Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У цесным тандэме – бацька і сын

Прыкладаў, калі падчас жніва камбайнерамі становяцца людзі самых розных прафесій, мы ведаем нямала. Вось і інжынер-электрык свінакомплекса філіяла «Даўгінава» Дзмітрый Грабянёк у гарачы час уборачнай пайшоў у водпуск і выкарыстаў гэты час на працу ў філіяле «Юнік-агра» памочнікам камбайнера. Чаму ён так вырашыў?

– Сын Вадзім працаваў у гэтай гаспадарцы старшым камбайнерам, а я пайшоў яму дапамагаць, – так даходліва і проста адказаў Дзмітрый Генадзьевіч на гэта пытанне. – Трэба сказаць, што для мяне гэта не новая справа – васямнаццаць сезонаў адпрацаваў на ўборачнай у ААТ «Сцешыцы». Спачатку – на «Ніве», затым атрымаў «Ліду». Сын, дарэчы, з малых гадоў захапляўся тэхнікай, любіў назіраць, як я працую. А ўжо пазней, калі Вадзіму споўнілася шаснаццаць, ён быў у мяне памочнікам. Так што наш тандэм склаўся даўно.
Для Дзмітрыя Грабянька, які жыве з сям’ёй у Сцешыцах, магчымасць папрацаваць у «Юнік-агра» дарагая яшчэ і тым, што і ён сам, і яго жонка Святлана Віктараўна родам з Забалацця. Тут яны раслі, тут пакахалі адно аднаго. А пасля Святлана, выпускніца педагагічнай навучальнай установы, атрымала накіраванне ў Сцешыцкую школу. Тут і асталяваліся. У Сцешыцах нарадзіліся, выраслі і выбралі жыццёвыя шляхі іх дзеці: дачка Насця атрымала прафесію інжынера-праекціроўшчыка і працуе ў сталіцы, удала сумяшчае работу і завочную вучобу сын Вадзім, які набывае прафесію інжынера ў БАТУ. Яго жонка Вольга да дэкрэтнага працавала бухгалтарам у ААТ «Сцешыцы», а зараз знаходзіцца дома з двухмесячнай Евай. У разгар сёлетняй уборачнай убачыла свет дачушка маладога камбайнера, і тым больш значным стала для яго гэтае жніво.

Больш за тысячу тон збожжа без уліку рапсу намалацілі на КЗС-1218, які адпрацаваў дзясяты сезон, бацька і сын Грабянькі. Працавалася, адзначаюць, добра, бо ўжо адразу бачылі, што вынік будзе дастойны.

– Магу адзначыць таксама належную арганізацыю ўсяго працэсу, асабліва адладжа-
ную адвозку збожжа ад камбайнераў, – падзяліўся Дзмітрый Грабянёк. – Гэта ўсё надзвычайна важна.

У гэтыя дні героі гэтай публікацыі заняты сваімі справамі: Дзмітрый Генадзьевіч працуе на свінакомплексе, Вадзім, што называецца, грызе граніт навукі, папаўняе багаж ведаў на чарговай сесіі ў вышэйшай навучальнай установе. А якія планы на перспектыву, ці стануць бацька і сын гэтакім жа дружным дуэтам і на наступнай уборачнай? На гэтае пытанне Дзмітрый Генадзьевіч адказаў мнагазначна: час пакажа. Мне ж пачулася за гэтым сваё: абавязкова.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries