Бясконцая далеч прастораў – узараных і ўжо зазелянелых ад дружных усходаў; сілуэт трактара недзе ўдалечыні; і над усім гэтым – блакітнае неба і яркае сонца – менавіта такія малюнкі з натуры назіраеш, калі праязджаеш шляхамі-дарогамі раёна. Праўда, неба без хмурынкі і сонейка – гэта ў ідэале, нябеснай канцылярыі не пакамандуеш, таму вяскоўцы ведаюць, як распарадзіцца пагодлівай хвілінай кожнага дня.
У ААТ «Новая Любанія» мы прыехалі раніцой. Напярэдадні надвор’е было сонечным, а ў гэты дзень зранку нават пакапваў дробны дожджык. На шчасце, толькі папалохаў. На мехдвары было пуста – тэхніка ўжо выйшла на палі. У дыспетчарскай сустрэлі галоўнага агранома гаспадаркі Івана Дземянкова. Малады чалавек зусім нядаўна працуе ў гаспадарцы, як і яе кіраўнік Арцём Віннік, з якім мы не сустрэліся – яго выклікалі ў раён. Урэшце, сустрэчы з маладымі кіраўнікамі яшчэ наперадзе, не адзін раз будзем паказваць клопаты вяскоўцаў і на сяўбе, і на ўборачнай, і ў зімова-стойлавы перыяд.

Неўзабаве рэдакцыйная машына ўжо трымала курс на Цынцавічы, дзе на полі працаваў на сваім трактары вядомы не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне механізатар Уладзімір Апанасёнак. Газета неаднаразова пісала пра гэтага шчырага працаўніка, які нямала гадоў назад пераехаў з сям’ёй на Вілейшчыну, што стала ім другой радзімай. Уладзіміра Францавіча кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды адзначае ў ліку перадавікоў. Вось і цяпер вопытнаму механізатару даверана рыхтаваць поле пад кукурузу. Тут ужо ўнесена, як і належыць, арганіка і неўзабаве ў па-гаспадарску апрацаваную глебу ўпадзе зерне, каб дружна прарасці, набрацца сіл і даць багаты ўраджай.
– Сёлета ў нас запланавана пасеяць кукурузу на 600 гектарах, – расказаў Іван Дземянкоў. – Вось, як бачыце, работы ідуць. У гэты час заняты і яшчэ адной важнай справай – пасадкай бульбы. Пры плане заняць ёю 70 гектараў на сёння ўжо маем недзе гектараў пяцьдзясят. На бульбе ў нас працуе яшчэ адзін вопытны механізатар – Алег Акуньковіч.

Бульбяны палетак гаспадаркі размяшчаецца ля вёскі Тураўшчына. Тут мы і сустрэліся з працаўнікамі, што заняты зараз сур’ёзнай справай.
– Я ў гаспадарцы ўжо восем гадоў, – падзяліўся Алег Акуньковіч, – а на пасадцы бульбы заняты другі сезон. Работа спорыцца. Неўзабаве ўжо і закончым. Вунь і памочніцы мае, Таццяна Гардзей і Іна Козел, стараюцца, каб роўненька і акуратна клаліся клубні. Ад гэтага ж таксама залежыць ураджай.
Жанчыны на пасяўным агрэгаце заківалі, пацвярджаючы словы механізатара, і нават крышачку разгубіліся ад добрых водгукаў у свой адрас.
Да размовы далучыўся брыгадзір участка Алег Адамовіч. Так атрымалася, што ў свой час бацькі маладога чалавека памянялі гарадскую прапіску на сельскую – пераехалі з Маладзечна ў Любань. Вось і працуе цяпер Алег у мясцовай гаспадарцы. З веданнем справы расказаў ён нам пра гатункі бульбы, насенне якіх сёлета выкарыстоўваецца ў «Новай Любаніі», пра надвор’е, спадзяванні. Што ж, няхай усё намечанае збудзецца, і аддзячаць любанскія палеткі сваім гаспадарам шчодрым ураджаем. Гэта будзе пасля. А пакуль – сеем…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА