Год малой радзімы ўпэўнена крочыць па краіне. Вельмі добра, што людзі ўслаўляюць свой край, родныя і мілыя мясціны свайго дзяцінства, людзей, якія жывуць побач. А колькі цікавых і памятных мясцін ёсць у нашай краіне! І аб гэтым усім расказваюць нашы музеі, якія з’яўляюцца адукацыйным цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
На вясенніх канікулах нам давялося наведаць старажытны горад Нясвіж. У Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа прайшоў першы абласны форум «Школьныя музеі Міншчыны: традыцыі і інавацыі», прысвечаны Году малой радзімы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі народных музеяў, створаных ва ўстановах агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установах абласнога падпарадкавання, а таксама музеі, якія прадставілі дакументы на прысваенне звання «народны». Ад нашай школы ў форуме прымалі ўдзел два кіраўнікі народных музеяў: аўтар гэтых радкоў і Шабуня Наталля Іванаўна.
Там мы мелі магчымасць дазнацца пра інтэлектуальны і адукацыйны патэнцыял музеяў, пра нацыянальныя скарбы, якія захоўваюцца ў фондах, пра праекты, падрыхтаваныя музеямі Міншчыны для сваіх наведвальнікаў.
Былі вызначаны чатыры намінацыі: «Стэндавая абарона экспазіцый музея», «Віртуальны музей», «Лепшы музейны прадмет», «За вернасць прафесіі». Кожны з удзельнікаў цікава абараняў сваю намінацыю, дзяліўся вопытам. Мы, ільянцы, выступалі ў намінацыі «Віртуальны музей».
Напрыканцы форума лепшых чакалі ўзнагароды. Сярод іх дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны і наш музей «Вілейшчына літаратурная» ў намінацыі «Віртуальны музей».
Акрамя таго мы пазнаёміліся з гісторыяй Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа падчас экскурсіі ў музей. Нас вітаў ансамбль каледжа «Нясвіжскія лыжкары», які добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў СНД.
Радасна, што ёсць яшчэ шмат энтузіястаў, якія збіраюць па крупіцы, захоўваюць і перадаюць нашчадкам памяць пра гісторыю свайго краю, садейнічаюць выхаванню ў маладога пакалення любві і павагі да сваіх каранёў, сваёй зямлі, сваёй Бацькаўшчыны.
Валянціна ЕРАШОНАК, кіраўнік музея «Вілейшчына літаратурная» ДУА «Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця».
Фота прадстаўлена аўтарам