Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У «Нарачанскіх зорах» поўным ходам ідзе веснавая сяўба

У ААТ «Нарачанскія зоры» поўным ходам ідзе веснавая сяўба. На дзень нашага наведання гаспадаркі тут было засеяна 50 працэнтаў запланаваных плошчаў.

Характэрнае для веснавой пары ажыўленне назіралася ў гаспадарцы ўсюды, дзе мы пабывалі ў дзень прыезду: радавалі вока засеяныя і гатовыя прыняць насенне палеткі, на многіх з якіх працавала тэхніка; па дарозе сустракаліся з машынамі ды трактарамі, што спяшаліся ў поле… Звыклыя сюжэты заклапочанай важнай работай вёскі, што заўсёды радуюць,усяляюць аптымізм і спакой.

Галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі з механізатарам Сяргеем Кубліцкім абмяркоўваюць ход сяўбы зернебабовых
Галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі з механізатарам Сяргеем Кубліцкім абмяркоўваюць ход сяўбы зернебабовых

Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Віктарам Драчылоўскім бяром курс на палі і мы. Па дарозе гутарым пра клопаты земляробаў.

– На сёння (18 сакавіка – аўт.) пасеяна 50 працэнтаў зерневых, – расказвае Віктар Драчылоўскі, – вывезена арганіка, падкормлены культуры калійнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. Як толькі паспрыяе надвор’е, унясём і азотныя. Азімыя перазімавалі добра, ды яно і не дзіўна – зімы ж практычна і не было.

За чатыры дзясяткі гадоў працы аграномам (болей за трыццаць гадоў з іх шчыруе ў «Нарачанскіх зорах») вопытны спецыяліст прызнае, што такой зімы не памятае.

– Цяпер вельмі важна пасеяцца, пакуль у зямлі яшчэ ёсць вільгаць, – разважае ён, – бо калі засушыць, то гэта адгукнецца недаборам зерневых. Добра было б, каб дождж праходзіў… А такое надвор’е, калі ўначы марозіць, а ўдзень гуляе сухавей, спрыяльным для сяўбы не назавеш.

Пад’язджаючы да ўрочышча Спарня, што непадалёк ад Бараўцаў, здалёк убачылі ажыўленне на полі.

– Тут на 70 гектарах у нас будзе авёс, – зазначыў галоўны аграном. – Рыхтуем поле пад яго сяўбу. Працуе новы агрэгат, які нядаўна набылі, – КШП-9 беларускай вытворчасці. Гэта камбініраваная тэхніка, якая адначасова выконвае некалькі тэхналагічных аперацый. Шырыня захопу агрэгата – 9 метраў.

Механізатар Іван Забрамскі, якому даверана навінка, тэхнікай задаволены – болей за трыццаць гектараў глебы ў дзень апрацоўвае. Тут жа, на гэтым полі, шчыруе і сямейны экіпаж Уладзіміра і Максіма Гурскіх: бацька ўносіць угнаенні, якія яму на машыне падвозіць сын. Такі вось цесны сямейна-працоўны тандэм.

На полі ля Рускага Сяла  механізатар Віталь Клаўсуць  выконваў важную работу – прыкатваў насенне
На полі ля Рускага Сяла механізатар Віталь Клаўсуць выконваў важную работу – прыкатваў насенне

Далей бяром курс на Рускае Сяло, ля якога ў гэты дзень таксама вяліся веснавыя работы: на палях збіралася каменне, рыхтавалася глеба, ішла сяўба. Добра знаёмы нам, журналістам, ды і, напэўна, чытачам газеты механізатар Сяргей Кубліцкі на сваім МТЗ-3022 быў заняты сяўбой зернебабовых. На яшчэ адным полі зусім нядаўна пасеяў пшаніцу механізатар Сяргей Кезік, а цяпер тут працаваў Віталь Клаўсуць, які выконваў важную работу – прыкатваў насенне. Гэта робіцца для лепшага яго счаплення з глебай, растлумачыў Віктар Драчылоўскі, каб насенне было бліжэй да вільгаці, хутчэй абышло. І яшчэ адзін «плюс» прыкатвання – глыбей да зямлі прыціскаюцца каменьчыкі, якія пазней пры правядзенні палявых работ маглі б пашкодзіць тэхніку. Цікава было даведацца, што гэту тэхніку-каток у гаспадарцы ў свой час зрабілі самі. Усё абмеркаваўшы і прааналізаваўшы з кіраўніцтвам, папрацавалі агранамічная і інжынерная службы гаспадаркі. І вынік гэтай сумеснай працы дае станоўчыя вынікі.

300 гектараў ячменю, 100 – пшаніцы, 70 – аўсу, па 50 – трыцікале і бабовых – такія планы ў працаўнікоў «Нарачанскіх зораў» на сёлетнюю веснавую сяўбу, якая тут распачалася 11 сакавіка. На дзень нашай камандзіроўкі ў гаспадарцы пасеяна была ўжо палова. Сёння, калі нашы падпісчыкі прачытаюць гэту інфармацыю, сяўба ў гаспадарцы хутчэй за ўсё будзе падыходзіць да завяршэння. Пажадаем, каб пасеянае дружна абышло на радасць земляробам!

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries