Вось і завяршыўся 2012 год, юбілейны для нашай Даўгінаўскай сярэдняй школы. У гэтыя дні мы падводзім яго вынікі, успамінаем юбілейныя мерапрыемствы, шматлікіх гасцей, мінулагоднія школьныя праекты. Сярод іх асаблівае месца займае конкурс “Вучань года-2012”.
З умовамі конкурсу вучні Даўгінаўскай школы, педагогі і бацькі пазнаёміліся яшчэ напачатку 2012 года. Крытэрыямі ацэнкі для ўдзельнікаў з’яўлялася высокая паспяховасць па прадметах, колькасць узнагарод за ўдзел у разнастайных алімпіядах і конкурсах, ступень актыўнасці ў грамадскім жыцці школы, прыкладныя паводзіны і захаванне дзелавога стылю адзення. А яшчэ кожны ўдзельнік павінен быў падрыхтаваць сваё партфоліа, у якім раскрываецца яго асоба.
Патрэбна адзначыць, што конкурс выклікаў вялікую цікавасць і актыўнасць вучняў. На разгляд журы, якое складалася з прадстаўнікоў адміністрацыі школы і членаў школьнага парламенту, паступілі 23 заяўкі ад вучняў 5-11 класаў і столькі ж разнастайных па зместу і форме партфоліа. Мы з нецярпеннем чакалі вынікаў работы журы.
І вось 10 студзеня ў актавай зале каля навагодняй ёлкі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцы. Ва ўступных словах члены журы адзначылі, што поспехі і заслугі кожнага з 23-ох удзельнікаў конкурсу вельмі значныя і важныя для нашай школы, а кожнае прадстаўленае партфоліа – па-свойму арыгінальнае і непаўторнае. Таму па выніках юбілейнага года журы вырашыла адзначыць кожнага ўдзельніка дыпломам у пэўнай намінацыі.
Пад гукі ўрачыстых фанфар на сцэну па чарзе падымаліся лаўрэаты конкурсу. У намінацыі “Разумнікі і разумніцы” ўзнагароды атрымалі пераможцы абласных і раённых прадметных алімпіяд, канферэнцый і інтэлектуальных конкурсаў: Шаціла Віктар, Ляшковіч Кацярына, Віркоўскі Арцём, Врублеўская Аляксандра, Сяліцкі Андрэй. За імі следам ушаноўваліся вучні, якія ўдала сумяшчаюць навуку і мастацтва (намінацыя “Інтэлект і творчасць”): Валковіч Вікторыя, Анішкевіч Алеся, Асаенка Ганна, Пратасевіч Аляксандр. За паспяховае спалучэнне навуковых даследванняў са спартыўнымі поспехамі ўзнагароджаны Садоўскі Аляксандр і Лапіцкі Дзмітрый; за адданасць на працягу ўсіх школьных год аднаму віду мастацтва – жывапісу – Закалінская Вольга. А вось ужо на сцэне з’яўляюцца таленавітыя вучні сярэдніх класаў, яны ўзнагароджваюцца ў намінацыі “Надзея школьнай навукі”. Гэта нашы будучыя зоркі Развадоўская Марыя, Гапановіч Яўгеній, Віркоўская Валерыя, Сафонаў Арцём, Мурашка Дар’я.
У намінацыі “Лепшае партфоліа” членамі журы аднагалосна назвала Леберт Вольгу. Цікавасць у прысутных вызвала намінацыя “Новыя імёны”, калі на сцэну былі запрошаны Сачыўка Яўгенія, Урбановіч Андрэй, Волкава Яна – вучні, якія прыйшлі ў нашу школу з іншых устаноў адукацыі Вілейскага, Нясвіжскага і Мядзельскага раёнаў са сваімі ўзнагародамі.
Кожны лаўрэат конкурсу атрымаў Дыплом і юбілейную візітоўку школы на памяць.
І вось наступіў самы адказны момант цырымоніі, хаця ўжо ўсім стала зразумела, хто ж ён – Вучань года-2012. Дырэктар нашай установы адукацыі Навуменка Іван Нічыпаравіч справядліва заўважыў, што Вучнем года мог стаць толькі той чалавек, які змог сумясціць у сваёй асобе ўсе названыя намінацыі. І такі вучань сапраўды вучыцца ў Даўгінаўскай школе. Гэта выдатнік вучобы, пераможца раённага этапу алімпіяды па беларускай мове на працягу трох гадоў, творчая асоба, адораная ў спевах, танцах, ігры на акардэоне, стварэнні ўласных літаратурных твораў, актыўны ўдзельнік усіх спартыўных мерапрыемстваў. Акрамя таго мае публікацыі ў школьнай і раённай прэсе. А яшчэ – гэта добры таварыш, добразычлівы чалавек, станоўчы прыклад для дзяцей у вучобе і паводзінах. І да таго ж – прэзідэнт нашай школьнай рэспублікі – вучаніца 11”А” класа Каляга Таццяна.
Што ж, конкурс “Вучань года – 2012” завершаны. Але стартуе новы конкурс – “Вучань года – 2013”. Таму ўсім вучням рэкамендавана азнаёміцца з выставай партфоліа на класных гадзінах, пачаць дапаўняць іх новымі поспехамі, заводзіць новыя тым, хто яшчэ гэтага не зрабіў, бо кожны з нашых вучняў таленавіты па-свойму і мае поўнае права заявіць аб сабе.
Каб наша Даўгінаўская школа славілася сваімі вучнямі. Каб была моцнай і квітнеючай, як і наша родная Беларусь.
Максім КАРОЛЬ,
вучань 10”А” класа Даўгінаўскай СШ
З умовамі конкурсу вучні Даўгінаўскай школы, педагогі і бацькі пазнаёміліся яшчэ напачатку 2012 года. Крытэрыямі ацэнкі для ўдзельнікаў з’яўлялася высокая паспяховасць па прадметах, колькасць узнагарод за ўдзел у разнастайных алімпіядах і конкурсах, ступень актыўнасці ў грамадскім жыцці школы, прыкладныя паводзіны і захаванне дзелавога стылю адзення. А яшчэ кожны ўдзельнік павінен быў падрыхтаваць сваё партфоліа, у якім раскрываецца яго асоба.