Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тон задаюць сямейныя экiпажы

У адзін і той жа дзень намалацілі першыя тысячы тон збажыны два камбайнавыя экіпажы з адкрытых акцыянерных таварыстваў «Нарачанскія зоры» і «Новая Вілія».

Прыемнае супадзенне: абодва экіпажы – сямейныя, у складзе іх працуюць бацькі з сынамі.

Пра перадавікоў з «Нарачанскіх зораў» Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў мы ўжо расказвалі ў адным з нядаўніх нумароў. А ў мінулы чацвер мы пабывалі на полі ля вёскі Мікуліна, дзе працаваў перадавы экіпаж Пятра і Яўгена Седых з ААТ «Новая Вілія».

Павіншаваць лідараў у гэты дзень прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Завацкі, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Зубель, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Лук’янава, самадзейныя артысты.

Яўген – адзін з траіх дзяцей Пятра Вячаслававіча і Ірыны Казіміраўны Седых. Дзве дачкі жывуць у гарадах, часта наведваюцца да бацькоў з унукамі. Такія моманты, адзначыў Пётр Вячаслававіч, заўсёды чаканыя і радасныя. Яно і зразумела, бо збіраюцца самыя дарагія і блізкія.

Сын пасля заканчэння каледжа не спяшаецца пакідаць родныя мясціны, працуе плячо ў плячо з бацькам. Разам – на працу, разам – дадому, і, відаць па ўсім, ім добра і спакойна ад таго, што побач блізкі і надзейны чалавек. Таму і ладзяцца справы.

З першай перамогай – тысячай намалочанай збажыны – герояў жніва цёпла і сардэчна павіншавала кіраўніцтва, уручыўшы граматы, падарункі ад райкама прафсаюза АПК і ад раённага аб’яднання прафсаюзаў, кветкі. А таленавітыя артысты парадавалі музычнымі падарункамі. І вось яна, таблічка з лічбай «1000», на кабіне камбайна, а працавіты экіпаж пачаў адлік другой тысячы.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries