Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сярод удастоеных нагруднага знака “За заслугі ў сельскай гаспадарцы” ёсць і віляйчане

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і харчавання Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь выдадзены загад аб узнагароджванні лепшых працаўнікоў-аграрыяў нагрудным знакам “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”. Так адзначаны важкі ўклад гэтых людзей у развіццё сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы.

Сярод удастоеных нагруднага знака ёсць і віляйчане. Гэта галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Нарачанскія зоры” Віктар Драчылоўскі і дырэктар Вілейскага філіяла (райплемстанцыі) рэспуб­ліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Мінскае племпрадпрыемства” Людміла Зінкевіч.

Больш за тры дзясяткі гадоў працуе галоўным аграномам на Вілейшчыне Віктар Драчылоўскі. Пачынаў яшчэ ў калгасе “ХХІ з’езд КПСС”, сёння ведаем гэту гаспадарку як адкрытае акцыянернае таварыства “Нарачанскія зоры”. Высокапрафесіянальны спецыяліст, Віктар Уладзіміравіч унёс значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны. Яму характэрны здольнасць прагназаваць і планаваць, арганізоўваць і каардынаваць работу падначаленых, маштабнае мысленне і бачанне перспектывы развіцця сельскай гаспадаркі. Па выніках работы за дзевяць месяцаў бягучага года ў гаспадарцы нарыхтавана 46188 тон травяных кармоў, у тым ліку 21119 тон сіласнай масы, 23806 тон – сянажнай, 1263 тоны сена.

У час правядзення сёлетняй уборачнай кампаніі ў гаспадарцы намалочана 9005 тон зерня, а ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур склала 52,4 цэнтнера з гектара. У 2010 годзе Віктар Драчылоўскі быў прызнаны лепшым аграномам з занясеннем у кнігу Гонару працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Міншчыны. За сумленную працу і высокія паказчыкі неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі дыпломамі і граматамі Мінскага аблвыканкама і Вілейскага райвыканкама.

З красавіка 2009 года ўзначальвае Вілейскую райплемстанцыю Людміла Зінкевіч. Як і належыць кіраўніку, валодае высокім узроўнем адказнасці і арганізаванасці, здольна аналізаваць сітуацыі і прымаць адпаведныя рашэнні, умее адстойваць свой пункт погляду.
Як адзначае вышэйстаячае кіраўніцтва, Людміла Іванаўна заўсёды адказная за даручаную справу, умее знаходзіць эфектыўныя шляхі вырашэння пастаўленых задач. Кіраўнік райплемстанцыі забяспечвае арганізацыю работы ў гаспадарках раёна па ўзнаўленні статка сельскагаспадарчых жывёл, аказвае спецыялістам гаспадарак неабходную метадычную і практычную дапамогу, паспяхова каардынуе дзейнасць спецыялістаў племстанцыі.

Такая вось высокая ацэнка шматгадовай сумленнай працы дастойных людзей. Віншуем з узнагародай!

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries