Ад 7 студзеня пачынаюцца зімовыя Святкі – Каляды. Доўжацца яны ажно да Вадохрышча,
19 студзеня. Нашы продкі звязвалі з гэтымі днямі самыя чароўныя, незвычайныя і нават містычныя падзеі. Божыя пасланнікі, сакральныя госці – менавіта так казалі пра калядоўшчыкаў. Людзі лічылі, што праз іх можна заручыцца падтрымкай Нябёсаў
і забяспечыць сабе здароўе і дабрабыт на ўвесь год.

Так, у аграгарадку Вязынь 7 студзеня на вёску выйшаў гурт калядоўшчыкаў – удзельнікаў вакальнага калектыву «Нравіца» Вязынскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Чарток.
Калядоўшчыкі хадзілі ад двара да двара і ладзілі жартоўныя сцэнкі, а кожны гаспадар імкнуўся шчодра аддзячыць ім традыцыйнымі беларускімі прысмакамі. Асабліва стараліся задобрыць Казу – галоўнага з персанажаў каляднага гурту. Без сала ды каўбасы «рагатую» не адпускалі, бо верылі: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць, а дзе каза мінае – там шчасця не бывае».
Дзяўчаты-калядоўшчыцы Таццяна Маскевіч, Алена Мандрык, Алена Суднік, Алена Нарэйка, Наталля Чарток унеслі святочны настрой і радасць у кожную хату. У маладосці так калядавалі і мы, а цяпер з задавальненнем сустракаем нашых маладых прадаўжальнікаў добрых традыцый. Удачы вам і радасці!
Яніна ГАЛУБОЎСКАЯ, жыхарка агр. Вязынь