Шлях ад Вілейкі да Кузьмічоў падаўся зусім кароткім. Так заўсёды бывае, калі маеш цікавага субяседніка. А тут – не адзін, а цэлая група людзей, з якімі не засумуеш – вакальны гурт «Бабіна лета» са сваім кіраўніком Сяргеем Рудніцкім. З такімі спадарожнікамі час ляціць імгненна… Трапны жарт, вясёлая прыпеўка, а то і лірычная песня, што бярэ за жывое, – такая атмасфера царыла, пакуль дабіраліся да месца.
Мінулі Любань, Журыхі, Кузьмічы і, следуючы за машынай начальніка падсобнай гаспадаркі «Талуць» Анатоля Новаша, дабраліся да поля, дзе працавалі магутныя МТЗ.
– Тут ідзе падрыхтоўка глебы і сяўба ячменю, – паказаў на абшар Анатоль Канстанцінавіч. – На сёння (25 красавіка) пасеяна палова запланаванага. Нядрэнна перазімавалі і азімыя, ужо адзін раз іх падкармілі.
На гэтай пасадзе Анатоль Канстанцінавіч нядаўна, аднак гэта не значыць, што яму ўпершыню даверана кіраваць – за плячыма вопыт работы загадчыкам фермы.
Падымаючы воблакі пылу, да ўскрайку поля пад’ехалі трактары.
– А вось і нашы перадавікі, – прадставіў Анатоль Новаш маладых мужчын, што падышлі да нас. – Андрэй Міскевіч рыхтуе глебу да сяўбы, а Сяргей Крот – з сеялкай. Старанна працуюць, на вынік, бо менавіта ад гэтага залежаць іх заработкі.
– Вельмі шкада, што цяпер не на гэтым полі і яшчэ адзін наш перадавік – малады механізатар Павел Бабарыка, – далучылася да размовы намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Валянціна Апанасовіч. – Адказны, працавіты, добры працаўнік і сем’янін. Менавіта з такой моладдзю звязваем будучы дзень гаспадаркі.
І вось ён – галоўны момант, дзеля якога мы і прыехалі: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вольга Яўгель уручыла перадавым механізатарам, занятым на сяўбе, падзячныя лісты старшыні райвыканкама. А ўжо музычныя віншаванні земляробам падарыла «Бабіна лета». Нядоўгай, але цёплай атрымалася сустрэча. Урэшце, на больш працяглы час размоў і не разлічвалі – веснавы дзень распісаны ў вяскоўцаў па хвілінах. Дзень, які, як вядома, корміць год.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
Уручэнне перадавым механізатарам, занятым на сяўбе, падзячныя лісты старшыні райвыканкама
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ