Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сям’я можа ўсё пераадолець

Раней у Беларусі традыцыйна былі вялікія сем’і, многія з іх маглі мець нават па дванаццаць, а то і па шаснаццаць дзяцей. Зараз прыйшоў такі час, што нават аднаго дзіця жанчына баіцца нарадзіць, лічачы, што ён адцягне яе ад працы і кар’еры, асабліва гэта адчуваецца ў вялікіх гарадах і мегаполісах. Акрамя таго, шматдзетных мам у нас перыядычна паказваюць з пэўнага праблемнага боку, але гэта ў вялікай большасці не так. Сёння таксама існуе вялікая колькасць прыкладаў шматдзетных сем’яў, дзе мамы паспяховыя, актыўныя, прыгожыя, маюць не аднаго ці двух дзяцей і ўсё паспяваюць. Мы, вядома, не пераканаем тых, хто лічыць, што гэта не так, і мае прынцыпова іншую пазіцыю, але хочам паказаць адзін штрых жыцця звычайнай сям’і, якая жыве на вёсцы, працуе ў сельскай гаспадарцы, і таксама як усе мае свае праблемы і жыццёвыя перамогі.

Можна доўга разважаць пра сэнс сям’і, ролю маці-жанчыны, нават ролю бацькі, але з прадвеку на Беларусі была адна ісціна. І гэта ісціна тая, што галоўная праца жанчыны ўсё ж такі, як бы гэта не аспрэчвалася – гэта роля жонкі і маці. А колькі ўсяго ўваходзіць у гэтае паняцце!

Сям’я Таццяны і Ігара Каркоткаў з вёскі Слабада, што на Іжаншчыне Вілейскага раёна, выхоўвае трое дзяцей. Ксенія, Ілля і Павел – вось іх галоўнае багацце, якое дадзенае Богам. Шлях сям’і, як і шлях бацькоў не можа быць бездакорна роўным. Але галоўная моц сямейных адносін – магчымасць і штодзённая праца пераадольваць усё разам, сумесна.

Усё пачалося на сельскагаспадарчых курсах у Жодзіна. Сюды прыехала маладая дзяўчына з Лагойскага раёна і юнак з Вілейшчыны. Тут яны пазнаёміліся, пасябравалі і зразумелі, што гатовы паспрабаваць будаваць сумеснае жыццё.

Разам прыехалі на радзіму Ігара, у вёску Слабада, і пачалі разам жыць. Прайшло шмат год, чаго толькі за гэты час не было… Але сям’я павінна быць і заставацца асновай, бо гэта моц!

Зараз яны дабудоўваюць двухпавярховую хату, маюць вялікую гаспадарку – карову, шэсць свіней, трыццаць курэй. Сама Таццяна працуе загадчыцай фермы ў Слабадзе, Ігар – працаўнік на ўсе рукі – у гаспадарцы можа рабіць ці хоць на трактары, ці хоць слесарам працаваць.

Са з’яўленнем дзіця жыццё змяняецца, і часу пачынае не хапаць, асабліва жанчыне. Увечары з ног валішся ад стомы, а яшчэ столькі ўсяго не зроблена… А калі малых у сям’і некалькі? Але аднойчы разумееш, што ты зусім не абавязана паспяваць усё на свеце, каб дагадзіць грамадскай думцы і пачынаеш арыентавацца на ўласныя прыярытэты.

У сям’і Каркотка пяць чалавек. Самы маленькі ў сям’і Павел, яму 4 гады. Старэйшай дачцэ Ксеніі – 16, яна вучыцца ў чурлёнскай школе. Яе брату Іллі 14 гадоў, ён вучыцца ў Іжскай базавай школе.
Таццяна – сціплая, пазітыўная жанчына і маці. Пазнаёміліся мы з ёй на мерапрыемстве ў Лыцавічах, падчас журавінавага фэсту. Яна артыстычна прадстаўляла сваю родную вёску Слабаду і прадстаўляла падворак, які быў творча аформлены і запоўнены дарамі прыроды, якія вырашчаны на сямейным прысядзібным участку. Яе муж Ігар – стварае ўражанне вельмі гаспадарлівага і кемлівага галавы сям’і. Ксенія, Ілля і Павел любяць сваіх бацькоў і ўпэўненыя, што іх сям’я лепшая.
Вы можаце спытаць: чаму абралі менавіта гэтую сям’ю для артыкула? Адказ просты – любая сям’я, а тым больш шматдзетная – унікальная і вартая ўвагі.

У сям’і Каркотка бацькі вучаць дзяцей не здавацца, дасягаць пастаўленых мэт, марыць і любіць. Старэйшая дачка Ксенія ўжо дарослая і наперадзе далейшая вучоба, работа, адным словам дарослае жыццё. Таццяна расказала, што яны мяркуюць, што Ксенія будзе паступаць на біяхімічны факультэт ці медыцынскі.

На пытанне як ёй жывецца на Вілейшчыне, Таццяна адказвае, што вельмі любіць вілейскую прыроду.
– Тут вельмі прыгожа, на маёй радзіме, на Лагойшчыне, таксама добрая прырода, але там пагоркі і ўзвышшы, а тут праз вёску працякае рака, вакол лес – вельмі прыгожа.

І гэта сапраўды так. Чаго больш трэба для сямейнага шчасця – добрая і ўтульная хата, праца па душы і каб побач былі родныя людзі. У спешцы і мітусні мы часам забываемся пра галоўныя каштоўнасці – сям’ю і блізкіх, забываем сказаць простыя, але вельмі важныя словы. Давайце часцей збірацца ўсёй сям’ёй. Давайце часцей гаварыць нашым мамам «дзякуй»!

Мама – самы дарагі і блізкі чалавек для кожнага з нас. І быць маці – гэта самая адказная і самая цяжкая праца. Маці ўвесь час на працы – займаецца дзецьмі без выхадных і адпачынкаў. Менавіта таму мацярынскую працу нельга нічым вымераць.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 44 queries