2016 год багаты на юбілейныя падзеі ў жыцці Вілейскага раёна. Адной з такіх значных падзей з’яўляецца 260-годдзе царквы ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх у вёсцы Кастыкі.
Дата вельмі знакавая, бо на ўсёй тэрыторыі нашай роднай Вілейшчыны няма больш старажытнейшага храма, які ў амаль нязменным выглядзе захаваўся на працягу больш як двух з паловай вякоў. Царква з’яўляецца ўнікальным помнікам драўлянай архітэктуры сярэдзіны 18 стагоддзя, і ў шэрагу падобных ўнікальных занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Урачыстасці з нагоды юбілею храма праходзілі з удзелам епіскапа Маладзечанскага і Стаў-бцоўскага Паўла і вялікай колькасцю запрошанага ганаровага духавенства. Спецыяльна да гэтай падзеі з Святой Гары Афон быў прывезены і перададзены ў дар храму Абраз Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. А для ўсіх прысутных на свяце была магчымасць дакрануцца і пакланіцца машчам Пакутнікаў, святыні, таксама, прывезенай з Афона. Пасля свята мошчы былі перавезены ў Вілейку і да Успення будуць захоўвацца ў Свята-Марыінскім храме.
2016 год багаты на юбілейныя падзеі ў жыцці Вілейскага раёна. Адной з такіх значных падзей з’яўляецца 260-годдзе царквы ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх у вёсцы Кастыкі. Дата вельмі знакавая, бо на ўсёй тэрыторыі нашай роднай Вілейшчыны няма больш старажытнейшага храма, які ў амаль нязменным выглядзе захаваўся на працягу больш як двух з паловай вякоў. На тэрыторыі Вілейскага раёна існавала шмат святынь, якія маглі б прэтэндаваць на больш шаноўны ўзрост, але, на жаль, іх не пашкадаваў ні час, ні людзі.
Гісторыя храма вельмі даўняя і насычаная, бо,прастаяўшы на звычайным вясковым пагосце 260 год, храм бачыў і спусташальныя войны, і ўзброеныя паўстанні, і часы ліхалеццяў са зменамі ўлады і прыналежнасці нашай тэрыторыі да розных дзяржаў. Але па промыслу Божаму храм уцалеў і стагоддзямі служыў людзям у іх патрэбе ў веры.
Хто і як будаваў храм? З гістарычных дакументаў вядома, што ўладальнік Кастык – Міхал Адам Слізень, палкоўнік, стараста крэўскі і падканюшы Вялікага княства Літоўскага напрыканцы свайго жыцця (а памёр ён 11 лістапада 1760 года) дае фундуш (грошы) на будаўніцтва новай драўлянай уніяцкай царквы ў сяле Кастыкі. Царква была пабудавана мясцовымі майстрамі з смалістага часанага дрэва з простымі архітэктурнымі рысамі класіцызму. Да асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму будынка царквы была далучана пяцігранная апсіда (алтар) і бабінец (уваходная частка), над якім узвышаецца квадратная ў плане шатровая званіца. Дарэчы, захаваліся да нашых дзён і старажытныя званы, якія ахвяравалі царкве мясцовыя жыхары, аб чым сведчаць надпісы на іх. Зрубы малітоўнай залы і алтара, пры дапамозе трох вугольных застрэшкаў, накрыты агульным дахам. Драўляны разны іканастас таксама рабіў мясцовы майстар.
22 сакавіка 1756 года пабудаваны храм быў асвечаны ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. Гэтыя святыя з’яўляюцца ваярамі-хрысціянамі, якія прынялі пакутніцкую смерць у 320 годзе ў горадзе Севасціі (раней Малая Арменія, зараз сучасная Турцыя). Яны служылі ў складзе рымскага войска, якое стаяла ў Севасціі. Іх камандзір, прыхільнік язычніцтва, загадаў ім прынесці ахвяру паганскім багам. Пасля іх адмовы ваяроў распранулі і паставілі на возеры на лёдзе на ўсю ноч. Стаяла зіма, быў моцны мароз, а каб зламаць волю пакутнікаў, непадалёк на беразе растапілі лазню. Ноччу адзін з ваяроў не вытрымаў і кінуўся бягом да лазні, але як толькі ён пераступіў парог – упаў, як мёртвы, а астатнія пакутнікі пачулі голас, які казаў: «Хто трываў да канца, той збаўлены будзе». Адзін з рымлян, убачыўшы трываласць духу хрысціян, сказаў вартаўнікам, што і ён хрысціянін і далучыўся да пакутнікаў. На раніцу варта са здіўленнем убачыла, што ўсе пакутнікі жывыя. Тады ваярам перабілі галёнкі, а потым іх целы былі спалены на вогнішчы.
Праз тры дні пакутнікі з’явіліся ў сне блажэннаму Пятру, епіскапу Севасційскаму,і загадалі яму зрабіць іх пахаванне. Епіскап з некалькімі клірыкамі ноччу сабраў астанкі пакутнікаў і з гонарам пахаваў.
Царква ў вёсцы Кастыкі адзіная на Беларусі, якая асвечана ў гонар Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. Дарэчы, у народзе гэта свята завецца «Саракі» і лічыцца, што на яго прылятае сорак птушак, якія прыносяць вясну.
На час свайго будаўніцтва, а гэта сярэдзіна 18 стагоддзя, царква не была ашалявана, гэтыя работы былі праведзены толькі ў пасляваенны час. Агароджу вакол царквы і могілак прыход зрабіў толькі ў 1937 –1938 гадах, «за польскім часам», калі царкву грунтоўна адрамантавалі і пабудавалі вакол яе агароджу і браму з бутавых камянёў, якія мы можам бачыць і дагэтуль. Для ўнутраннага ўбранства царквы была набыта частка абразоў, а частку перанеслі з існаваўшых раней капліц і храмаў на гэтай тэрыторыі. Адзін абраз быў падараны царкве панам Козел-Паклеўскім.
Да 1839 года царква была ўніяцкай, а пасля скасавання Уніі на Беларусі будынак перадалі праваслаўным. Да 1872 года царква была самастойнай, гэта значыць не прыпісной да іншай. У 1873 годзе Указам Літоўскай Духоўнай Кансісторыі царкву ў Кастыках, з нагоды дрэннага стану, зрабілі прыпісной да Камень-Спаскай царквы, што была непадалёку каля вёскі Камена. І толькі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя царква ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх зноў набывае самастойнасць і становіцца прыходскай з дзвума прыпіснымі цэрквамі: Спаса-Праабражэнскай у в. Забалацце і царквой Святой Праведнай Елісаветы ў в. Зацемень. На сёння царква з’яўляецца прыпісной да прыходу Святога Духа ў в. Рэчкі.
Не абышоў царкву і час «ваяўнічага атэізму», і ў 1962 годзе царква была зачынена. Некалькі найбольш каштоўных абразоў былі вывезены ў музеі Мінска (так,у музеі Старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук захоўваецца ў пастаяннай экспазіцыі ў г. Мінску па вул. Сурганава абраз 17 стагоддзя «Спас Панкратар» – на здымку), а астатнія абразы прыхажане захоўвалі па сваіх хатах. Падчас святочнага набажэнства адна прыхажанка расказвала, як яе бацькі захоўвалі ікону з царквы пад сенніком на ложку, яна была завернута ў посцілку, наверх накідана саломы, а калі была неабходнасць, то яе маці нават з віламі бараніла абраз. Так, мясцовыя жыхары баранілі свае абразы каля 30 год, а потым калі летам 1989 года царкву, адну з першых на Беларусі, зноў вярнулі вернікам, то ўсе абразы занялі сваё месца ў храме. Была і ў сучаснай гісторыі храма дрэнная часіна, калі ў 2007 годзе невядомыя злачынцы абрабавалі царкву і скралі 15 абразоў ХVІІІ- ХІХ стагоддзя.
За сваю гісторыю царква неаднаразова рамантавалася і свой сучасны выгляд (а гэта можна сказаць амаль першапачатковы) яна набыла ў 2015 годзе, калі намаганнямі прыхажан і настаяцеля айца Валянціна, пры фінансавай падтрымцы мецэнатаў, была заменена вонкавая шалёўка на драўляную, а дах пакрыты як 260 год таму гонтам. Набыла больш прывабны і дагледжаны від тэрыторыя вакол царквы.
Падчас гутаркі з адным з мецэнатаў храма Валерыем Шумскім, які распавёў пра гісторыю сваёй сям’і, што таксама непарыўна звязана з гісторыяй храма. Яго бацька родам з вёскі Асташкава, якая размяшчаецца недалёка ад Кастык і ён быў ахрышчаны менавіта ў гэтай царкве. А адзін з Сарака Пакутнікаў Севасційскіх носіць імя Валерый і з’яўляецца яго нябесным заступнікам. Таму справа дапамогі святыні для Валерыя Канстанцінавіча справа абавязковая, як ён лічыць. Менавіта, намаганнямі Валерыя Шумскага ў манастыры на Святым Афоне быў напісаны абраз для Кастык, для якога быў замоўлены і выкананы і спецыяльны ківот.
Не пакінула абыякавым ні аднаго з прысутных на свяце і канцэртная праграма, падчас якой выступалі артысты з Людвіноўскага Дома культуры, а таксама знакаміты вядучы, акцёр, выканаўца аўтарскай песні Анатоль Длускі, што вядзе на Беларускім тэлебачанні праграму «Подых струн», а самым галоўным госцем свята стаў мужчынскі хор з Грузіі (па запрашэнні Валерыя Шумскага), які зачараваў усіх выкананнем кананічных і народных спеваў.
260-годдзе храма адбылося годна і стане для царкоўнага летапісу значнай падзеяй на стагоддзі.
Няхай Бог аберагае Кастыкі на доўгія вякі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара