Вось ужо многа год я з’яўляюся ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці ў Даўгінаўскім сельскім доме культуры. 3 нашым творчым калектывам мы зладзілі шмат розных свят і канцэртаў, як гавораць у народзе, ужо не адзін пуд солі з’елі разам, але ўсё ж, бываюць такія святы, якія яшчэ могуць здзівіць і нас саміх. Адным з такіх можна назваць свята вёскі Еськаўка, якое прайшло 30 чэрвеня.
На дадзены момант у вёсцы Еськаўка — 24 двары і 35 жыхароў. Амаль усе жыхары — пажылыя людзі, якія больш за іншых маюць патрэбу ў падтрымцы. Яны ўвесь свой век цяжка працавалі на зямлі і больш за іншых заслугоўваюць, каб іх вольны час расфарбавалі ў розныя колеры. Як правіла, самі яны не маюць магчымасці дзесьці пабываць і атрымаць новыя ўражанні, таму мы вырашылі, што свята само павінна прыйсці да іх!
3 самага пачатку мы ведалі, што будзе не проста ажыццявіць нашы планы, але наш дружны калектыў не так проста спужаць цяжкасцямі. Адсутнасць сцэны і роўнай падлогі для нас не з’явілася вялікай праблемай. Трэба сказаць, што наадварот, ты адчуваеш асаблівую асалоду, калі знаходзішся так блізка да тых людзей, менавіта каму прысвячаеш сваё выступленне. I якое прыемнае здзіўленне нас чакала, калі мы ўбачылі, што, акрамя пажылых людзей, сабраліся іх дзеці і ўнукі. Аўдыторыя была таксама вельмі розная. На свяце прысутнічала і самая старэйшая жыхарка Падгайская Лідзія Сцяпанаўна, якой споўнілася 88 гадоў», і самая малодшая, Захарэвіч Марынка, якой усяго 4 гады. Хоць гэта мабыць і не зусім сціпла, але трэба прызнаць, што свята ўдалося на славу! Ды што гаварыць, калі нават надвор’е спрыяла нам. Увесь тыдзень ішлі вялікія дажджы, а ў нядзелю нас вітала ў Еськаўцы шчырае і ласкавае сонейка.
За тыя гады, што я правяла на сцэне, было шмат розных мерапрыемстваў, але, напэўна, ні адно з іх не дало больш пазітыву і жыццёвай моцы, як гэта. Столькі ўдзячнасці я ў сваім жыцці, напэўна, яшчэ не сустракала. Калі ты бачыш агеньчыкі ўдзячнасці, якія запаліліся ў вачах гэтых пажылых людзей, то адразу разумееш, што ты зрабіў добрую справу і ідзеш у правільным накірунку. Адчуванне таго, што ты некаму вельмі патрэбен і можаш зрабіць шчаслівымі адразу некалькі дзесяткаў чалавек, нельга перадаць словамі. I ведаеце, колькі б ні было затрачана сіл і часу на падрыхтоўку такога нялёгкага і незвычайнага свята, я магу сказаць, што яно таго варта, і калі ты спадабаўся хоць аднаму чалавеку і прымусіў яго на пяць хвілін забыцца пра свае праблемы, падараваў яму пачуцце свята, то ты не дарма патраціў час.
На вялікі жаль, у наш час вельмі шмат на карце Беларусі такіх маленькіх вёсак, якія паціху пачынаюць адміраць. I ведаеце, я зразумела адну рэч: толькі ад нас, моладзі, залежыць будучыня такіх вёсак. Не забывайцеся на свае карані, бо нават у самага моцнага дрэва без каранёў няма будучыні.
Алена СЫРАКВАШ, удзельніца
мастацкай самадзейнасці Даўгінаўскага СДК