Пра тое, што ў ААТ «Чурлёны» «зялёнае жніво» ідзе поўным ходам, зразумелі, калі пад’язджалі да Іжы. Тут было тое звыклае для гэтай пары ажыўленне: па дарозе сустракаліся нагружаныя зялёнай масай машыны і трактары, якія неўзабаве, ужо з пустымі кузавамі, зноў бралі курс на палеткі, дзе гула кормаўборачная тэхніка. І плыў над палямі водар свежаскошанай травы, такі знаёмы з дзяцінства і ап’яняльна-настальгічны. Міжволі ўсплывалі на памяць радкі з дзіцячага верша пра касу, якой касіць «пакуль раса»… Праўда, не тыя ўжо сёння косы, ды і маштаб іншы, а вось сутнасць тая ж – касавіца, «зялёнае жніво»…
У дзень нашага прыезду ў гаспадарку асноўныя корманарыхтоўчыя работы вяліся ў Іжы, дзе начальнікам участка больш за тры дзясяткі гадоў працуе Уладзімір Дрозд. Ураджэнец гэтых мясцін, ён усё сваё жыццё шчыруе на зямлі бацькоў, жыве адвечнымі хлебаробскімі клопатамі. Працаваць сярод сваіх людзей, быць іх кіраўніком – і проста, і складана адначасова. З аднаго боку, ведаеш кожнага працаўніка, яго прафесіяналізм, чалавечыя якасці і карані; з другога – патрабавальныя адносіны кіраўніка і падначаленых (хоць і землякоў, суседзяў), дысцыпліна быць павінны – гэта адно са складаемых поспеху. Пра ўсё гэта разважалі з Уладзімірам Уладзіміравічам, беручы курс з мехдвара да сянажнай траншэі ў Іжы. Так атрымалася, што пачыналі знаёмства з ўсім ланцужком корманарыхтоўчага працэсу і яго ўдзельнікамі з завяршаючай аперацыі – трамбоўкі сянажнай масы. Тут, на яме, як даступна і проста называюць вяскоўцы траншэю, у гэты дзень працавалі на магутных трактарах Алег Лягень і Міхаіл Аўдзей.
– Трамбуем круглыя суткі, пазменна, – растлумачыў Уладзімір Дрозд. – Выкарыстоўваем кожную пагодлівую гадзіну. А як жа інакш – кармы… Тут дзяжураць па графіку спецыялісты, якія сочаць за захаваннем тэхнікі бяспекі, супрацьпажарных патрабаванняў.
Сёлета, зазначыў наш субяседнік, як і ў іншых гаспадарках, у «Чурлёнах» травы таксама не такія, якіх хацелася б, і гэта «дзякуючы» недахопу вільгаці, на якую вясна была скупой. І тым з большай адказнасцю трэба аднесціся да касавіцы, каб назапасіць і па-гаспадарску спарадкаваць вырашчаныя травы. Вось і стараюцца працаўнікі гаспадаркі, каб запоўніць сянажныя траншэі, нарыхтаваць у дастатку кармоў для жывёлы.
Далей наш шлях ляжаў да ўрочышча «Вароніна гняздо» (на Іжаншчыне, дарэчы, некалькі ўрочышчаў з адметнымі назвамі), дзе ішлі работы на стогектарным полі злакавых траў. Недзе за два дні, адзначыў Уладзімір Дрозд, корманарыхтоўшчыкі ўбралі тут люцэрну, і мы сустрэліся з імі практычна на завяршаючай стадыі работ. Тут на КВК «Палессе» працаваў наш добры знаёмы Сяргей Ганчароў, а на адвозцы зялёнай масы былі заняты не меней вядомы Пётр Іватовіч і малады, але перспектыўны Максім Кабак. Толькі што закончыўся абед (гаспадарка двойчы корміць працаўнікоў поля), і механізатары з добрым настроем браліся за справу.
– А цяпер паглядзім непасрэдна касьбу, – акрэсліў наш далейшы шлях Уладзімір Дрозд. – Ва ўрочышчы «Беразавік» механізатары Сяргей Місюль і Аляксандр Верамей косяць злакавыя. Працуюць пазменна: адзін – з раніцы, другі – да абеда. Пры спрыяльным надвор’і па сто гектараў у дзень скошваюць.
Мінулі вёсачку Калодкі і пад’ехалі да поля. Магутны «Беларус-3522» з касой, на якім шчыруюць працаўнікі, плаўна падплыў да ўскрайку поля і прыпыніўся. Якраз была перазменка, і механізатары пакуль што былі ўдвух: Аляксандр, які адпрацаваў зранку, што называецца, перадаваў эстафету Сяргею – дзяліўся, як яму адпрацавалася і на што звярнуць увагу. Усяго некалькі хвілін пагутарылі мы з механізатарамі пра настрой, надвор’е і касьбу – на большае часу не гублялі. Зноў загудзеў і крануўся магутны трактар, пакідаючы пасля сябе акуратны пракос. А мы скіраваліся да ўрочышча «Ляўкова», дзе таксама ішлі корманарыхтоўчыя работы. Тут працаваў на сваім КЗР Валерый Урага. Да здрабняльніка пад’язджалі, змяняючы адно аднаго, машыны і трактары, якія адвозілі масу да сянажнай траншэі. Вось і маладога вадзіцеля Аляксандра Казановіча, які працуе на МАЗе, сустрэлі на полі. Хлопец з мясцовых, нядаўна адслужыў у арміі і працуе ў роднай гаспадарцы. Прыгожа глядзелася поле ўжо са скошанай травой, па якой гаспадарамі важна хадзілі буслы…
Механізатара Валерыя Рогача, які працуе на трактары «Беларус-1221.2» з граблямі сустрэлі падчас пераезду з аднаго поля на другое. Пагутарылі і зарадзіліся ад гэтага чалавека часцінкай аптымізму і нейкай гаспадарлівай разважлівасцю.
– Надзейны працаўнік, добры чалавек, – пацвердзіў Уладзімір Дрозд. – Наш, мясцовы, з працавітага роду. Бацькі, бабуля з дзядулем – усе працавалі і працуюць у нашай гаспадарцы. Адказныя, сумленныя людзі, вось і сын такі.
Падумалася, што ў гэтым – у каранях і пераемнасці пакаленняў – сакрэт поспеху не толькі хлебаробскай, а і кожнай справы.
Як паведаміў галоўны аграном ААТ «Чурлёны» Леанід Холад, на 6 чэрвеня ў гаспадарцы было ўбрана ўжо больш паловы траў першага ўкосу. «Зялёнае жніво» ў гаспадарцы ў разгары.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ