Праводзіць сустрэчы з вясковымі старастамі, актывам у Іжскім сельсавеце стала добрай традыцыяй. На днях адбылося чарговае такое мерапрыемства, на якім пашчасціла прысутнічаць і мне. На сустрэчу з вяскоўцамі прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, дырэктар раённага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Вілейскі водаканал» Аляксандр Міна, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Садоўскі, памочнік урача-эпідэміёлага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іна Сушко.
Знайшоў час, каб абмеркаваць з землякамі надзённыя пытанні і кіраўнік мясцовай гаспадаркі ААТ «Чурлёны» Пётр Міргалоўскі. Сабраліся на сустрэчу актывісты нават з няблізкіх населеных пунктаў – з дастаўкай дапамог школьны аўтобус. Сельская інтэлігенцыя, працаўнікі гаспадаркі, святар, супрацоўнікі міліцыі – усе гэтыя людзі розных узростаў аб’яднаны галоўным – неабыякавасцю,гаспадарскімі адносінамі да роднага краю і зямлі бацькоў, дзе жыць і працаваць іх нашчадкам. Якой будзе Іжаншчына праз пяць, дзесяць гадоў? А гэта залежыць ад тых, хто гаспадарыць тут сёння.Бо і гаспадары ж, згадзіцеся, бываюць розныя…
Размова пачалася з таго, як і чым жыве сёння Вілейшчына, якіх паказчыкаў дасягае ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Пра гэта расказала прысутным Наталія Радзевіч. Не ідэалізуючы становішча спраў, яна не толькі паведаміла пра рэаліі, але і падкрэсліла моманты, якія не могуць не радаваць. Так, сёлета назіраецца рост нараджэнняў у раёне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года – і гэта ўсяляе аптымізм. Цёпла гаварыла Наталія Аляксандраўна пра сельскіх стараст, якіх мы нездарма называем галоўнымі людзьмі на вёсцы. Жадае быць лепшым стан дарог, просяць рамонту некаторыя прыпыначныя пункты і замены – дарожныя знакі – гэтым таксама падзялілася старшыня раённага Савета дэпутатаў. І пра гаспадарскія адносіны да вулічнага асвятлення, пра вываз смецця, сабак, што часам бегаюць без нагляду, – таксама. Наталія Радзевіч папярэдзіла вяскоўцаў ад самапраўнага будаўніцтва, што можа закончыцца не толькі штрафам, але і зносам узведзенай пабудовы. У такіх справах без дазволу сельвыканкама не абысціся.
Інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Садоўскі расказаў прысутным пра сітуацыю, якая склалася ў раёне з пажарамі. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць вырасла, што трывожыць. Вось і нядаўні выпадак у Паняцічах, калі па віне дачніцы згарэлі гаспабудовы і жылыя дамы, сведчыць пра тое, што многія яшчэ не ўсвядомілі ўсю небяспеку агню. Каб падобнага не здаралася, Яўген Садоўскі нагадаў правілы супрацьпажарнай бяспекі, якія павінны выконвацца кожным.
Утрымліваць прылягаючыя тэрыторыі ў чысціні – гэта асноўнае правіла,выканання якога патрабуюць спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. На гэтым спынілася і памочнік урача-эпідэміёлага Іна Сушко.
Ці выконваюцца ўсе належныя патрабаванні на Іжаншчыне? Мясцовая ўлада і актыў робяць усё для таго, каб выконваліся. Так, пасля сумнавядомага факта ў Паняцічах, супрацоўнікі сельвыканкама, старасты і актывісты прайшлі па ўсіх населеных пунктах сельсавета, пагутарылі з кожным гаспадаром. Некага папярэдзілі і адвялі час на выпраўленне становішча,некаму проста растлумачылі, а кагосьці пахвалілі за парадак і гаспадарлівасць.
Загаварылі пра адзінокіх людзей, якім нярэдка патрабуецца дапамога. І ім дапамагаюць. Толькі, як ведае з практыкі старшыня сельвыканкама Валянціна Навасёлак, адзінокімі людзі нярэдка бываюць пры жыцці, а пасля іх смерці блізкія іншы раз такія «разборкі» пачынаюць за тую бацькоўскую хатку… І гэта заўвага Валянціны Уладзіміраўны прагучала напамінкам усім тым дзецям, якія забыліся, што недзе ў вёсачках адзінока жывуць іх нямоглыя мамы ці таты…
У рабоце мерапрыемства ўдзельнічаў кіраўнік вілейскага водаканала, сустрэчы з якім актыў быў вельмі рады. Як адзначылі выступаючыя, пытанне перадачы водазабеспячэння Лыцавічаў і Іжы на баланс гэтага прадпрыемства падымаецца даўно. І вось у бліжэйшы час яно павінна вырашыцца. Аляксандр Міна расказаў пра тую работу, якая будзе папярэднічаць перадачы, а таксама патрабаванні водаканала, якія трэба выканаць. У прысутных знайшліся пытанні да Аляксандра Мікалаевіча, на якія ён падрабязна адказаў.
Слухаючы выступленні і бурныя абмеркаванні набалелых пытанняў, міжволі параўнала гэтую сустрэчу з нейкай важнай сямейнай нарадай. Толькі блізкія людзі, неабыякавыя да агульных сямейных праблем, могуць так горача, шчыра шукаць шляхі іх вырашэння. Заключэнне дагавораў на вываз смецця, прафілактычная работа па супрацьпажарнай бяспецы, нядобранадзейная сям’я, добраўпарадкаванне – пра ўсё гэта гаварыла з веданнем справы не толькі старшыня, але і кожны са старастаў. Пастанавілі добраўпарадкаваць да Вялікадня кожны могільнік – і гэта вельмі правільна. Вялікі фронт работ па навядзенні парадку ў чурлёнскім парку – без ваганняў намецілі для сябе гэту важную работу. Няхай сабе не за адзін і не за два суботнікі даб’юцца жадаемага выніку, але ж ён некалі будзе, абавязкова будзе.
Адным з самых паважаных старшыняў сельсаветаў назвала Валянціну Навасёлак старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. На Іжаншчыне, падкрэсліла яна, столькі зроблена і робіцца па навядзенні парадку! І трэба бачыць, як масава выходзяць тут на суботнікі, як старанна працуюць. Мусіць, нейкія асаблівыя людзі тут жывуць… Працавітыя, нераўнадушныя, якія памятаюць свае карані. Магчыма, і так. Ды ўсё ж і з кіраўніком мясцовай улады іжанцам ой як пашанцавала… І гэта, мусіць, пацвердзіць кожны, хто ведае Валянціну Навасёлак. Цэняць і любяць яе людзі, а яна – іх. Вось і на гэтай сустрэчы мудрая Валянціна Уладзіміраўна не стала называць канкрэтныя прозвішчы, выдзяляць лепшых з лепшых, адзначаючы іх старанне і поспехі. Яна з вялікай падзякай звярталася да ўсяго актыву аднадумцаў, сваіх паплечнікаў. І гэта, думаецца, вельмі правільна, бо менавіта калектыў, а не адзін чалавек, здольны рабіць сур’ёзныя справы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара