Вось і ў дзень, калі рэдакцыйная машына выехала ў гаспадарку, работа кіпела ў Лявонавічах, непадалёк ад фермы, дзе закладваўся сянаж.
Пах скошанай травы.Кожны раз, калі адчуваю яго, міжволі вяртаюся ў думках у далёкае дзяцінства, калі раніцою насіла бацьку снеданне на сенакос. Ішла на поле, здалёк бачыла на ім касцоў, якія, выстраіўшыся адзін за другім, пакідалі за сабою роўныя пракосы. І дурманіў-ап’яняў пах толькі што скошаных лугавых траў… Вось і цяпер, бываючы на полі, дзе шчыруюць ужо не касцы, а кормаўборачная тэхніка, удыхаю ні з чым не параўнальны водар і зноў у думках вяртаюся ў дзяцінства…
Але ж вернемся ад лірычнага адступлення да канкрэтыкі. На тэрыторыі лявонавіцкай фермы на дзень нашага прыезду ішло запаўненне правяленай травяной масай адной з дзвюх траншэй – тут будзе сянаж. Другая траншэя, пакуль што пустая, чакае свайго часу, яна запланавана пад сілас.
– Загадчыца фермы Людміла Вербіловіч прымае прадукцыю, узважвае яе, – расказваў пра тое, што робіцца ля фермы, галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Лучанок. – Яно так і трэба, каб бачыла ўсё і ведала, колькі кармоў закладзена ў траншэю. Ёй жа карміць затым жывёлу.
Як падзяліўся Уладзімір Міхайлавіч, сёлета дзве гаспадаркі – «Алая зара» і «Усходні-агра» – на час корманарыхтоўкі скаапераваліся, стварыўшы нешта накшталт талакі. Агульнымі намаганнямі ў найкарацейшыя тэрміны закладваюць траншэю ў адной гаспадарцы, затым – гэтак жа аператыўна ў другой. Так, лічуць спецыялісты, сянаж будзе належнай якасці, што вельмі важна для жывёлы, якая будзе спажываць гэты корм. Таму кантроль і за тэрмінамі закладкі (траншэю закладваюць за 3-4 дні), і за захаваннем рэжымаў вільготнасці і тэмпературы тут строгі. Як і за належнай трамбоўкай правяленай масы, што таксама вельмі важна.
– Трамбуем кругласутачна, – расказаў Уладзімір Лучанок, – захоўваючы ўсе тэхналагічныя патрабаванні. Дзяжурны спецыяліст заўсёды наглядае за працэсам і ўначы.
Адзначыўшы тых, хто заняты на корманарыхтоўцы (а гэта ўжо вядомыя чытачам газеты механізатары Ігар Чайкоўскі, Павел Бабарыка, вадзіцелі Уладзімір Ярмоленка, Мікалай Пагуда, Сяргей Броўка, Аляксандр Стрэж), галоўны аграном не стаў працягваць пералік, бо ўсе працаўнікі, адзначыў, працуюць старанна, не лічачыся з часам. І стымул у іх ёсць – дастойная зарплата, якая распрацавана, дарэчы, сумесна з «Усходнім», па адзіных расцэнках.
У дзень, калі мы пабывалі ў Лявонавічах, плячо ў плячо з працаўнікамі мясцовай гаспадаркі «Алая зара» шчыравалі механізатары і «Усходняга-агра». Наш фотакарэспандэнт «выхапіў», як завіхаліся ля тэхнікі Ігар Крот, Мікалай Паўловіч, Іван Станкевіч… У гэту гарачую ва ўсіх сэнсах пару ніхто з іх, герояў гэтага матэрыяла , не дзеліць работу на сваю і чужую, не зважае на тэрытарыяльныя рамкі – робіцца вялікая і надзвычайная важная для ўсіх справа.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Ход полевых работ в сельскохозяйственных организациях Вилейского района на 8 июня 2016 года