Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Лыцавіцкім ФАПе зрабілі рамонт

Гаваркая наведвальніца пайшла, і ў кабінеце прыёму Лыцавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта стала ціха.
– Улетку намнога меней наведвальнікаў, – гаворыць фельчар Ганна Баравая. – Гэта зімой і прастуды, і радыкуліты, і ціск павышаны. А цяпер хварэць не хочацца… Можа, што спраў у людзей летам шмат, не прыслухоўваюцца да хвароб…

Ганна Іванаўна на правах загадчыцы праводзіць па зручных, па-сучаснаму абсталяваных кабінетах. Працэдурны, акушэрскі, педыятрычны – цяпер яны адпавядаюць патрабаванням сённяшняга дня. З набыццём населеным пунктам статуса аграгарадка быў зроблены рамонт на ФАПе, набыта новая мэбля.
– Размяшчаецца наша ўстанова ў будынку жылога дома, – расказвае Ганна Іванаўна. – З ужо далёкага 1984 года мы тут.
У тым годзе маладзенькая выпускніца Мінскага медыцынскага вучылішча №2 прыехала па размеркаванні ў Лыцавічы. Ехала і не ўяўляла, як і што будзе на першым месцы работы. Спачатку дзяўчына нават крышку разгубілася ад фронту работ, якія яе чакалі – больш за тысячу чалавек на абслугоўванні, каля трох дзясяткаў дзетак да года. Тут ужо фельчару трэба было пакруціцца!
– Як пайду, бывала, дык на ўвесь дзень, бо тэхнікі ніякай не было, усюды трэба было паспець пехатою, – прыгадвае першыя гады працы Ганна Іванаўна. – Нават перажывала спачатку, што не змагу запомніць усіх людзей. Цяпер жа ўсё тут знаёмае. А нагрузка зараз меншая, вёсачкі, як і ўсюды, старэюць… Цяпер абслугоўваем дзевяць населеных пунктаў, у якіх на пачатак года пражывала 740 чалавек, 127 з іх – дзеці да 18 гадоў і 6 – маленькія да года.
Дзве ўвішныя жанчыны – Ганна Іванаўна ды яе памочніца Інна Іосіфаўна Рогач – працуюць на ФАПе. Работы на дзвюх, канешне ж, хапае, але яны спраўляюцца. Працуюць разам, жывуць непадалёк ды і трапілі ў Лыцавічы, лічы, аднолькава: абедзве прыехалі сюды па накіраванні, тут выйшлі замуж, цвёрда асталяваліся на гэтай зямлі. Як і ўсе вясковыя жыхары, маюць гаспадаркі, шчыруюць на агародах ды «сотках». А на час жніва Ганна Іванаўна нярэдка бярэ чарговы водпуск і ідзе ў памочнікі да мужа-камбайнера. Летась на жніве я ўжо сустракалася з гэтым сямейным экіпажам. Тады, памятаю, праніклася асаблівай павагай да гэтых сціплых людзей. Як ні старалася, а не атрымалася, што называецца, размаляваць іх на газетнай старонцы. І Ганна Іванаўна, і Іван Іванавіч не пажадалі гэтага. Навошта, маўляў, гэта ўвага да нас, мы працуем, як і многія-многія іншыя і робім гэта не дзеля славы. Вось і сёлета, напэўна, выйдзе на жніво гэты экіпаж. І будуць новыя поспехі.
У гэтых штодзённых клопатах знаходзіцца месца і для таго, што называюць сучасным словам «хобі». Для Ганны Іванаўны любімым заняткам, своеасаблівым адпачынкам для душы з’яўляюцца кветкі. І асаблівае месца на падворку – любімым ружам. Ярка-чырвоныя, ружовыя, жоўтыя – яны зараз у поўным росквіце, і цяжка адарваць погляд ад усёй гэтай прыгажосці.
– Многія вырасціла сама з чаранкоў, – падзялілася жанчына. – І ўсе прыжыліся. А ўвогуле, люблю я кветкі, кожную раніцу, адыходзячы на працу, прайду, пагляджу на свой кветнік. І неяк цяплей на сэрцы ад судакранання з прыгожым…
У гэтым я вельмі разумею Ганну Іванаўну. І сапраўды, прыгажосць – вялікая сіла, якая не толькі цешыць вока ды стварае настрой – яна нават лечыць. А Ганне Іванаўне, медработніку, гэта асабліва блізка…
– Нам пашчасціла, што на ФАПе працуе такі кваліфікаваны медыцынскі работнік, – лічыць старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак. – Ёсць у нашай Ганны Іванаўны вельмі важная рыса – яна ўмее беспамылкова ставіць дыягназ. Што скажа, тое пацвярджаецца і ўрачамі ў раёне, вобласці. А гэта ж так важна. Таму цэняць яе і давяраюць ёй людзі.
А гэта, падумалася, самае галоўнае – каб цанілі працу, якую робіш сумленна, ад душы, а галоўнае – для людзей.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries