Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У атмасферы даверу і цяпла

Сцешыцкая школа сустрэла параўнальнай цішынёй (была другая палова дня, і заняткі ўжо закончыліся), чысцінёй і парадкам, той прыемнай адметнасцю сельскай школы, калі ўсе дзеткі і ў двары, і ў калідоры вітаюцца нават з незнаёмымі людзьмі.

Ва ўтульнай аўдыторыі сабраўся педагагічны калектыў на сустрэчу з важнымі і чаканымі гасцямі: дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталіяй Жыбуль і намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Святланай Дзяруга.

У цёплай і добразычлівай атмасферы праходзіў дыялог сцешыцкіх педагогаў з уладай. Прыемна, што ў пачатку сустрэчы Святлана Дзяруга пацікавілася тым, як працуецца ў калектыве маладому спецыялісту. Сёлета ў школу прыйшла настаўніца хіміі і біялогіі Святлана Путро, выпускніца пятай гарадской школы. Маладая настаўніца задаволена, як прынялі яе ў калектыве, жыллёвымі ўмовамі. А старэйшыя калегі, у сваю чаргу, задаволены ёю: і як настаўнікам, і як актыўным арганізатарам разнастайных школьных мерапрыемстваў, яе маладым задорам і агеньчыкам творчасці. «Дзеці яе любяць і цягнуцца да яе», – ці не самая галоўная ацэнка дзейнасці маладога спецыяліста, якую дала ёй дырэктар установы Іна Кабановіч.

На сустрэчы гаварылася не толькі аб прыемным, але і аб тым, што хвалюе сельскіх педагогаў. Ды, урэшце, і ўсіх жыхароў аграгарадка. Так, задаваліся пытанні наконт дрэннай якасці вады ў Сцешыцах; наракалі на неналежны стан дарог, па якіх школьны аўтобус штодня падвозіць дзяцей з навакольных вёсак; назвалі канкрэтны адрас – вуліца Дзяржынскага ў Сцешыцах, дзе ўтварылася вялікая яма, што небяспечна для дзяцей… А яшчэ закранулі і пытанне «з барадой»: на тэрыторыі школы даўно ляжыць нядзеючая воданапорная вежа, дэмантаваць якую мясцовая гаспадарка не ў сілах. А гэта вельмі небяспечна для дзяцей, таму настаўнікі пільна сочаць, каб яны не гулялі ў гэтым месцы. Як убраць жалезабетоннага «велікана» са школьнай тэрыторыі?

Усе пытанні і прапановы, што прагучалі падчас сустрэчы, былі занатаваны, з імі разбяруцца і ў адведзены заканадаўствам час дадуць людзям адказы.

З цікавасцю слухалі педагогі выступленні Святланы Дзяруга (яна паведаміла пра тое, чым сёння жыве раён, больш падрабязна спынілася на сацыяльнай сферы, за якую адказвае) і Наталіі Жыбуль, якая расказала прысутным пра вельмі важную для грамадства дзейнасць дэпутатаў і спынілася на некаторых канкрэтных законах, над якімі ёй, разам з іншымі, даводзілася працаваць. На сустрэчы гаварылі таксама пра вольны час падлеткаў, сельскія дыскатэкі, сямейнае выхаванне і многае іншае. Прыемна было чуць ад дырэктара школы падзячныя словы ў адрас калектыву ААТ «Сцешыцы» і непасрэдна кіраўніка Ігара Багданава, які разумее школьныя праблемы, цесна супрацоўнічае з установай, па магчымасці ёй дапамагае. На такой пазітыўнай ноце і закончылася гэта цёплая і плённая сустрэча, якая паказала, чым і як жыве сёння вёска і акрэсліла канкрэтныя праблемы, над якімі трэба працаваць.

На здымку: Святлана Дзяруга (злева) і Наталія Жыбуль у час сустрэчы.

Ірына БУДЗЬКО.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries