Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Даўгінаўскай школе прайшоў прадметны Тыдзень пачатковых класаў

Многа цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў чакала пачаткоўцаў Даўгінаўскай сярэдняй школы напрыканцы студзеня падчас традыцыйнага прадметнага Тыдня пачатковых класаў.
Тыдзень пачаўся ў панядзелак з тэлеперадачы “Сняжынкі ведаў”, на якую ўсіх вучняў пачатковых класаў гасцінна запрасілі другакласнікі і іх класны кіраўнік Манулік М. Л. У студыі прысутнічалі каманды “Морозко”, “Снежинка” ,“Зимушка” і гледачы. Конкурсныя заданні выбіралі самі ўдзельнікі каманд, трапляючы імправізаванай снежкай у сняжынкі. Удзельнікі каманд даказалі, што яны разумныя і здольныя дзеці і ўмеюць сябраваць. Але гульня ёсць гульня. І ў ёй бываюць і пераможцы, і пераможаныя. Перамагла каманда “Зимушка». Усе атрымалі медалі, адпаведныя месцу, і салодкія падарункі.

У аўторак адбыўся конкурс малюнкаў “Добрым быць зусім-зусім няпроста”, якому папярэднічала абмеркаванне на класных гадзінах пытанняў правілаў паводзін, этыкету, сітуацый “ Жыццё дадзена на добрыя справы, учынкі”. І малюнкі сапраўды атрымаліся прыгожыя і змястоўныя!
У сераду настаўніца Седая І. К. і яе чацвёртакласнікі запрасілі на пасяджэнне Клуба Вясёлых Матэматыкаў “У царстве кемлівасці”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з вучняў 2 – 4 класаў “Знайка” і “Умейка”. Кожны ўдзельнік змог праявіць свае здольнасці і ўменне разгадваць матэматычныя рэбусы, сумесна рашаць складаныя і цікавыя лагічныя задачы, адказваць на пытанні бліц-турніра. З задавальненнем успаміналі прыказкі і прымаўкі з лічбамі, тлумачылі сэнс крылатых выразаў. А ўдзельнікі конкурсу капітанаў Кухта Даніла і Азаркевіч Раман праявілі крэатыўны падыход у сваіх адказах. Усе прысутныя азнаёміліся з нумералогіяй як навукай, дзе кожнае імя мае свой лік, атрыманы пры пераводзе літар імя ў лічбы. І на працягу мерапрыемства даведаліся пра характарыстыкі імёнаў. З невялікім адрывам перамагла каманда “Умейка”.
А ў наступныя дні гасцей прымалі самыя маленькія вучні, першакласнікі, і іх настаўнік Навуменка Г. І. Яны падрыхтавалі конкурсна-забаўляльную праграму “Казка запрашае ў госці”. Ізноў спаборніцтвы. Дзве каманды “Калабок”і “Рэпка” паказалі веданне беларускіх народных казак, уменне размаўляць на роднай мове. Асабліва спадабаўся дзецям конкурс “Візажысты”, дзе вучні размалёўвалі партрэт Бабы Ягі, змянялі ёй прычоску, накладвалі макіяж, каб яна ператварылася ў прыгажуню. Але найбольш запомніліся конкурсы “А ну, дагані” і “Эстафета Бабы Ягі”. Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі салодкія пачастункі.

Педагог-арганізатар Красоўская Г. Л. правяла ўрок-гульню “Па старонках Чырвонай кнігі”, які пашырыў кругагляд дзяцей, пазнаёміў з жывёламі і раслінамі Чырвонай кнігі, з птушкай 2016 года – гогалем. Цікавым быў удзел у разнастайных і цікавых конкурсах: “Збяры мазаіку”(з выявамі жывёл Чырвонай кнігі”), конкурс капітанаў (рашэнне экалагічных задач), “Крыжаванка”, “Блытаніна”. У конкурсе ілюстрацый вучні малявалі і абаранялі знакі на тэму “Беражы прыроду”. І зноў узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў.
Асабліва сімвалічным у Год культуры стала свята “Да здравствует вежливость и доброта”, падрыхтаванае вучнямі 3 класа і настаўнікам Мурашкай А. В. Нязменным спадарожнікам свята з’яўлялася Сонейка, якое спачатку было спахмурнелым, і яго патрэбна было развесяліць сваімі ведамі і добрымі ўчынкамі, хоць гэтаму перашкаджалі “хуліганы”. Дзеці чыталі прыгожыя вершы, адказвалі на пытанні-задачы, гулялі ў гульні “Даскажы слоўца”, “Ветліва-няветліва”, “Не памыліся, калі ласка!”, разыгрывалі і абмяркоўвалі інсцэніроўкі на веданне матэматыкі, успаміналі і тлумачылі прыказкі аб дабрыні, асноўныя правілы ветлівасці, складалі “Слоўнік ветлівых слоў”.
Школьная субота ў рамках тыдня пачатковых класаў запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак на спартыўна-забаўляльнае свята “Гуляем разам”, дзе дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў Пратасевіча І. А. і Старычонка У. А. паказалі спрыт і таварыскасць, лоўкасць і хуткасць. А самае галоўнае – бадзёрасць духу!
Тыдзень праляцеў імгненна, надоўга пакінуўшы зарад энергіі і добрага настрою ўсім яго ўдзельнікам: вучням, педагогам і бацькам. А галоўным прыярытэтам пасля наведаных мерапрыемстваў для ўсіх нас у 2016 годзе няхай стануць глыбокія веды, здаровы лад жыцця і культура зносін.
Вольга САДОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Даўгінаўскай сярэдняй школы.

Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries