Свята вёскі Любкі намераны зладзіць яе жыхары ў супрацоўніцтве з Іжскім сельскім Саветам. Як паведаміла адна з арганізатарак свята Вольга Трубач, галоўная ідэя ініцыятывы – сустрэча аднавяскоўцаў: жыхароў, выхадцаў і тых, хто мае ў Любках лецішчы.
«Мы хочам стварыць пляцоўку, дзе ажывуць успаміны, хочам правесці такое настальжы-свята, свята-сустрэчу. Каб людзі змаглі ўспомніць мінулае, адчуць сваю духоўную звязанасць з гэтым месцам. Для «дачнікаў», якіх ужо тут нямала, – гэта магчымасць пачуць гісторыю вёскі з першых вуснаў. Для выхадцаў з Любак – магчымасць акунуцца ў дзяцінства і маладосць. Для саміх жыхароў – зразумець, што вёска і надалей будзе жыць. Чакаем і гасцей, усіх тых, хто жадае яшчэ заспець спараўдную беларускую вёску без сучасна пластыкавага антуража «, – эмацыянальна распавяла дзяўчына.
Па словах арганізатаркі, гасцей свята чакае фотавыстава, складзеная са здымкаў з любэцкіх сямейных архіваў, экскурсіі ад мясцовых жыхароў па адметных (для экскурсавода) мясцінах Любак. На дзіцячай пляцоўцы бабулі і дзядулі навучаць малых гульням і забавам свайго дзяцінства.Таксама будзе зладжаны спеўны сход, дзе ў якасці салістаў выступяць бабулі з суседніх Каралеўцаў.
Падаецца, будзе цікавай і прэзентацыя мапы «Любкі: сядзібы і ваколіцы», дзе будуць нанесены ўсе аўтэнтычныя вясковыя назвы.
«Яшчэ будзе праведзены майстар-клас па вілейскіх танцах. Ужо ёсць папярэдняя дамова з віляйчанкай Зінаідай Губаравай-Крупскай, якая ведае каля сотні танцаў, і знакамітым вілейскім цымбалістам Іванам Валынцом», – паведаміла Вольга.
Арганізатары запрашаюць наведаць Любкі і нагадваюць, што асабісты унёсак на агульны стол (а як жа без бяседы) вітаецца.
Ирина ТРУБАЧ