Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята вёскі Сачыўкі сабрала амаль чатыры пакаленні аднавяскоўцаў

24 жніўня адбылося свята вёскі Сачыўкі. Арганізаванае самімі жыхарамі свята сабрала амаль чатыры пакаленні аднавяскоўцаў і стала па-сапраўднаму душэўнай сустрэчай блізкіх і родных людзей.

Лепей за ўсё мне на свеце  мясціна

Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.

Бэз пад акном і на полі каліна,

Ціхае сонца, блакіты нябёс…

Гэтыя сціплыя, але вельмі шчырыя словы з верша Кастуся Кірыенкі сталі сапраўдным эпіграфам усяму мерапрыемству, якое прайшло ў невялікай вёсачцы, схаванай сярод лясоў і палёў, што месціцца паміж вёскамі Забалацце і Скарада Ільянскага сельсавета – вёскі Сачыўкі. Зараз тут стала пражываюць чатыры карэнныя жыхары, але суботнім днём, калі адзначалася свята, паміж хатамі сучасных дачнікаў і карэнных жыхароў сабралася каля паўсотні чалавек – амаль чатыры пакаленні жыхароў і выхадцаў Сачывак, а таксама іх ўнукаў і праўнукаў. Гучаць цудоўная музыка і спевы ў выкананні артыстаў Ільянскага сельскага Дома культуры, расстаўлены лавы, запоўненыя вяскоўцамі, развешаны рознакаляровыя сцяжкі і шарыкі – мерапрыемства распачалося.

Святы, што ладзяцца ў такіх маленькіх вёсачках, ды яшчэ па ініцыятыве саміх жыхароў, становяцца на доўгія гады сапраўднай падзеяй, што непараўнальна больш значная, чым вялікія святы ў буйных вёсках. Тут адчуваецца дух адзінства, сапраўдных і непадробных эмоцый і шчырай радасці сустрэчы. Па ўсім было бачна, што жыхары і выхадцы вёскі Сачыўкі рыхтаваліся да імпрэзы, бо паўсюль кветкі, на сцяне вясковай будыніны развешаны старыя фотаздымкі і бясконцая радасць пры сустрэчы новых гасцей і сваякоў, якія пад’яджаюць на свята. Не адзін раз за мерапрыемства гучаць словы падзякі кожнаму, хто быў задзейнічаны пры падрыхтоўцы свята вёскі, а асабліва Лідзіі Станкевіч і Святлане Паўлюкевіч.

Лідзія Іосіфаўна Станкевіч, як ураджэнка Сачывак, а зараз жыхарка суседняй вёскі Забалацце, заслужаная настаўніца, рыхтавалася да свята амаль некалькі месяцаў. Яна збірала па крупінках гісторыю вёскі, тэлефанавала ўсім родным і знаёмым, тым, з кім сябравала і сябруе ўжо доўгія гады. І свята адбылося вельмі цудоўнае і шчырае. Было месца на ім  і ўспамінам: пра жыхароў, тых, хто шчыра працаваў і быў узнагароджаны рознымі медалямі за сваю працу, пра першых настаўнікаў і вясковыя святы, што заўжды адзначалі разам усёй вёскай. Асаблівыя словы гучалі ў адрас старажылаў вёскі, якія да сённяшняга дня зберагаюць самабытную спадчыну гэтых мясцін, і кожны з іх ад аднавяскоўцаў атрымаў падарункі на доўгую памяць. А па традыцыі ад імя старшыні сельвыканкама Аляксандра Мікуцкага былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі самы старэйшы жыхар вёскі і самы маленькі – гэта дзевяностатрохгадовая Станіслава Ермаковіч і двухгадовая Эмілія. Баба Станіслава у свае гады нават расказала байку на свяце. Лідзія Станкевіч цікава распавяла пра гісторыю Сачывак, якая налічвае некалькі стагоддзяў свайго летапісу.

Назва вёскі паходзіць ад дахрысціянскага імя Сачыўка, што азначае «сцеражонае дзіцятка». Упершыню населены пункт Сачыўкі ўзгадваецца ў 1800 годзе як вёска ў Вілейскім павеце Мінскай губерні, уласнасць Антаніны Агінскай.

У той час там налічвалася 7 двароў і 47 жыхароў. У 1897 годзе вёска значыцца ў Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні, тут месціцца 16 двароў і пражывае 195 жыхароў, а таксама маецца хлебазапасны магазін. У пачатку 20 стагоддзя ў вёсцы налічвалася 190 жыхароў. Па архіўных дакументах у 1908 годзе Сачыўкі былі ў складзе Рагозінскай сельскай грамады, дзе налічвалася 10 двароў, 202 жыхары і 150 дзесяцін надзелаў. У лютым-снежні 1918 года Сачыўкі былі акупаваны германскімі, у жніўні 1919 – ліпені 1920 гг. – польскімі войскамі. Пачынаючы з 1921 года і да верасня 1939 года, вёска знаходзілася ў складзе Польшчы, у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства. На 1938 год Сачыўкі месціліся ў Даўгінаўскай гміне і тут налічваўся 41 двор, 254 жыхары. У гэты час тут размяшчалася стражніца (застава) Корпуса аховы пагранічнай, што адносілася да роты Альковічы, батальёну Будслаў. Па ўспамінах старажылаў у будынку былой стражніцы некаторы час размяшчалася школа.

Успаміны пра гісторыю вёскі на мерапрыемстве межавалі з песнямі і конкурсамі. Асаблівы каларыт святу вёскі стварылі ільянскія артысты, якія падаравалі хвіліны радасці і задуменнасці аб былых часах сваімі песнямі, а таксама шквал смеху ад інсцэніровак народнага калектыву «Смехата», што так лёгка і трапна знаходзіць гумар у многіх жыццёвых выпадках. Чулліва гучалі песні і ў выкананні Аляксандра Станкевіча, чыя карані таксама з гэтых мясцін. Вяскоўцы разам спявалі, танчылі, праводзілі розныя конкурсы і ладзілі сумесныя гульні, а таксама па-свойску гаманілі і ўзгадвалі былыя часы. Нават бабулі-старажылы пусціліся ў скокі! Яшчэ доўга не разыходзіліся аднавяскоўцы, і на вясковай вуліцы гучалі спевы і шчыры смех, бо ўзгадаць і пагаварыць было аб чым. Адным словам, свята адбылося.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries