Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Успаміны віляйчанкі: вёска Касічы ўшчэнт была спалена двойчы

Падзеі, якія будуць апісаны ніжэй, адбыліся болей за сем дзясяткаў гадоў таму назад. Здавалася б, за даўнасцю яны маглі б сцерціся ў людской памяці. Ды не сціраюцца, памятаюцца да драбніц. Віляйчанка Соф’я Аляксандраўна Гарэлік, аўтар гэтых успамінаў, па крупінках збірала іх, запісвала і беражліва захоўвала. Нямала напісала жанчына пра дзядулю, бабулю, бацькоў і ўвогуле пра маленькую радзіму. Некалі, магчыма, гэта прачытаюць яе нашчадкі. Прачытаюць і ўявяць той сакавіцкі дзень ужо такога далёкага 1944-га, тагачасную вёсачку Касічы, што размясцілася на  правым беразе Нарачанкі, працавітых людзей, якія жылі тады тут, і тую трагедыю, якая напаткала іх. І так, слова Соф’і Аляксандраўне ГАРЭЛІК:

– Касічы ўшчэнт былі спалены двойчы: 20 верасня 1915 года, у час Першай сусветнай вайны, і ў сакавіку 1944-га нямецкімі акупантамі – у час карнай аперацыі. Хочацца расказаць тое, што я даведалася ад людзей пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Усё пачалося з таго, што партызаны забілі чатырох фашыстаў і пусцілі іх трупы па Нарачанцы. Трэба сказаць, што нямала жыхароў нашай вёскі былі сувязнымі ў партызан. Як, напрыклад, мой дзядуля Сідар Мікалаевіч Варановіч, які збіраў для партызанаў звесткі пра немцаў, дапамагаў лясным барацьбітам прадуктамі. Дзядулеў дом стаяў пасярод вёскі, і партызаны пад покрывам цемнаты прабіраліся сюды праз бор і валокі, забіралі ўсё падрыхтаванае і зноў раствараліся ў ночы. Пра гэта даведаўся вясковы стараста. Расказвалі, што ён неяк зайшоў у хату і загадаў дзядулю здаць немцам вепрука. Маўляў, ведаю, што для партызанаў гадуеш… Дзядуля не спяшаўся выконваць гэты загад. Тады стараста данёс на яго немцам. Тыя ўзялі дзеда, звязалі яго і павезлі на допыты ў Войстам. Дамоў вярнуўся ледзь жывы, з адбітым нутром. Праз два тыдні чалавека не стала… А было яму ўсяго пяцьдзясят.
Можна толькі ўявіць, колькі гора перажыла ўдава, мая бабуля Лізавета Андрэеўна, якая засталася з пяццю дзеткамі на руках… Як жыць без кармільца, як адной падымаць дзетак? Было невыносна цяжка. Але самае страшнае здарылася тады, калі 7 сакавіка сорак чацвёртага партызаны забілі чатырох фашыстаў і пусцілі іх па Нарачанцы. Раніцой наступнага дня ў вёсцы ўжо было поўна немцаў. Для страху спалілі дзве хаты і загадалі людзям вярнуць целы забітых – інакш згарыць уся вёска. І паехалі. Усю ноч людзі не спалі, хадзілі з хаты ў хату, раіліся. Ведалі, што фашысты не даруюць. Некаторыя людзі капалі ямы, у якія хавалі сундукі з ежай і вопраткай. Ды, забягаючы наперад, скажу, што не выратавала гэта…
Фашысты акружылі вёску з усіх бакоў. Наехалі з аўтаматамі, многія з сабакамі, з пылаючымі факеламі ў руках. Выганялі людзей на вуліцу, а хаты падпальвалі. Відавочцы прыгадвалі: як немцы дайшлі да дома Яўгена Варановіча (ён сам быў у партызанах), гаспадыня, Софія Іванаўна, з дзеткамі не паспела схавацца – яе застрэлілі і спалілі з малымі ў хаце.
Пачуўшы выстралы ў доме сваяка, мая бабуля з крыкамі «Яны не партызаны!» выскачыла на вуліцу (з клубком нітак у руках – нешта, відаць, рабіла). Услед за ёй – маленькая дачка (большых дзяцей бабуля паспела выратаваць – адправіла да сваёй сястры ў суседнюю вёску. Кожнага перахрысціла на дарогу, на шыйкі павесіла па крыжыку. Хто ведае, магчыма, гэта і ўратавала). Бабуля дабегла толькі да веснічак – аўтаматная чарга абарвала яе жыццё. Пакаціўся па снезе клубок блакітных нітак, горка заплакала над целам забітай маці дзяўчынка… Ды фашыстам гэтага было мала: яны схапілі цела бабулі, укінулі ў палаючую хату, а ўслед за ёй – і маленькую дзяўчынку… Якім цудам яна ўратавалася, цёця Жэня не разумела ўсё сваё жыццё. Апрытомнела на вуліцы, калі на плячах пачаў гарэць бацькаў пінжак. А вакол палалі дамы, галасілі і крычалі людзі, якіх гналі да лазні. Частку вяскоўцаў зачынілі ў ёй, другую палову – у хаце. Дапытвалі і патрабавалі выдаць тых, хто забіў фашыстаў. Ды што маглі сказаць старыя, жанчыны і дзеці… Іх крыкі і просьбы пакінуць жывымі былі чуваць, расказвалі людзі, за некалькі кіламетраў у Заброддзі. І ўжо не было надзеі на выратаванне, вяскоўцы развітваліся з жыццём, калі прыехаў нейкі немец, відаць па ўсім, па званні вышэйшы за тых, хто нішчыў ні ў чым не вінаватых вяскоўцаў. Ён і загадаў адчыніць дзверы ўжо палаючай лазні, адкуль сталі выбягаць абгарэлыя людзі… Нават праз многа гадоў тыя, хто цудам выжыў у той дзень, у думках дзякавалі «добраму» немцу. Што прымусіла яго злітавацца над людзьмі? На гэта пытанне адназначна ніхто не адкажа.
У час карнай аперацыі ў Касічах было знішчана адзінаццаць вяскоўцаў. Раніцой наступнага дня выжыўшыя людзі хадзілі па папялішчах спаленых хат, шукалі астанкі сваіх родных, каб пахаваць іх. Знайшлі і костачкі маёй бабулі – побач са свежай дзядулевай з’явілася і яе магіла.
Пасля таго, як пахавалі забітых і спаленых, вяскоўцы пачалі паціху будаваць зямлянкі. Трэба ж было неяк жыць… Людзі з суседніх вёсак дзяліліся ўсім, што мелі самі. Мой бацька, Аляксандр Сідаравіч, старэйшы ў сям’і, з дапамогай суседзяў пабудаваў для сваіх сястрычак зямлянку. Так і выжывалі. Пазней тата прыбавіў сабе два гады і пайшоў у армію, каб біць фашыстаў, помсціць за родных. Яго некалькі разоў раніла, а адзін асколак сядзеў у віску аж да 1987 года. А ваяваць яму давялося да самага Дня Перамогі. Успамінаў, з якой радасцю і нецярпеннем ляцеў дадому – больш за дваццаць кіламетраў пераадолеў пешшу, уброд перайшоў Нарачанку… Колькі было пры сустрэчы ўспамінаў, радасці, слёз. А потым пачаліся хатнія турботы. Будавалі хату, сёстры пайшлі служыць да багацейшых людзей у іншыя вёскі: пасвілі скаціну, дапамагалі па гаспадарцы. Пазней пачалі стварацца калгасы. Наша сям’я, хоць і не з вялікай ахвотай (як, урэшце, і ўсе), далучылася да калектыўнай гаспадаркі.
Чамусьці ў нашым доме стараліся не гаварыць пра вайну. Мусіць, вельмі цяжкімі, балючымі былі тыя ўспаміны. Але мы, дзеці і ўнукі, усё ж павінны ведаць і памятаць тое, што выпала перажыць нашым продкам. Я расказала аб тым, што ведаю пра жудасную падзею ў гісторыі маёй роднай вёскі Касічы. Магчыма, нехта ведае штосьці яшчэ пра тую трагедыю? Буду рада, калі пачую нейкія новыя факты.
Па матэрыялах
Соф’і Аляксандраўны ГАРЭЛІК падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: вясковая моладзь. Уцалелая ў вайну Жэня Варановіч – другая справа ў першым радзе.
Фота прадастаўлена Соф’яй ГАРЭЛІК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries