Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Уцелевшая жительница посетила свою сожжёную деревню

Калісьці тут абуджалі ранне пеўні, даючы пачатак кожнаму новаму дню вясковага жыцця. А затым то тут, то там кожныя на свой лад «спявалі» дзверы, на вуліцу выходзілі гаспадары. Скрыпелі жураўлі студняў, звонка дзынькалі ў даёнкі тугія струмені малака, неўзабаве вёску абуджала знаёмае: «Выганяй!», і вось ужо, падымаючы пыл, па вуліцы праходзіў статак… Так, усё гэта было і тут, у Любчы і Борках; было да таго страшнага майскага дня 1943-га…

– Я не знаходжу слоў, каб усё гэта перадаць, – узгадвае Фаіна Сяргееўна Анасовіч, адзіная з жыхароў Борак, каму давялося выратавацца ад жудаснай смерці. – Немцы наляцелі ў аўторак, бегалі па хатах, рабавалі… А ў чацвер сагналі людзей у ток і падпалілі. Загінулі і мае родныя – мама, два браты, сястра… Я цудам уцалела – дапамаглі людзі. Пасля бачыла і трупы – дзеткі былі прытуліўшыся да бацькоў, і абпаленае бярвенне…
Цёплы сонечны дзень, лёгкі ветрык калыша маладое лісцейка бяроз, па блакітным небе раскіданы рэдкія воблачкі, белыя-белыя, нібы вата. І тут, на месцах спаленых вёсак Любча і Боркі, дзе ўстаноўлены мемарыяльныя помнікі, прайшлі мітынгі, прысвечаныя 70-годдзю з тых жудасных падзей. Віляйчане, жыхары бліжэйшых вёсак і госці сталіцы, дарослыя і школьнікі сабраліся, каб яшчэ раз прыгадаць, як усё было. Былі запрошаны і малалетнія вязні, і воіны-інтэрнацыяналісты. Мітынг-рэквіем адкрыла старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Коласава, якая гаварыла пра страшныя ваенныя гады, пра спаленыя вёскі Вілейшчыны. Вось і Любчу, і Боркі, у кожнай з якіх было крышку болей за два дзясяткі двароў, напаткаў гэты лёс.
У гады вайны Беларусь першая з савецкіх рэспублік прыняла на сябе ўдар ворага. Ніякія мукі і здзекі не змаглі вытравіць з сэрцаў нашых землякоў велізарную любоў да Айчыны і жаданне бачыць яе свабоднай. Мужчыны і жанчыны, дарослыя, старыя і нават дзеці падымаліся на барацьбу з ворагам, дэманструючы прыклады гераізму. У той страшнай вайне загінуў кожны трэці беларус. І частка з іх – спаленыя жыхары вёсак Любча і Боркі. Пра ўсё гэта гаварыла, звяртаючыся да прысутных на мітынгу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч.
Да глыбіні душы хвалюючая мінута маўчання…. Літаратурная кампазіцыя юных удзельнікаў студыі «Ветразь» гімназіі №2… Асвячэнне мемарыяльных помнікаў праваслаўным і каталіцкім святарам… А затым было ўскладанне кветак да помнікаў. Адной з першых несла іх Фаіна Сяргееўна Анасовіч, якой тады было наканавана выжыць. Што бачылі вочы яе, на той час дзяўчынкі? З якім болем жыве гэта жанчына, сведка трагічных падзей сямідзесяцігадовай даўнасці? Для яе гэтыя мемарыялы – не проста помнікі. Гэта – часцінка яе жыцця, нябачная сувязь з роднымі і блізкімі. І як важна, што гэтыя трагічна вядомыя мясціны Вілейшчыны дагледжаны, што сюды прыязджаюць, узгадваюць пра мінулае і шануюць тых, хто сустрэў тут свой апошні дзень. Вучні, настаўнікі ўстаноў адукацыі раёна, супрацоўнікі музея, бібліятэк, калектывы прадпрыемстваў, сярод якіх асабліва вылучаецца УП «Памяць» (дырэктар – П.П.Шляхаў), проста нераўнадушныя віляйчаны – усе яны робяць усё магчымае, каб мемарыялы былі такімі, якімі і павінны быць. І каб захаваліся для наступных пакаленняў.
Далейшы шлях удзельнікаў мерапрыемства ляжаў у Ільянскую школу. Тут адбылася цікавая экскурсія па народных музеях «Вілейшчына літаратурная» і “Ільянскія далягляды», падчас якой многа цікавага расказалі і паказалі кіраўнік музея Роза Шэрая і яе вучні. А пасля ў школьнай актавай зале адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў з архіваў Расіі, Беларусі і Латвіі «Зимнее волшебство. Нацистская карательная операция в белорусско-литовском пограничье, февраль-март 1943 года». Кніга расказвае пра самую страшную карную аперацыю, падчас якой было знішчана больш за дзесяць тысяч мірных жыхароў і 439 вёсак. Расказвае не проста, а мовай афіцыйных дакументаў, якіх у зборніку 226. На прэзентацыі прысутнічалі і выступілі перад прысутнымі ўкладальнікі кнігі Вячаслаў Селяменеў, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, і Наталля Кірылава, каардынатар праекта «Павышэнне статуса ўратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак». Дарэчы, праект ажыццяўляецца ў Беларусі трэці год Нацыянальным архівам і Беларускім фондам міру, прадстаўніца якога – старшыня абласнога грамадскага аб’яднання Любоў Ермаловіч – прыняла ўдзел у мерапрыемстве.
«Як добра бачыць звычайныя рэчы – траву і неба, і ў працы сяло…» – чытае са сцэны юнак, вучань Ільянскай школы. Цудоўнае мерапрыемства падрыхтавала навучальная ўстанова – і за гэта прысутныя дзякавалі і яе дырэктару Ігару Юшко, і ўсяму калектыву школы.
Завяршаючы сустрэчу, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга цёпла падзякавала ўдзельнікам мерапрыемства за тое, што беражліва і надзейна захоўваюць памяць пра трагічнае мінулае радзімы. Яна павіншавала прысутных са светлым Днём Перамогі і пажадала мірнага неба над нашымі галовамі. І падзячнай памяці пра тых, хто заваяваў для нашчадкаў гэты мір. А яны, як прачытала вучаніца Ільянскай школы, «ждут не хвалебных речей ветераны, а чтобы памяць была постоянной». Лепей, бадай, і не скажаш.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара і Матвея ШЭРАГА

Фаина Сергеевна Анасович - единственная уцелевшая жительница спаленной д.Борки




Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries