Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Долгиново отпраздновали «Дожинки для пенсионеров»

У чарговы раз сабраліся людзі шаноўнага ўзросту на сваё стаўшае ўжо традыцыйным свята – «Дажынкі для пенсіянераў». Яно штогод ладзіцца ў Даўгінаве. Глядзельную залу мясцовага СДК запоўнілі прыгожа апранутыя, нібы памаладзеўшыя пенсіянеры, былыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, дзе іх ужо чакалі накрытыя столікі.

Завітаў на свята і дырэктар ААТ «Даўгінава» Ян Мінчык. Ён павіншаваў прысутных са святам, расказаў аб цяжкасцях і поспехах сённяшняга дня ў гаспадарцы. Ад імя былых працаўнікоў вясковых палеткаў дырэктару быў уручаны каравай.
Каб гасцям не давялося сумаваць, работнікі Даўгінаўскага СДК падрыхтавалі цікавую літаратурна-музычную праграму. Як і заўсёды, не засталіся ў баку ад падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства мясцовыя валанцёры. Галіна Дзевяцень павіншавала ўсіх, чытала вершы; Тамара Брыцько цешыла гасцей песнямі іх маладосці; валанцёры Раіса Жызнеўская, Альфрэда Кавалёва, Яніна Гамановіч стараліся стварыць цёплую, сардэчную атмасферу свята, каб ўсім гасцям было добра і ўтульна.
Прыйшлі на свята і вучні Даўгінаўскай школы – Насця Паплёўка, Ірына Зарэцкая, Яўген Ляшковіч і Алег Валковіч. Дзеці падрыхтавалі для сваіх бабуль і дзядуль вершаваныя радкі і падарункі, якія зрабілі самі падчас заняткаў у гуртку «Вяжам самі» пры Даўгінаўскай сельскай бібліятэцы.
Самым кранальным момантам свята стала віншаванне з залатым вяселлем Тадэуша і Ніны Садоўскіх, працавітых і прыстойных людзей, якія пражылі паўстагоддзя ў каханні і згодзе, не шкадуючы сіл і цяпла сваіх сэрцаў для дзяцей і ўнукаў. Урачыстую рэгістрацыю залатога шюбу правяла ўпраўляючая справамі сельвыканкама Галіна Ханашчак, а дырэктар гаспадаркі Ян Мінчык і валанцёры ўручылі «маладым» падарункі.
Не засталіся без увагі і маладыя пенсіянеры Таццяна Красневіч, Тэрэса Зарэцкая і Зінаіда Лагуціна. Ім былі ўручаны «пасведчанні» пенсіянераў і сціплыя падарункі. Валанцёры павіншавалі жанчын і наказалі ім не збаўляць жыццёвай актыўнасці. Урадлівым быў бягучы год і на юбілеі. На свяце прысутнічала 12 юбіляраў: Валковіч Вацлаў-Фрыдрых, Анішкевіч Браніслаў, Жураўская Аляксандра, Садоўская Ніна, Кур’янчык Марыя, Гурновіч Галіна, Гапановіч Таіса, Адамовіч Ніна, Кавалёва Альфрэда, Жызнеўская Раіса, Млечка Лідзія і Дзевяцень Галіна… У гонар юбіляраў гучалі віншаванні і песні, ім былі ўручаны падарункі.
Усё больш і больш талентаў выяўляе традыцыйны конкурс «Народны артыст». Як заўсёды ў ім удзельнічалі Алена Міцько, Уліма Малькевіч, Ала Кучынская, Ніна Кароль, Ніна Адамовіч, Валянціна Жызнеўская. Упершыню для гасцей хораша спявалі Яраслаў і Данута Апанасевічы, Кацярына Лазавік; гучалі байкі ў выкананні Тадэуша Ляшковіча і Тэрэсы Зарэцкай.
З цікавасцю азнаёміліся прысутныя з выставай работ майстроў народнай творчасці. На ёй былі прадстаўлены вязаныя дываны і сурвэткі былога жывёлавода Веры Лазар і вышыванкі валанцёра Галіны Дзевяцень. Хутка праляцеў час. Развітваючыся, пенсіянеры дзякавалі ўсім , хто наладзіў для іх сапраўднае свята, якое яшчэ доўга яны будуць успамінаць.
Кацярына ВАЛУЕВА, бібліятэкар Даўгінаўскай сельскай бібліятэкі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries