Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята ў в. Панкраты

Напачатку восені свята завітала ў невялікую вёсачку Панкраты Даўгінаўскага сельсавета. Разам з творчым калектывам Язненскага сельскага Дома культуры.
Па традыцыі яго адкрыў старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі. Ён звярнуўся да вяскоўцаў з цёплымі словамі прывітання і ўручыў падарункі ўладальнікам найбольш добраўпарадкаваных сядзіб. Імі на гэты раз сталі сем’і Кратовічаў і Жыжлаў.
На здымку: вяскоўцаў вітае са святам удзельнік валанцёрскага руху “Ружа вятроў” Галіна Дзевяцень.

Напачатку восені свята завітала ў невялікую вёсачку Панкраты Даўгінаўскага сельсавета. Разам з творчым калектывам Язненскага сельскага Дома культуры.

Па традыцыі яго адкрыў старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі. Ён звярнуўся да вяскоўцаў з цёплымі словамі прывітання і ўручыў падарункі ўладальнікам найбольш добраўпарадкаваных сядзіб. Імі на гэты раз сталі сем’і Кратовічаў і Жыжлаў.                       Затым вядучая свята Марыя Хасяневіч прыгадала гісторыю вёскі, якая вядзе свой адлік з далёкага 1800 года, нагадала імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, герояў працы, аб’явіла хвіліну маўчання па тых панкратаўцах, якія пайшлі з жыцця.

А далей свята пайшло па традыцыйным сцэнарыі. На імправізаваную сцэну, якую змайстравалі і ўпрыгожылі жыхары вёскі, запрашаліся самы сталы жыхар Панкратаў Зялёнка Станіслаў Іосіфавіч (86 год), самая маленькая жыхарка Хамякова Васіліса (2 годзікі), юбіляры 2015 года, імяніннікі жніўня, сямейныя пары, якія адзначылі юбілеі вяселляў… Яны атрымоўвалі сціплыя падарункі ад работнікаў Язненскага СДК і музычныя віншаванні самадзейных артыстаў. Пад кіраўніцтвам культработнікаў Алены Святоха і Аксаны Язневіч мілагучныя песні і эстрадныя хіты прапанавалі гледачам Канстанцін Машынскі, Ганна Шунейка, Пётр Вайцяшонак, Таццяна Зубель, Максім Кароль.

Упрыгожылі святочны канцэрт удзельнікі валанцёрскага руху «Ружа вятроў» Дзевяцень Г. А., Брыцько Т. А. і Дзевяцень В. Б. Яны прыехалі павіншаваць са святам жыхароў вёскі Панкраты, якім споўнілася 80 і болей гадоў. Прыехалі са святочнымі прысмакамі, падарункамі, прыгожымі песнямі і змястоўнымі вершамі.

Але ж на тое яно і народнае свята, што ўкласці яго ў традыцыйныя рамкі вельмі няпроста, ды і зусім непатрэбна. Калі вядучая прапанавала слова самім гледачам, то свята зайграла новымі фарбамі. Эдмунд Трусевіч звярнуўся са словамі віншавання да людзей, з якімі шмат год побач жыў і працаваў, а затым так ліха заспяваў песню з рэпертуару Гнацюка, як быццам сам знакаміты спявак завітаў на свята! А за дзедам і ўнучкі Паўлоўская Івона і зусім юная чатырохгадовая Міла прадэманстравалі свае вакальныя таленты. Жанчыны са сталіцы вельмі пранікнёна, са слязьмі на вачах, падзякавалі землякам за догляд могілак родзічаў, за тое, што вёска жыве і радуе іх, былых дзяцей, а зараз гарадскіх дачнікаў, кожнае лета.

А сапраўднай інтрыгай свята стаў розыгрыш чорнай скрыні! Прыгожае блюда з лагатыпам свята ў Панкратах застанецца на памяць госцю Дзевятню Алегу і яго сям’і. Сувенір пайшоў з аўкцыёна ў чатыры разы даражэй за першапачатковую цану!

На дадзены момант у Панкратах пастаянна пражывае 14 чалавек, але па заканчэнні ўрачыстай часткі за святочным сталом сабралася больш за сто гасцей! Да глыбокай ночы цягнуліся шчырыя размовы і ўспаміны паміж землякамі, якія даўно не бачыліся, гучала музыка, песні, кружыла пары вясковая дыскатэка… Тых жа, хто любіць спакойны, інтэлектуальны адпачынак, прывабіў куток бібліятэкара з навінкамі кніг і перыядычнага друку.

Цёплыя ўспаміны аб той жнівеньскай субоце і шматлікія фотаздымкі свята ў Панкратах яшчэ вельмі доўгі час будуць саграваць сэрцы землякоў у розных куточках нашай Беларусі і далёка за яе межамі.

Іна ЛІСІЦА, бібліятэкар Язненскай сельскай бібліятэкі,

Таццяна ЗУБЕЛЬ, удзельнік мастацкай самадзейнасці.

Фота прадастаўлены аўтарамі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries