Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цывілізацыя па-селішчанску

На сартыровачнай пляцоўцы бульбаўборачнага камбайна ўжо адчуваецца дыханне восені. Але жанчыны завіхаюцца так спрытна, вокамгненна аддзяляючы «зерне ад смецця», што кастрычніцкі вецер ніколькі не шкодзіць іх працоўнаму імпэту. На Латыгальскім вытворчым участку ўнітарнага прадпрыемства «Новая Вілія» сёння завяршаецца ўборка бульбы.

– Гектар мо які застаўся, – канстатуе начальнік участка Міхаіл Буткевіч. – А тут у нас сапраўдны працоўны дэсант.
Над узаранымі бульбакапалкай барознамі схіліліся прадстаўнікі раённага цэнтра занятасці. Трэба IMG_6534сказаць, што на восеньскіх палетках, і не толькі ў «Новай Віліі», яны – чуць не асноўная ўдарная сіла. А на камбайне – работніцы завода «Зеніт» Зоя Грынкевіч, Алена Стрэж, Вольга Ермаковіч, Наталля Слуцкая. Расказваюць, што гэта камбайнавае турнэ па латыгальскіх палетках – справа для іх прывычная. З пачаткам уборкі гародніны і клубняў завод штодня пасылае працоўныя дэсанты ў гаспадаркі раёна. У якасці разліку – натураплата. Таму назапасілі і моркву, і бульбу. «Новая Вілія» ўвогуле гароднінаводчая гаспадарка. – Буракі сталовыя, 7 гектараў, ужо ўбралі і забыліся, каменціруе Міхаіл Буткевіч набыткі свайго ўчастка, –Ссправіліся і з моркваю. А вось з капустаю не вельмі спяшаемся.
Міхаіл Мікалаевіч, заатэхнік па спецыяльнасці, аднак як вопытны аграном расказвае пра асаблівасці развіцця гэтай культуры ва ўмовах сёлетняга года. Спякота замаруджвала рост качаноў. Сфарміраваліся яны толькі месяц таму. Яшчэ растуць, нарошчваюць сабе вагу. А вось з моркваю не пралічыліся. Не наразалі барозны, садзілі насенне ў роўны, «як шкло», грунт і тым збераглі для яго больш вільгаці. Наш суразмоўца пералічвае тых добраахвотных памочнікаў з IMG_6538горада, якія з пачатку восені шчыравалі на латыгальскіх палетках: акрамя вышэйназваных, завод буддэталей, Вілейскі прафесійна-тэхнічны і Ільянскі каледжы, «Мінскводаканал», гімназія № 1 «Логас». Некаторыя, як ААТ «Буддэталі», прыбывалі на поле адразу са сваёй тэхнікай. А гэта немалое для гаспадаркі падспор’е ва ўборачны сезон.
Гародніна ж – гэта штодня цяпер жывыя грошы. Кожны дзень аўтамашыны адвозяць яе на кірмашы – у Вілейку і суседняе Маладзечна. Людзі інтэнсіўна вядуць нарыхтоўкі. І прадукцыя ідзе нарасхват. Заказваюць яе школы, дзіцячыя садкі. З тэлефонных званкоў кліентаў пачынаецца і імі заканчваецца працоўны дзень дыспетчара Наталлі Будай. Яна, мусіць, адзін з найбольш інфармаваных у гаспадарцы людзей і свайго роду каардынатар.
– Калі набылі спецыялістам мабільныя тэлефоны, адразу адчулі выгоды цывілізацыі, – усміхаецца Наталля Сяргееўна. І для яе, і для Міхаіла Буткевіча стала лёсам гэта зямля. Наталля, праўда, не з мясцовых, але ў Селішчы, цэнтры «Новай Віліі», жыве амаль усё сваё жыццё. Прыехала сюды з сям’ёй, калі муж быў прызначаны на пасаду ўчастковага. А Міхаіл нарадзіўся ў Петрашове, IMG_6545маленькім хутары з некалькіх хацін. Адслужыў тэрміновую, скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум – і знайшоў прытулак на роднай зямлі.
– Аляксандр Клімёнак, трактарыст, з гонарам дэманструе камбайн, на якім працуе ўжо трэці сезон. Ён – механізатар шырокага профілю: і ядахімікаты пад культуры ўносіць, і на сеялцы працуе, і з акучнікам. Тэхніка ў яго руках – што гадзіннік, – не ўстрымліваецца ад пахвалы ў адрас свайго лепшага трактарыста Міхаіл Буткевіч.
Гародніннасховішча – асобнае вытворчае падраздзяленне прадпрыемства. І гаспадыняю тут – Валянціна Петрусевіч. Сховішча, узведзенае згодна самых сучасных тэхналогій, здольна забяспечыць якаснае захаванне гародніны на ўвесь сезон. І сёння тут кіпіць работа. Гародніна IMG_6548сартыруецца, часткова загружаецца ў кузавы аўтамашын для наступнага гандлю, часткова адпраўляецца на захаванне. У памочніках Валянціны Іванаўны, акрамя пастаянных работнікаў – прадстаўнікі «Мінскводаканала» і мясцовыя пенсіянеры. Тамару Голубеву, Валянціну Шуставу, Анастасію Шчуцкую, Галіну Гамолку вы бачыце на гэтым фотаздымку. З імі, як і з пастаяннымі работніцамі – Таццянай Лясковай і Вольгай Ванецкай (занатаваны момант іх сумеснай працы) мы сустракаліся і летась. І зноўку чуем пра тое, што сезонная работа на сховішчы – гэта яшчэ і важкі прыбытак да іх пенсіі.
– Падзякуйце ўсім, хто нам сёння дапамагае, – просіць дырэктар прадпрыемства Сяргей Красоўскі. – Не толькі за капейку ды натураплату людзі працуюць, а за сумленне. Выконваю просьбу кіраўніка «Новай Віліі».
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries