Выхадны дзень, у які ладзілася свята вёскі Балашы, выдаўся цёплым. Восеньскае сонейка не паскупілася на ласку, нібыта даючы вяскоўцам магчымасць пабыць разам, пагутарыць, узгадаць мінулае, падзяліцца пра сённяшняе жыццё-быццё.
А пачалося свята з устаноўкі і асвячэння крыжа на ўездзе ў вёску. Малебен правёў настаяцель рэчкаўскай царквы айцец Валянцін. Яго словы, пранікнёныя,шчырыя, дайшлі, напэўна, да кожнага, хто ў гэты дзень прысутнічаў на свяце.
Напэўна, не кожны жыхар Балашоў ведае, што ўпершыню гэты населены пункт узгадваецца ў 1765 годзе як вёсачка з 9 уніяцкіх двароў у губскім старостве. А крыху бліжэйшая гісторыя – 1938 года – сведчыць, што ў вясковай гміне на той час налічваліся 53 двары і 280 жыхароў. Яшчэ бліжэй – у 1993 годзе – у Балашах было 127 двароў. Сёння іх у населеным пункце на два дзясяткі менш, а жыхароў у вёсцы 274. З гэтай цікавай статыстыкай прысутных пазнаёміла загадчыца рэчкаўскага сельскага клуба Таццяна Яхімовіч.
Самым, бадай, урачыстым было ўшанаванне людзей вёскі. Без цёплага слова ці падарунка не застаўся ні адзін з юбіляраў і імяніннікаў – аб гэтым паклапаціліся культработнікі, мясцовыя і вілейскія, мясцовая гаспадарка. Асаблівая заслуга – аўтаклуба на чале са Святланай Шпігун.
Кожны, хто прыйшоў на свята, затрымліваўся ля выставы работ мясцовай майстрыхі Ніны Аляксандраўны Прусавай. Яе ручнікі, сурвэткі, посцілкі – сапраўдныя творы мастацтва.
Цёпла віншавалі вяскоўцы і старэйшых жыхарак Веру Фёдараўну Паслед і Валянціну Мікалаеўну Прудніковіч,і самую юную Дану Паўлоўскую. Ад імя кіраўніцтва і ўсяго калектыву ААТ «Алая зара» з віншаваннем і добрымі пажаданнямі выступіў намеснік дырэктара Уладзімір Кузьміч. Яму ж выпала і прыгожая місія – уручаць падарункі ад гаспадаркі дзвюм мнагадзетным сем’ям з Балашоў – Ірыне і Івану Прусавым і Алене і Алегу Самалям. Не засталіся па-за ўвагай і сем’і, якія ў гэтыя дні адзначалі юбілейныя даты сумеснага жыцця: Алены і Уладзіміра Гайчукоў, якія чвэрць веку крочаць адной жыццёвай дарогай, і Галіны і Сяргея Паўловічаў, сямейны стаж якіх ужо тры дзясяткі гадоў. Як і на кожным свяце вёскі, у Балашах назвалі і гаспадароў лепшага падвор’я Кацярыну і Аляксандра Міллераў, якія дарэчы, на працягу некалькіх гадоў утрымліваюць гэта ганаровае званне.
Тэма для асобнай размовы – музычнае суправаджэнне свята. Асаблівых слоў падзякі ад гледачоў заслужылі ерхаўскія самадзейныя артысты пад кіраўніцтвам загадчыцы клуба Марыны Юркевіч. Урэшце, гэты творчы калектыў добра вядомы, артысты – частыя госці не толькі на ўрачыстасцях і канцэртах, але і на фермах, палях і майстэрнях сваёй гаспадаркі. Для юных насельнікаў Балашоў ерхаўскія артысты падрыхтавалі конкурсную праграму, цікавую і завадную.
А закончылася свята танцамі і наварыстай юшкай, якой частавалі ўсіх жадаючых. І гэта стала дастойным завяршэннем цікавага мерапрыемства.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены аўтаклубам
Свята вёскі Балашы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ