загадчыкам мехмайстэрняў. У гэты час ён наведваў вячэрнюю школу. Гэта акалічнасць стала для яго асабістага лёсу паваротным момантам…

«Жонку знайшоў!» – смеючыся, тлумачыць Часлаў Францавіч. Яго спадарожніца жыцця родам з Маладзечна, па размеркаванні прыехала ў Альковіцкую школу – працаваць педагогам. Адзін раз праводзіў вечарам пасля ўрокаў у суседнюю вёску дадому маладую настаўніцу Часлаў Аўсянік, другі, трэці – і зразумеў, што сустрэў свой лёс… 61-шы год яны разам, але «яшчэ не надакучылі адзін другому». Так жартам яны адказваюць на пытанне, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця.

Пасля заканчэння 10-ці класаў вячэрняй школы Часлаў Аўсянік паступае ў Буда-Кашалёўскі тэхнікум механізацыі. Пасля вучобы ён стаў брыгадзірам комплекснай брыгады, а потым кіраўніком участка.

– У гаспадарцы было 2 тысячы гектараў зямлі, 1440 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 500–550 галоў дойных кароў, – з гэтых успамінаў Часлава Францавіча можна ўявіць сабе, які маштаб мела ранейшая гаспадарка і якой адказнасці патрабавала ад работнікаў.

Стараннасць самога Часлава Аўсяніка адзначана была не раз. Ордэн «Знак Пашаны» – за культуру (земляробства) і высокія ўраджаі, бронзавы медаль ВДНХ – за вырошчванне бульбы, сярэбраны медаль – за вырошчванне і ўборку ільну. Дарэчы, пад ільном было гектар 70, а то і болей, узгадвае Часлаў Францавіч, а першыя гады яго ўбіралі ўручную. Адказную работу выконвалі жанчыны. Поле было падзелена на ўчасткі – і жалі лён не толькі работнікі саўгаса, але і інтэлігенцыя. Задача была агульнай і важнай, бо гэта культура і давала найбольшы прыбытак для гаспадаркі.

Калі ў Мацькаўцах адчынілася школа, Часлава Аўсяніка запрасілі там выкладаць. Ён скончыў педагагічныя курсы і дзяліўся з моладдзю ведамі пра трактары і аўтамашыны, агратэхніку і вучыў кіроўцаў. Праз пяць-шэць год яго як былога камуніста вярнулі назад у гаспадарку. Тут і працаваў да пенсіі. Пад яго кіраўніцтвам толькі ў жывёлагадоўлі працавала 80 чалавек, у раслінаводстве – 40, 25 чалавек – у механізацыі. Сама ж брыгада аб’ядноўвала пяць вёсак, фермаў таксама было пяць. І людзей у вёсцы жыло і працавала шмат.

Пры Чаславе Францавічы быў выкапаны вадаём на плошчы ў адзін гектар. Вёска вялікая – і ён быў патрэбны для забеспячэння супраць­пажарнай бяспекі. Быў закладзены і пладовы сад на 40 гектараў. Няўмольны час пакінуў на іх свой адбітак – вадаём зарастае, сад састарэў.
Сам жа Часлаў Аўсянік пасля выхаду на заслужаны адпачынак не застаўся без справы – на радзіме ўзяў у арэнду ўчастак зямлі і трымаў вялікую гаспадарку. Тры каровы, двое коней, свінні, куры, гусі, індыкі, трусы – не толькі багатая, але і клопатная гаспадарка. Але з усім спраўляліся – паднімалі на ногі траіх дзяцей, вучылі, дапамагалі. Вырошчвалі і бульбу з жытам, але прыйшлі дзікі і заявілі свае правы на тэрыторыю – вытоптвалі, шкодзілі пасевам.

Па гэтай прычыне ды і з-за паважанага ўзросту гаспадарку вырашылі скасаваць.
Але і сёння на прысядзібным участку Аўсянікаў не пуста. Калі сыдзе снег і зямлю разбудзіць вясна, яны зоймуцца сваімі справамі. Гаспадар – вырошчваннем ягадных кустоў, гаспадыня – кветкамі. Ну і іншымі клопатамі – зямля патрабуе ўвагі да сябе. На бацькоўскім участку свае «надзелы» маюць і дзеці – Таццяна, Людміла і Генадзь. У каго – маліны, у каго – ажыны, а потым – «спаборніцтва», чый ура­джай вышэйшы. Канечне, гэта ўсё жартам. А вось галоўнае, узятае ад бацькоў, – гэта любоў і неабыякавасць да роднай зямлі.
Таццяна ШАРШНЁВА

Самому лучшему папе на свете в канун 85-летия

Январь. Метель. Снежок кружится.
А в сердце радость не унять:
Такой порой отец родился.
Сегодня ему – восемьдесят пять.
Отец мой области ровесник.
Центральной. Минской. Дорогой.
Любви к родной земле наследник.
В ее развитие внес вклад свой.
Война его коснулась детства,
И этой боли не унять.
Врагов-фашистов помнит зверства,
Как жгли людей, вели стрелять…
Всю жизнь он на земле трудился –
Садил, и сеял, и пахал.
И слез от радости стыдился,
Когда свой орден «Знак Почета» получал.
Груз времени над ним не властен,
Творить добро хватает сил.
Полезных дел всегда он мастер,
Сад для потомков заложил.
Пусть сад цветет и плодоносит
Во славу Минщины моей.
Живущим пользу пусть приносит,
Нет места для меня родней!
Дочь Татьяна

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 150 queries