Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна блізіцца да завяршэння нарыхтоўка кармоў

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна блізіцца да завяршэння нарыхтоўка кармоў. Выкарыстоўваючы кожную спрыяльную гадзіну, вяскоўцы косяць травы, сушаць, закладваюць сянаж.  Па стане на 22 чэрвеня, скошана 14335 гектараў плошчаў (гэта 94 працэнты да плана).  Закладзена  больш за 46 тысяч тон сенажу, нарыхтавана 1220 тон сена. Безумоўна, вызначыліся і лідары корманарыхтовак. Імі сталі ААТ «Сцешыцы», «Нарачанскія зоры», СУП «Усходні-агра»,  філіял «Бубны».

IMG_3555

Сонечнай чэрвеньскай раніцай мы прыехалі ў «Нарачанскія зоры». Сіноптыкі паабяцалі днём дождж, таму мы паспяшаліся, каб паспець занатаваць моманты зялёнага жніва. Галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі, з якім журналісцкія сцежкі зводзяць ужо на працягу многіх гадоў, не адмовіўся паказаць нам палеткі і сіласныя траншэі і на гэты раз.

– Прыкладна шэсцьдзясят працэнтаў траў у нас  убрана (на 20 чэрвеня. Аўт.), – расказаў ён. – Было халаднавата, таму крыху не такія яны, якіх чакалі. А цяпер вось выдаліся  пагодлівыя дні, дык вунь як адразу ўзняліся, пайшлі ў рост. Праца ў нас пачынаецца з шасці раніцы і да дзевяці вечара. Нялёгка, але ж як інакш? Хочаш мець кармоў у дастатку, трэба шчыраваць.

Перш-наперш разам з аграномам мы накіраваліся да вёскі Урэчча, дзе за чатыры дні была скошана і спарадкавана трава на вялікім полі. Здалёку падалося, што на яго прыляцелі і селі чароды белых птушак – іх вельмі нагадваюць сянажныя цюкі ў белай плёнцы.

IMG_3537

– Тут гэтых цюкоў 532, – паведаміў Віктар Уладзіміравіч, – а кожны з іх семсот кілаграмаў вагой. Вось і лічыце. А яшчэ тут і сто рулонаў нарыхтаванага сена. Хутка прыйдзе тэхніка, будзем іх звозіць з поля. Каб толькі надвор’е спрыяла…

Па дарозе да Рускага Сяла аграном падзяліўся тым,  што хвалюе. Бяднейшы сёлета ячменны колас – два дзясяткі зярнят. У мінулым годзе па 26-28 было. Халоднай выдалася вясна, вось і не было належнага росту. А ўвогуле, зазначыў Віктар Уладзіміравіч, дзе раней пасеялі – там і вынік ёсць, а дзе пазней – там засушыла.

На саракагектарным полі ля Рускага Сяла на дзень нашага наведвання гаспадаркі было шумна – працавалі агрэгаты, нарыхтоўвалі травы на сянаж. Масу вазілі ў траншэі, што недалёка, дзе яна шчыльна ўтрамбоўвалася тэхнікай. Ушчыльненне перашкаджае доступу паветра, а герметычнасць – галоўная ўмова кансервацыі.

IMG_3530

– А вось і наша сумесь з цімафееўкі, канюшыны і люцэрны, – паказаў Віктар Уладзіміравіч на сакавіта-зялёнае поле насупраць. – Болей за сто тон такой зялёнай масы патрабуецца ў дзень, каб накарміць пагалоўе. Радуе, што добрая вырасла сумесь, ды і канюшына таксама нядрэнная. Забяспечана пагалоўе карыснымі сакавітымі кармамі.

Непадалёк ля вёскі Падклённе сустрэлі на полі аднаго з перадавых механізатараў гаспадаркі Сяргея Кубліцкага. На нарыхтоўцы кармоў ён тут герой дня – каля пяцідзесяці гектараў дае штодня.  А ўвогуле на рахунку Сяргея Мікалаевіча на той дзень ужо было шэсцьсот гектараў скошаных траў.

– Прафесіянал сваёй справы і добры чалавек, – ахарактарызаваў механізатара галоўны аграном. – З шасці раніцы на працы. І амаль што да цямна. Ды і дома, як у кожнага нармальнага вяскоўца, ёсць і гаспадарка, і агароды. Карацей, паспяваць трэба ўсюды. І паспяваем, бо інакш проста нельга.
Аднекуль з-пад кронаў аксамітна-зялёных бярозак, што непадалёк ад поля, плаўна размахваючы крыламі, вылецеў бусел. Затым другі… Трэці… Як сапраўдныя гаспадары, велічныя птушкі пайшлі ўслед за касілкай. Парыў ветру ап’яніў водарам свежаскошанай травы, і на сэрцы стала светла і чыста.  Да болю знаёмыя, мілыя краявіды!

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА  

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries