У пачатку лютага ў Даўгінаўскай сярэдняй школе адбыўся фінал традыцыйнага конкурсу “Вучань года”, які быў прымеркаваны да 155-гадовага юбілею ўстановы адукацыі і Дня беларускай навукі ў рамках Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь. Абсалютным пераможцам конкурсу стаў вучань 11 класа Яскевіч Дзяніс, які з’яўляецца выдатнікам вучобы, пераможцам раённага і абласнога этапаў алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізіка” на працягу трох гадоў, удзельнікам і пераможцам раённага і абласнога конкурсу работ вучняў даследчага характару, конкурсу “Энергамарафон”, конкурсаў тэхнічнай творчасці, актыўным удзельнікам спартыўных спаборніцтваў, творчай асобай, членам раённага Моладзевага парламенту. А яшчэ – гэта надзейны сябар, добразычлівы чалавек, станоўчы прыклад для ўсіх вучняў у паводзінах і старанні, аўтар лепшага партфоліа.
Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў актавай зале школы ва ўрачыстай абстаноўцы. У аргкамітэт конкурсу паступіла 20 заявак ад вучняў 2-11 класаў і столькі ж аформленых у творчай форме партфоліа. Па ўмовах конкурсу пераможцам мог стаць той вучань, які мае высокую паспяховасць па вучэбных прадметах, узнагароды за перамогі і ўдзел у разнастайных конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, спаборніцтвах. Акрамя гэтага важнае значэнне мае ступень удзелу ў грамадскім жыцці школы, разнастайных праектах, мерапрыемствах, акцыях.
Лаўрэатамі конкурсу сталі 19 вучняў, яны былі ўзнагароджаны ў наступных намінацыях: “Разумнікі і разумніцы” (Пратасевіч Аляксандр, Віркоўская Валерыя, Красоўская Кацярына), “Інтэлект і творчасць” (Ляшковіч Анастасія, Седая Дзіяна, Кароль Мацвей), “Спартыўны п’едэстал” (Гапановіч Яўгеній, Зарэцкі Ягор, Анкуда Арцём), “Паспяховы дэбют” (вучні пачатковых класаў Сакалоўскі Антон і Жаўток Марыя), “Надзея школы” (Бяльковіч Лізавета, Каралёва Алеся, Сяліцкая Ганна, Паплёўка Анастасія, Скадыня Дзіяна, Томкавіч Ілья), “Лепшае партфоліа” (Пратасевіч Софія і Аксючыц Крысціна). Усе лаўрэаты конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі.
Кульмінацыйным момантам цырымоніі стаў зварот Вучня года-2017, Яскевіча Дзяніса, да аднагодкаў і малодшых таварышаў, які яны слухалі, затаіўшы дыханне. Пераможца ў ненадакучлівай форме патлумачыў прысутным, што трэба выкарыстоўваць кожны ўрок, кожны момант, які яны праводзяць у школе, каб атрыманая інфармацыя стала іх унутраным здабыткам. На цікавых прыкладах Дзяніс даказаў прысутным вучням, што можна бесперапынна ўдасканальвацца з дапамогай наяўных у кожнага сродкаў: смартфонаў, гаджэтаў, камп’ютараў… Што заўсёды трэба імкнуцца ўверх, нягледзячы на тое, дзе ты жывеш і што з табой адбываецца. Канешне ж, Дзяніс выказаў словы ўдзячнасці сваім бацькам і педагогам, якія былі побач з ім на працягу шэрагу гадоў і дапамагалі на нялёгкім шляху да поспеху.
Напрыканцы цырымоніі дырэктар установы адукацыі Навуменка І.Н. аб’явіў, што ўсе вучні Даўгінаўскай школы і іх законныя прадстаўнікі змогуць у бліжэйшы час пазнаёміцца з прадстаўленымі на конкурс партфоліа на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах і пачаць працу над зборам уласных дасягненняў і ўзнагарод, таму што конкурс працягваецца. Ён чакае новых імёнаў!
Дзмітрый МАШОНСКІ, вучань 11 класа Даўгінаўскай СШ