Падчас уборачнай загадчык мехмайстэрняў філіяла “Бубны” УП “Мінгаз” Алег Васілевіч разам са старэйшым братам Дзянісам працавалі ў складзе аднаго камбайнавага экіпажу.
Хоць і працуе Дзяніс не ў “Бубнах”, але не першы сезон дапамагае гаспадарцы ў гэты напружаны час, калі на першым плане – уборка ўраджаю. Сямейны экіпаж – у ліку тых, хто паказаў дастойны вынік на ўборачнай-2024, браты намалацілі 1119,7 тон зерня.
Радзіма Алега – Мядзельшчына, ён з-пад Будслава. Вырас у шматдзетнай сям’і. Па накіраванні вучыўся ў сталічным аграрна-тэхнічным універсітэце, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. У 2021 годзе прыйшоў у “Бубны” на адпрацоўку, год адслужыў у арміі – і зноў вярнуўся на адказную пасаду.
Толькі трактарнага парку больш за 25 адзінак, не лічачы іншай тэхнікі –
яго зона адказнасці. Абсталяванне ў “Бубнах” сучаснае, што неабходна – своечасова аднаўляецца. І для паспяховай работы, канечне, гэта важны плюс.
Але мала адказваць толькі за машыны – агульную мову трэба знаходзіць і з людзьмі, дамаўляцца з імі, лічыць Алег Аляксандравіч. Адну справу выконваем – такое стаўленне да работы актуальна для кожнай сферы.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена філіялам «Бубны»