Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Сцешыцах павіншавалі лепшых удзельнікаў жніва Вілейшчыны

Кожны год у гарачай уборачнай кампаніі актыўна ўдзельнічаюць прафсаюзы Беларусі. Напярэдадні жніва тэхнічная інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праводзіць маніторынг гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да жніва, а ў час самой уборкі сочыць за захаваннем правіл аховы працы, арганізацыяй санітарна-бытавых умоў механізатараў, забеспячэннем іх гарачым харчаваннем. Акрамя таго, прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў актыўна ўдзельнічаюць ва ўшанаванні лепшых працаўнікоў жніва.

На днях у наш раён наведаліся старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці Міхаіл Касцян і галоўны тэхнічны інспектар працы гэтага прафсаюза Пётр Самчук, каб павіншаваць лепшых удзельнікаў жніва Вілейшчыны. Разам з імі і старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанідам Радзевічам у адну з сельгасарганізацый раёна –ААТ «Сцешыцы» – накіраваліся і мы, журналісты.

лидер
Віншаванні ад Леаніда Радзевіча прымае Уладзімір Батура

– Убраць хлеб – клопат агульны, – так аргументаваў свой удзел у падобных мерапрыемствах Міхаіл Касцян. – Нялёгкую, але такую важную для ўсяго грамадства справу робяць хлебаробы, і кожны з нас павінен быць ім удзячным. Вось і мы, прафсаюзы, падтрымліваем удзельнікаў жніва, віншуем іх, адзначаем лепшых.

Разам з кіраўніком гаспадаркі Ігарам Багданавым мы сустрэліся з перадавым механізатарам Уладзімірам Батурам, на рахунку якога на дзень нашай сустрэчы было без малога 800 тон збажыны. Гэта лепшы вынік сярод камбайнавых экіпажаў гаспадаркі.

Пра Уладзіміра Батуру наша газета пісала многа. Шмат гадоў запар не здраджвае ён свайму жыццёваму прынцыпу – быць у ліку перадавікоў, за што заслугоўвае павагі. А яшчэ Уладзімір Васільевіч клапатлівы муж і бацька – разам з жонкай яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Старэйшыя, адзначыў з гонарам бацька, ужо вызначаюцца ў самастойным жыцці: адна дачка вучыцца ў педуніверсітэце, другая – у кадэцкім вучылішчы, сын, які калісьці быў бацькавым памочнікам на жніве, служыць у арміі. Дома толькі малодшыя, якія ўжо таксама становяцца добрымі памочнікамі маме і тату. Такая вось, падумалася, добрая сям’я. Менавіта на такіх і трымаецца вёска.

На доўгія размовы ў такі гарачы час у вяскоўцаў часу няма, таму пасля падарункаў (сталічныя госці прывезлі ў якасці іх пледы і бейсболкі) і ўручэння Леаніам Радзевічам перадавікам ганаровай таблічкі пераможцы на жніве (яна будзе ўпрыгожваць тэхніку дбайных працаўнікоў) мы скіраваліся на поле, дзе быў заняты трактарыст Генадзь Сяржант. На яго рахунку ўжо тысяча тон перавезенага ад камбайнаў збожжа. І зноў былі шчырыя віншаванні, падарункі і падзячныя словы нястомным сельскім працаўнікам – сціплым людзям, якім выпала пачэсна місія – даваць людзям хлеб. Водар яго над палеткамі ў гэтую пару ап’яняе…

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries