У мінулую суботу адбылася тэматычная праграма «Хата з матчынай душой», падрыхтаваная супрацоўнікамі Людвіноўскай школы і Людвіноўскага Дома культуры. Мерапрыемства праходзіла ў школе і было прысвечана Году малой Радзімы: гаварылі пра родную хату, пра продкаў, пра рэчы, якімі карысталіся нашы дзядулі і бабулі.
Апошнім часам мы ўсё часцей звяртаемся да сваёй духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Гэта ж яны на працягу стагоддзяў «ляпілі» нас, нашых сяброў, блізкіх людзей, нашых сучаснікаў. З людзьмі мінулага нас звязвае духоўная і крэўная сувязь. Трэба цікавіцца гісторыяй, культурай сваёй радзімы, каб захаваць іх, прынесці ў дар нашым нашчадкам. Каб разабрацца ў саміх сабе…
А спадчына гэта вельмі багатая: архітэктура, жывапіс, музыка, народныя абрады, прыкметы і павер’і. Цікава ўявіць сабе тое, як жылі нашы продкі: як выглядалі двор, хата, прадметы побыту ў ёй.
Ёсць такая легенда: чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з дому, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся… Дый як жа не азірнуцца, калі:
Парог, высечаны з успамінаў,
Астаўся за мной;
Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,
Асталіся за мной;
Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх,
Асталіся за мной;
Хата, пакрытая крыламі ластавак,
Асталася за мной;
Як жа не азірнуцца назад, нават
калі б я застыў слупом солі?
Восем падлеткаў, разам з гледачамі, азірнуліся ў мінулае, завіталі ў хату да нашых продкаў. Аказалася, вельмі цікава!
Лілія ПРАТАСАВА, Людвіноўскі СДК