Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У іх вачах адлюстроўваецца жыццё…

Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Тут знаходзяць цяпло і спагаду тыя, хто па волі лёсу абдзелены ласкай і доглядам блізкіх. Нямоглыя, адзінокія людзі, за плячыма якіх столькі перажыта-адпакутавана (і гэта адлюстроўваецца ў іх вачах), трапляюць сюды, у інтэрнат, і паступова адтайваюць душой. З гэтага часу пачынаецца новы этап у іх жыцці – у чысціні, цяпле, пад наглядам.

Ірына Гайчук у доме-інтэрнаце амаль два дзясяткі гадоў. Калі не лічыць некалькіх месяцаў яе працы на колішнім ФАПе ў Рэчках, гэта ў яе адзінае працоўнае месца. У свой час ёй, вясковай дзяўчыне, вельмі захацелася стаць медработнікам, каб дапамагаць хворым людзям. Закончыўшы школу, Ірына паступіла ў Маладзечанскае медвучылішча, атрымала прафесію фельчара. У далёкім ужо 1998-ым прыйшла ў сацыяльную ўстанову, каб дапамагаць яе насельнікам. Прыйшла – і засталася.

– Прывыкла, усё мне тут блізкае, – расказвае Ірына Мяфодзьеўна. – Прыязджаю ўранні, а яны, мае бабулькі і дзядулькі, ужо чакаюць. Адным трэба памераць ціск, другім – змераць тэмпературу, трэцім яшчэ нейкія працэдуры патрэбны, а то і проста хочацца ім пагутарыць, расказаць штосьці, успомніць мінулае. І што ж зробіш, трэба людзей выслухаць, падтрымаць. А што датычыць непасрэдна маіх абавязкаў, то спраў хапае: у нас жа, акрамя ўсяго, і ляжачыя людзі ёсць, і тыя, каго трэба накіраваць да ўрачоў у раён. І так штодня.

Рабочы дзень Ірыны Мяфодзьеўны пачынаецца ў восем гадзін. Да гэтага часу ёй трэба дабрацца да Куранца з Крывога Сяла, дзе жыве.

– Найгорш зімою, – дзеліцца яна, – бо езджу на працу на веласіпедзе. Прывыкла ўжо за столькі гадоў, ніякіх праблем: села і паехала. Вось толькі ў завею ды вялікі мароз трэба дабірацца неяк інакш. Ды гэта больш як выключэнне, з веласіпедам развітваюся толькі ў самыя неспрыяльныя дні.
Працу ў доме-інтэрнаце лёгкай не назавеш. Не столькі фізічна складана, колькі маральна, бо кантынгент тут асаблівы. Хворым, адзінокім, пакрыўджаным лёсам, надломленым рознымі жыццёвымі выпрабаваннямі людзям патрэбны індывідуальны падыход і асаблівая ўвага. І персанал установы – ад кіраўніка да санітаркі – стараецца рабіць усё для таго, каб кожны насельнік інтэрната адчуваў сябе тут камфортна. Вось, напрыклад, адзін са старажылаў установы Часлаў Саўчыц знаходзіцца тут з самага яе заснавання. Добразычлівага, вясёлага, яго тут любяць і паважаюць, і ён адказвае акружаючым тым жа. А ўзяць Вячаслава Валынца, які за некалькі гадоў, што жыве ў інтэрнаце, таксама стаў тут сваім. З ім, вясёлым, гаваркім, любяць паразмаўляць і насельнікі, і персанал інтэрната.

– Мы – нібыта адна вялікая сям’я, у якой добра ведаюць характар і звычкі кожнага, – расказвае Ірына Мяфодзьеўна. – І жыццёвыя гісторыі кожнага са сваіх падапечных ведаем, як падтрымаць і падняць настрой – таксама.

Па-рознаму, расказала мая суразмоўца, прыязджаюць людзі ў інтэрнат: адны – з нейкімі сваімі няхітрымі пажыткамі, з абразамі, якія з любоўю вешаюць ля свайго ложка ў пакоі; другія – нават без прыстойнага адзення. Нейкі час прыглядаюцца, прывыкаюць да жыцця ў чысціні, цяпле і доглядзе, і вось ужо цяжка пазнаць у чысценькай бабульцы ці дзядулі тых адзінокіх людзей. Праз пэўны час яны ад сэрца дзякуюць персаналу за клопат і нават шкадуюць, што не папрасіліся сюды раней.

Так склалася, што мне нярэдка даводзіцца бываць у доме-інтэрнаце: разам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і самадзейнымі артыстамі прыязджаем, каб павіншаваць насельнікаў установы са святамі, парадаваць іх падарункамі. Заўсёды бачым, як старанна выконваюць свае няпростыя абавязкі людзі, якія тут працуюць. І ў чарговы раз ловіш сябе на думцы, што трапляеш у сям’ю. Вялікую, сапраўдную, бо тут паважаюць і клапоцяцца пра старых і нямоглых.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіва Ірыны ГАЙЧУК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries