Свае 90 год Іпаліт Хаванскі адзначыў у дзень Вялікай Перамогі. Знамянальная для чалавецтва дата супала з урачыстасцю асобнага чалавека. Цяпер скажыце, што нябесныя зоркі не прадвызначаюць кожнаму з нас лёс…
Я памятаю, як гэта было. Сям’я Хаванскіх, у якой два сыны, дзве дачкі, унукі, сабралася ў хаце Іпаліта Аляксандравіча, каб ушанаваць бацьку і дзеда. Як водзіцца на юбілеях, сказаць яму шмат цёплых, сардэчных слоў, на які ў жыцейскай мітусні заўсёды не хапае часу. А, можа, і не часу. Бывае, ад шчырага выражэння пачуццяў нас утрымлівае нейкая штучная сціпласць, прыродная сарамлівасць, увогуле ўласцівая чалавеку. Чалавек раскрываецца ў такія імгненні, калі жыццё фіксуе нейкі рубеж, закліканы падсумаваць папярэдні вынік. Гэтым мы, памятаю, і займаліся з сынамі Іпаліта Аляксандравіча – Юрыем і Леанідам. Абодва – афіцэры. Адзін у запас выйшаў у Беларусі, другі завяршыў службу ў Расійскай Федэрацыі. Там цяпер і жыве. Іпаліт Аляксандравіч з бачным гонарам прыслухоўваўся да каментарыяў сыноў, глыбока дасведчаных у яго лёсе.
Прысеўшы на лаўку пад квітнеючай вішняй мы разглядалі сямейныя фотаздымкі і ўдыхалі свежы, натолены першацветамі, водар вясны.
У час размовы Іпаліт Аляксандравіч на колькі хвілін раптам замаўкаў, ловячы бурнае дыханне вясны, адначасова варушачы ў свядомасці напластаванне ўспамінаў. Ён памятае сваё дваццацігоддзе, што выпала на незабыўны май сорак пятага. Сярод замеці веснавой квецені святкавала перамогу Прага. І юнак з драўлянай беларускай вёсачкі, якая ўжо аплакала не аднаго свайго сына, проста неўтаймавана радаваўся жыццю. Лёс, дараваны Усявышнім, нібы пранёс яго на руках над крывавай безданню вайны. Чацвёрты Украінскі фронт. Дывізійная разведка. Супадзенне ці не – у падраздзяленні чацвёра разведчыкаў. Савецкая армія вяла наступальныя баі. І разведка ішла наперадзе, па пярэднім краі абароны непрыяцеля. Яе даныя ігралі неацэнную ролю пры выпрацоўкі тактыкі наступальных аперацый. Уражлівая і ўчэпістая памяць Іпаліта Аляксандравіча да гэтага часу захоўвае напружанасць зманлівай цішыні над брустверамі варожых акопаў. Адзін недакладны рух – і яна пагражала разарвацца, раскідваючы па наваколлі шмаццё лазняку з па-веснавому распушаным голлем.
Колькі ператрусаў – ідэалагічных, палітычных, эканамічных, ускалыхнулі свет пасля той незабыўнай пражскай вясны. Але памятае яе выратаваны свет. Ужо і сама Чэхаславакія не існуе на карце Еўропы, трансфармаваўшыся ў дзве самастойныя, суверэнныя дзяржавы. Але без подзвігу савецкага салдата невядома які лёс напаткаў бы сённяшнюю добрапрыстойную Еўропу, якая, пры ўсіх палітычных нюансах, усё ж імкнецца выбудоўваць з суседзямі адносіны супрацоўніцтва. Узнагарода – гэта паклон беларускаму салдату, прызнанне яго подзвігу і самаахвярнасці.
Яе з рук раённага ваеннага камісара Іпаліт Аляксандравіч прыняў у сваёй хаце. У прысутнасці дачкі Алы, якая з суседняга Людвінова амаль штодня прыязджае да бацькі. А той адзінокасці не адчувае яшчэ і таму, што ніколі дом, дзе жыве ветэран, не абмінае Марына Пескуровіч, загадчыца Ерхаўскага сельскага клуба. І на гэту ўрачыстасць з нагоды яна не прамінула зазірнуць.
Медалём “70 год заканчэння Другой сусветнай вайны” ўзнагароджаны таксама наш зямляк, жыхар вёскі Кобузі Віктар Крывашэй. На жаль, ён нядаўна пайшоў з жыцця. Шчырыя спачуванні родным і блізкім салдата, імя якога сёння занатавана ў памяці Выратаванай Еўропы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА