За амаль што тры дзясяткі гадоў працы ў «Нарачанскіх зорах» галоўны аграном Віктар Драчылоўскі навучыўся працаваць і дасягаць дастойных вынікаў, што называецца, пры любым раскладзе. Вось і сёлета травы тут – залюбавацца. І на полі ля вёскі Кавалі, дзе ў дзень нашага прыезду гулі трактары, а ад іх раз-пораз ад’язджалі загружаныя сянажнай масай машыны, яны выраслі на славу.
– На сёння (4 чэрвеня – аўт.) у нас скошана прыкладна 75 працэнтаў плошчаў, – пачаў расказваць пра ход «зялёнага жніва» галоўны аграном ААТ «Нарачанскія зоры». – Нарыхтавана больш за 40 працэнтаў сенажу. А вось план па сене ўжо выканалі і далей будзем нарыхтоўваць яго звыш запланаванага. Надвор’е вунь якое спрыяльнае – сонца, ветрык. Для сушкі сена гэта самае тое.
Штодзённа, падзяліўся Віктар Уладзіміравіч, з палёў адвозіцца па 600-700 тон сянажнай масы. Дзесяць адзінак тэхнікі заняты гэтай справай. Летняй песняй касавіцы напоўніліся палі. Штодзённа ў гаспадарцы працуе і прэс, які «кансервуе» сянаж у плёнку. Атрымліваюцца прыгожыя белыя качулкі, корм у якіх захоўвае ўсе свае пажыўныя якасці. На дзень нашага наведання гаспадаркі тут ужо было нарыхтавана каля тысячы тон сенажу ў плёнцы, і гэта работа працягвалася.
Заканчваўся час абеду, у які мы прыехалі на поле, і ўдзельнікі «зялёнага жніва» скіраваліся да сваёй тэхнікі. Добра падсілкаваліся – час брацца за справу. Ля нас на хвілінку прыпыніўся механізатар Уладзімір Барыла, пачаў вырашаць з галоўным аграномам нейкае вытворчае пытанне. Разгаварыліся. Уладзімір Ігнацьевіч – чалавек мясцовы, з Папоўцаў. У гаспадарцы з ужо далёкага 1989-га. Жыве з сям’ёй у добраўпарадкаванай кватэры, якую ім прадаставіла гаспадарка. Як і ўсе дбайныя вяскоўцы, маюць Барылы гаспадарку, агароды. Мяркуючы па аптымістычным тоне, вясёлых агеньчыках у вачах, Уладзімір Барыла задаволены тым, як склалася яго жыццё. Ёсць сям’я, добрая кватэра і праца (няхай нялёгкая, але такая звыклая і патрэбная людзям!), чаго яшчэ жадаць? Бадай, для поўнага шчасця, як і кожнаму чалавеку, – здароўя, і тады ўсё будзе добра.
Міжволі залюбавалася прыгожым момантам: на фоне блакітнага неба з рэдкімі белымі аблокамі плылі «Ягуары», якімі кіравалі Ігар Карыцька і Яўген Каспяровіч. Паралельна ім няспешна рухаліся машыны, у кузавы якіх «пералівалася» здробненая зялёная маса…
– Пры спрыяльным надвор’і да 10 чэрвеня з касьбой траў управімся, – канстатаваў Віктар Драчылоўскі, задуменна гледзячы ўдаль на такія знаёмыя і блізкія яго сэрцу карцінкі «зялёнага жніва».
Сёння Віктар Драчылоўскі адзначае свой прыгожы юбілей, з якім мы, журналісты раёнкі, шчыра яго віншуем і жадаем усяго найлепшага ў асабістым жыцці і вытворчых справах.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара