Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сяўба на фоне добраўпарадкавання

І гэта акалічнасць аказала адпаведны ўплыў на настрой людзей, надаўшы звыкламу будзённаму фону дня атмасферу святочнасці. Уладзіміру Мамаю, па ўзросту чуць не самаму маладому, а па спрыту і кемлівасці – аднаму з лепшых механізатараў падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы», выпала ў мінулую суботу перасяваць плошчы з-пад азімага рапсу. Усходы прыхапіў мароз – і на пакрытае бурай цвіллю поле балюча глядзець хлебаробу. Парадокс у тым, што парасткі выпырхваюць з-пад снегу зялёнымі, але ўжо з пашкоджанымі каранямі. І спакваля губляюць колер, жаўцеюць, распластваюцца на зямлі ссохлымі далонямі, не пакідаючы ў душы сейбіта надзеі на аднаўленне. Але поле не павінна пуставаць. І хутка тут зарунеюць усходы яравога ячменю. Сёння Уладзімір Мамай на сваім «Беларусе», счэпленым з пасяўным агрэгатам, завяршае перасеў.
– А далей што?
На полі пад Вайдзенямі–Далей буду трасці арганіку, рыхтаваць палетак пад бульбу, – Уладзімір абводзіць поглядам расхінуты пад шчодрым красавіцкім сонцам далягляд. Палеткі ў падсобнай гаспадарцы дагледжаныя, выдаюць умельства сапраўдных гаспадароў. Тут традыцыйна захоўваюцца ворыўныя тэхналогіі, вопыт якіх сталыя механізатары перадаюць пачынаючым хлебаробам. Вялікую ролю адыгрывае выкарыстанне абаротных плугоў, – лічыць дырэктар райаграсервіса, у склад якога ўваходзіць падсобная гаспадарка «Асіпавічы», – Аляксандр Бядрыцкі. Ён не ўпускае моманту, каб яшчэ раз не адзначыць працу сейбітаў – і тут, і ў падсобнай гаспадарцы «Дружба», «Талуці». У апошніх механізатары далёка не маладыя, многія дасягнулі пенсійнага ўзросту. Як, напрыклад, вядомы ўжо чытачам па папярэдніх нашых публікацыях Іван Гержатовіч. Але прыходзіць час сяўбы – і неспакойная хлебаробская душа рвецца ў поле, каб зноўку пакінуць на ім свой прыкметны след. Так было летась, так ёсць сёння, і так будзе не адзін яшчэ год. Пакуль рунее палетак, спее колас і найвялікшым дарункам зямлі прыходзіць у кожную хату хлеб.
Каманда галоўнага бухгалтараА да адданых людзей і адносіны павінны быць належныя, – лічаць у аграсервісе. Уражваюць умовы, створаныя для механізатараў на мехдвары «Асіпавіч». Камфортным бытоўкам, абсталяваным пад дахам майстэрні, можа пазайздросціць любое іншае сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна. Тут – не толькі акуратнасць і зручнасць, тут – стыль, гармонія і камфорт. Сучасным аддзелачным матэрыялам абшыты столь і сцены, набыты шафы для спецадзення. Абсталяваны душ, туалеты. Літаральна ў хатняй утульнасці можна папіць чаю. І не з выпадковых, патрэсканых кубкаў. Густоўны чайны сервіз, графін з вадой і шклянкамі – усё сведчыць аб павазе да чалавека, які сёння, не лічачыся з асабістым часам, увесь аддаецца рабоце.
Першай сяўбу пачала «Дружба». Пад Вайдзенямі і сёння палетак праблемны.
– Бачыце, там можна сажалку рабіць, – кіраўнік падсобнай гаспадаркі Аляксандр Альфер ківае на паласу чорнай, з люстраным адлівам, вады. Туды, вядома, нельга патыкацца з тэхнікай. А на астатніх плошчах, паабапал прасёлкавай дарогі, поўным ходам ідуць палявыя работы.
– Унеслі фосфарныя ўгнаенні, азотныя, калійныя ў глебе яшчэ з восені. – загінае пальцы аграном Мікалай Шаўцоў. – Пасля чызельнага культыватара пусцілі «АКШ-6». І сёння завяршаем перасеў ячменем загінуўшых азімых. Сорт «Гонар», першая рэпрадукцыя, норма высеву – 250 кілаграмаў на гектар, – дэманструе Мікалай Мікалаевіч сваю прафесійную дасведчанасць. У прыдарожным хмызняку грукае тапор – гэта механізатары высякаюць «меткі» для разваротнай паласы. Адлегласць у дзве сеялкі ад ускрайку поля да агрэгата павінна быць захавана.
– Рыхтуем перазалужэнне, – мы яшчэ на адным аб’екце суботняга дня, у ваколіцах вёскі Падклённе. Аляксандр Альфер мае на ўвазе спынены побач з ворывам «Беларус-2522″. Яго гаспадар Юрый Чайкоўскі дазволіў сабе абедзенны перапынак, бо падаспела сталовая на колах. І рупная раздатчыца Надзея Прахіна запрасіла на абед. Падклённе толькі завецца вёскай. Ад усяго паселішча тут застаўся адзіны хутарок з немаладога веку гаспадыняй. Яна аднак яшчэ і карову трымае, і цяля мяркуе гаспадарцы прадаць. “Ты яе хоць кармамі забяспеч», – мімаходзь кідае кіраўніку «Дружбы» дырэктар аграсервіса. Падумалася, што да гэтай тэмы іншым разам трэба абавязкова вярнуцца. Расказаць пра сілу чалавечых звычак, моц характару, прывязанасць да каранёў і сэнс жыцця, які мы, бывае, шукаем зусім не там, дзе ён ёсць. І дзе яму належыць быць.
…На добраўпарадкаванне фермы «Кавалі» вырушыла ўся адміністрацыя райаграсервіса. «Глаўбух і яе каманда» – канкрэтызуе Аляксандр Бядрыцкі. Жанчыны варушаць граблямі смецце, збіваючы яго ў кучы. Перыметр выгульнага двара ачышчае «Амкадор». Спакваля тэрыторыя набывае належны санітарны выгляд з прэтэнзіяй на густ. Надаюць ёй адпаведны каларыт дзве кветкавыя клумбы: адна – ўнутры двара, другая – перад уваходам у жывёлагадоўчае памяшканне. На яго дзвярах – заклік, які выклікае добрую настальгію: «Усе – на суботнік!». Відавочна, перажываючы такое ж пачуццё, яго і ўстанавіў тут аматар-мастак, які пажадаў застацца невядомым.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries