Ёсць свая адметнасць у сенакосным часе. Калі надыходзіць першы ўкос – лета яшчэ толькі пачынае ўзыходжанне да вяршыні найбольшага сонцастаяння. Яшчэ дыхаюць прахалодай світанкі. А ад скошаных траў вее духмяным водарам канюшыны. Гэта спаконвечная гаспадыня сенажацей заўсёды знаходзіць сабе месца ў разнатраўі лугоў і пашаў. На распрасцёртым перад сасновым борам урочышчам Панурка адбываецца маштабная дзея пад назваю «сенакос». Задзейнічаны чатыры кормаўборачныя камбайны, два трактары з валкаўтвараючымі граблямі і дзесяць адзінак тэхнікі, якія адвозяць здробненую травяную масу да сянажнай траншэі.
– Паўлавіч, «задні бор» скасіў, цяпер куды ехаць? – выразна гучыць мужчынскі голас з трубкі мабільнага тэлефона галоўнага агранома адкрытага акцыянернага таварыства «Чурлёны» Леаніда Холада.
– Валера патэлефанаваў, з касой працуе, – каментуе званок Леанід Паўлавіч. Каб арыентавацца, механізатары ўмоўна падзялілі Панурку на карты: задні бор, за канавай, за мастом…
Некалі тут былі балотныя мясціны, дзе буялі дзікія травы, а на купінах сярод моху блішчалі буйныя пацеркі журавін. Меліярацыя зрабіла сваю справу, ператварыўшы балоты ў сенажаці. Сёння Панурка і Беразавік, ахінутыя сеткай меліярацыйных каналаў, – бадай, галоўныя пастаўшчыкі травяных кармоў для грамадскага статку акцыянернага таварыства. На іх і завіхаецца кормаўборачны атрад. З раніцы ўстрымаліся дажджы. І валкі ўжо бачна прасохлі.
– Будзем падбіраць, – дае каманду аграном. – І на пакосы, дачакаўшыся свайго часу, кіруюцца кормаўборачныя агрэгаты са здрабняльнікамі, у суправаджэнні грузавой тэхнікі.
У кабіне МТЗ «30-22», які возіць за сабой прычэп са здробненай масай, – Міхаіл Ганчароў, чарнобыльскі перасяленец. Хоць цяпер тут яго ўжо ніхто так і не называе. Прыжыліся, акліматызаваліся Ганчаровы на чурлёнскай зямлі. Самі яны – краснапольскія. Калі рвануў рэактар, выехалі з зоны адсялення ўсёй сям’ёй. Міша тады, праўда, служыў тэрміновую. Вярнуўся да бацькоў, ужо ў новыя мясціны. Бацькі пасяліліся ў Зольках. Тут ім гаспадарка выдзеліла жыллё. Сам ён уладкаваўся трактарыстам, пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай. Згулялі вяселле – і маладая сям’я атрымала дом сядзібнага тыпу ў Лыцавічах, цэнтральнай сядзібе таварыства. Застаўся ў гаспадарцы і Сяргей, яшчэ адзін з чацвярых сыноў Ганчаровых. Менавіта ад яго «КЗРа» і адвозіць сёння Міхаіл здробненую сянажную масу.
«Чурлёны» – узбуйненая гаспадарка. Уражваюць сваімі памерамі і сенакосныя угоддзі: каля 1450 гектараў траў спланавана ўбраць падчас першага ўкосу. І ён ужо практычна завяршаецца.
– Сянаж у асноўным закладваем з тарфянікаў, – тлумачыць галоўны аграном. – Травы неблагія. Вясной, як і належыць, падкармілі кармавыя ўгоддзі азотам. Дзе «Расу» пусцілі, а па травах першага года залужэння з «РУМ»-ам прайшлі. Не чакалі, пакуль трава вымахае. Касьбу пачалі рана. Затое атрымалі якасны сянаж, і з тэрмінамі не запазніліся.
Каля фермы ў Мулярах ужо закрыта адна траншэя, другая закладзена каля жывёлагадоўчага комплекса “Мака-рычы”. Закладка трэцяй пачалася ў Засценках. Першыя тоны зялёнай масы прасуе «К-700», у кабіне якога – Вячаслаў Сліжэўскі. Бясконца з урочышча Панурка прыбывае тэхніка, гружаная зялёнкай. Механізатар і не спрабуе заглушыць трактар. Кармавы канвеер дзейнічае ў напружаным рытме.
– Імкнемся найхутчэй завяршыць першы ўкос, – тлумачыць гэту бачную напружанасць Леанід Холад. – Хутчэй адрасце атава і да жніва можна будзе справіцца і з другім укосам. Пры такім надвор’і ўпаўне дастаткова месяца для выспявання травы.
– Вы маеце на ўвазе цяпло і вільгаць?
– Безумоўна. Парніковы эфект.
Каля трох тысяч умоўных галоў жывёлы стануць на зімоўку ў акцыянерным таварыстве «Чурлёны». Для іх запланавана нарыхтаваць 18 тысяч тон сенажу і такі ж аб’ём сіласнай масы. Абяцае неблагі ўраджай кукуруза. Маецца 160 гектараў люцэрны і плануецца пасеяць 100 гектараў проса на корм. Такая структура пасяўных угоддзяў, якія створаць аснову кармавога рацыёну жывёлы.
А работы на сянажнай траншэі не спыняцца нават ноччу. Кормавытворцы гатовы да-кладна захоўваць тэхналогіі, каб павысіць прадуктыўнасць пагалоўя і тым самым стварыць эканамічную бяспеку таварыства.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара