У рамках плана мерапрыемстваў да Года малой радзімы напачатку мая ў Даўгінаўскай сярэдняй школе адбылася цікавая сустрэча. Па запрашэнні настаўніцы гісторыі Наталіі Пятроўны Пташнік да нас прыехаў вядомы краязнаўца, аўтар «Даўгінаўскага летапісу», Аляксандр Плавінскі.
У актавай зале сабраліся вучні і педагогі – аматары гісторыі, якіх цікавіць і хвалюе лёс сваёй малой радзімы. Пасля прывітальнага слова Наталіі Пятроўны і ўступнага верша вучня трэцяга класа Бяльковіча Сцяпана да трыбуны выйшаў Аляксандр Стэфанавіч. Сустрэча пачалася адказамі госця на пытанні настаўнікаў і вучняў. Нам вельмі цікава было даведацца, што Аляксандр Стэфанавіч родам з вёскі Латыгаль Вілейскага раёна. У школьныя гады ён быў выдатнікам вучобы, закончыў школу з залатым медалём, асабліва цікавіўся хіміяй і перамагаў ва ўсіх этапах прадметнай алімпіяды аж да ўсесаюзнага ўзроўню! Па спецыяльнасці ён вучоны-хімік, удзельнічаў у распрацоўках лекавых прэпаратаў супраць раку і СНІДу. Але лёс распарадзіўся так, што з цягам часу Аляксандр Плавінскі абраў кар’еру ваеннага і зараз працуе ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь у воінскім званні падпалкоўніка. Усе адказы на пытанні былі лаканічнымі, дакладнымі, якраз для дзіцячай і моладзевай аўдыторыі.
Госць расказаў нам, што цяга да краязнаўства перадалася яму ад бацькі – настаўніка гісторыі (дарэчы, выразкі з артыкулаў Стэфана Плавінскага пра Даўгінава захоўваюцца ў нашым кабінеце гісторыі). Безумоўна, пачаў свае даследаванні Аляксандр Стэфанавіч з роднага Латыгаля, вывучаў багатую гісторыю Ільі, Даўгінава, зараз працуе над летапісам Вязыні. Нас вельмі ўразіла, колькі інфармацыі, гістарычных дат і прозвішчаў захоўваецца ў памяці гэтага чалавека, адданага сваёй любімай справе!
Паколькі піянерская дружына Даўгінаўскай СШ носіць імя Мікалая Кісялёва, то нас цікавіла менавіта тая частка Даўгінаўскага летапісу, якая распавядае пра гэтага славутага дзеяча – савецкага палітрука, камандзіра партызанскага атрада «Перамога», які ў 1942 годзе выратаваў жыццё 247 яўрэйскім жыхарам мястэчка Даўгінава, вывеўшы іх за лінію фронту. З прэзентацыі, прапанаванай нашым госцем, мы зразумелі, што многія факты, якія былі вядомы нам раней, аказаліся не зусім праўдзівымі. Таму наша шчырая падзяка Аляксандру Плавінскаму, які так дасканала вывучаў архівы, успаміны відавочцаў і адлюстраваў у сваім летапісе гістарычную праўду. Аляксандр Стэфанавіч падзяліўся з намі эксклюзіўнымі матэрыяламі аб подзвігу Мікалая Кісялёва, падараваў школе «Даўгінаўскі летапіс» з аўтографам, адказаў на шматлікія пытанні вучняў і настаўнікаў.
Асоба Аляксандра Плавінскага застанецца ў памяці вучняў і педагогаў Даўгінаўскай школы прыкладам таго, як важна цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы, мінулым сваёй сям’і, свайго роду, на доўгія гады.
Крысціна АКСЮЧЫЦ, Аляксандр МАШОНСКІ, вучні 10 класа Даўгінаўскай СШ.
Фота прадстаўлена аўтарамі