Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тэхнiка не падвяла

Гэта канстатаваў галоўны інжынер ААТ “Нарачанскія зоры” Віктар Гакуць, гаворачы пра ўборачную кампанію, і дадаў: “І людзі спрацавалі выдатна”.

І гэта сапраўды так – якасна, аператыўна прайшло жніво ў “Нарачанскіх зорах”, і гэта ў многім дзякуючы дагледжанай, своечасова адрамантаванай тэхніцы. Вельмі важна, каб яна не падводзіла, і кожны камбайнер ведае, колькі каштуе ў гарачую пару нават гадзіна, ужо не кажучы пра дзень, прастою з-за паломкі.

Віктар Гакуць ведае ўсё гэта не з чыіхсьці слоў – сам прайшоў у гаспадарцы добрую школу да таго, як стаў галоўным інжынерам. Працоўны стаж Віктара Станіслававіча тут пачаўся ў 1989 годзе, калі ён прыйшоў працаваць загадчыкам гаражоў. Быў на гэтай пасадзе, але кожнае жніво на працягу 27 гадоў садзіўся на камбайн, станавіўся непасрэдным удзельнікам важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі. А ў памочніках у яго ўсе тыя гады былі спачатку пляменнік, а пасля і сын Віктар, які зараз таксама працуе ў гаспадарцы механізатарам. Дарэчы, жонка Віктара Станіслававіча, Ларыса Аляксандраўна, таксама тут знайшла прымяненне сваім сілам і ведам – яна бухгалтар. Такая вось працавітая дынастыя Гакуцяў у Нарочы.

Жыць клопатамі гаспадаркі, добрасумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі, памятаючы, што ад гэтага залежаць працоўныя поспехі іншых людзей і ўсёй гаспадаркі – такімі прынцыпамі кіруецца Віктар Гакуць. І вынікі яго добрасумленнай шматгадовай працы дастойныя і належным чынам ацэньваюцца. Вось і сёлета ён названы пераможцам раённага конкурсу сярод сваіх калег з гаспадарак Вілейшчыны. Заслужаная ацэнка самаадданай працы сумленнага чалавека.

– Якімі клопатамі жывём сёння? – паўтарыў маё пытанне суразмоўца і, не раздумваючы, адказаў: – Нарыхтоўкай сіласу, уборкай кукурузы на зерне, сяўбой азімых, ворывам, унясеннем угнаенняў – усімі тымі справамі, якімі заняты вяскоўцы ў гэтую пару.

І сапраўды, увосень, кажуць, работ восем. А то і болей. І вельмі важна, каб тэхніка, выконваючы іх, працавала надзейна.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіву Віктара ГАКУЦЯ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries