У мінулую нядзелю пераважная большасць рабунцаў адмовілася ад якіх бы там ні было паездак і нават паходаў па ягады і грыбы. І сталыя жыхары вёскі, і дачнікі, што бавяць тут час улетку, ведалі: у нядзелю ла-дзіцца свята вёскі, сюды з’едуцца самадзейныя артысты – будзе весела.
На вуліцы ля мясцовага клуба атрымаліся выдатныя імправізаваныя сцэна і зала. Гледачы зручна ўселіся на прынесеныя лавы і крэслы – і свята пачалося.
Каму-каму, а мясцовым культработнікам клопату хапіла: і сцэнарый трэба было цікавы напісаць, і нумары мастацкай самадзейнасці падрыхтаваць, і ўсе арганізацыйныя моманты прадумаць. А яшчэ – парадаваць тых, хто любіць ласункі, смачнай выпечкай. Пра ўсё гэта паклапацілася загадчыца мясцовага клуба Вольга Філістовіч.
У святочным сцэнарыі ўзгадалі ўсіх: і самага старэйшага вяскоўца, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыя Васільевіча Салаўёва, і самага юнага – трохмесячнага Сашу Сушынскага, і гаспадыню лепшай сядзібы Святлану Нарэйка, і сямейную пару Ганну Міхайлаўну і Сцяпана Рыгоравіча Супрановічаў, якія хутка адзначаць шасцідзясяцігоддзе сумеснага жыцця… І для кожнага з рабунцаў гучалі задушэўныя песні ў цудоўным выкананні мясцовых, а таксама куранецкіх, абадоўскіх і ільянскіх артыстаў.
Больш за дзве з паловай гадзіны доўжылася святочная праграма. За гэты час той-сёй з гледачоў паспеў сам стаць артыстам – станцаваў ці праспяваў перад аднавяскоўцамі. А яшчэ ў людзей знайшлося столькі тэм для размоў і ўспамінаў. Вось і праляцеў час зусім непрыкметна, і разыходзіцца людзям зусім не хацелася. Таму і не праміналі, дзякуючы артыстам, запрашаць: «Прыязджайце зноў!»
Кажуць, што сумяшчэнне карыснага з прыемным – справа даволі эфектыўная. Урэшце, старшыня Касцяневіцкага сельскага Савета Наталля Шавялёва пераканалася ў гэтым даўно. Вось і ў мінулыя выхадныя ў чатырох вёсках сельсавета – Лявонавічах, Карэкаўцах, Арпе і Асташкаве – прайшлі сходы грамадзян з удзелам ерхаўскіх і людвіноўскіх самадзейных артыстаў, дэпутатаў мясцовага і раённага Савета дэпутатаў Жанны Андрыеўскай і Таццяны Лукошка.
У кожнай вёсачцы прадстаўнічую агітбрыгаду чакалі з нецярпеннем. Сустрэчы праходзілі на вуліцы – надвор’е ў гэтыя дні спрыяла. Кожнае мерапрыемства пачыналася з выступлення старшыні сельсавета. У Наталлі Шавялёвай знаходзіліся цёплыя падзячныя словы людзям вёскі, у мінулым – нястомным працаўнікам палёў і ферм. І сяльчане з прыемным хваляваннем і радасцю ўспрымалі гэтыя словы. А яшчэ Наталля Леанідаўна гаварыла пра адметную гісторыю кожнага населенага пункта, якую ствараюць тыя, хто тут нарадзіўся і жыве.
У Карэкаўцах агітбрыгада не проста выступіла, але і павіншавала з 65-годдзем вясковага старасту Пятра Саковіча, чалавека працавітага, нераўнадушнага, нястомнага. Песні і віншаванні для яго гучалі па-асабліваму цёпла. Што і казаць, заслугоўвае Пётр Максімавіч такой павагі.
– Нам так хочацца падарыць вам, паважаныя, часцінку сваёй душы, – гаварыла, звяртаючыся да вяскоўцаў, Наталля Шавялёва.
І ў агітбрыгады гэта атрымалася. Сведчаннем таму – святочны настрой і радасць людзей, размераны быт якіх ад такіх мерапрыемстваў расквечваецца яркімі фарбамі.
Ірына БУДЗЬКО.