Зямля ніколі не спіць. І калі зіма прыкрые пульхнай коўдрай усходы азіміны, пад гэтым покрывам ні на хвіліну не спыняецца жыццё. Тое, што пачалося з зярняці і ўжо аздобіла палеткі свежай рунню. Гэты працэс навідавоку. Але і ралля, вольна раскінутая сярод лагчын і ўзлескаў, нясе з сабой унутраную сілу. Зябліва нібыта адкрывае новае дыханне зямлі, бачна стомленай падчас жніўнай і ўборачнай пары.
Спрадвеку практыкуецца гэты метад у земляробчай справе. Пра яго вартасці і перавагі мы разважаем з галоўным аграномам адкрытага акцыянернага таварыства «Чурлёны» Леанідам Холадам. Поле, узаранае з восені для пасеву яравых культур, лепш захоўвае вільгаць. Ворыва садзейнічае знішчэнню пустазелля. Аб гэтым сведчыць агранамічная навука. І спаконвечны вопыт дзядоў-земляробаў. Папярэдні ўздым зябліва дазваляе знізіць напружанасць веснавых палявых работ і дае магчымасць правядзення ранняй пасяўной.
У ААТ «Чурлёны» ўзарана пад зябліва 1280 гектараў – гэта адна з найбольш уражальных па памеры плошчаў сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.
– Лепш позняе зябліва, чым вясной ранняе ворыва, – гэта вывад навуковай і жыццёвай практыкі Леанід Паўлавіч прыпадносіць як ісціну. Для «Чурлён», дзе плошчы сельгасугоддзяў, скажам прама, немалыя, яна, бяспрэчна, найбольш актуальная. Нягледзячы на цяжкасці з палівам, пастаўленую перад сабой задачу па ўздыму зябліва таварыства ў поўным аб’ёме вырашыла.
Акрамя неабходных арганізацыйных момантаў, які здзейсніла кіраўніцтва, з роляй выканаўцаў у поўным аб’ёме справіўся механізатарскі корпус. Безумоўна, асноўная доля нагрузкі прыйшлася на энерганасычаныя трактары. «ФЭНДы» Міхаіла Ганчарова і Валерыя Місюля, як след падрыхтаваныя гаспадарамі да восеньскай мікра-кампаніі, служылі ім надзейна. У выніку – ні паломак, ні звязаных з імі прастояў. Апошнія, безумоўна, маглі б адбіцца на тэмпах ворыва.
Леанід Паўлавіч называе імёны тых, з кім неаднойчы даводзілася сустракацца ў час сельгаскампаній, калі напружанасць работ не дазваляла весці доўгія дыялогі на палетках і сенажацях. Успамінаюцца, напрыклад, мінулагоднія корманарыхтоўкі. Урочышча Панурка. Меліяраваныя ўгоддзі, дзе раскінулася сенажаць і востра пахла свежаскошанай травой. Тут адбылася наша сустрэча з Міхаілам Ганчаровым, які на МТЗ-32 адвозіў ад кормаўборачных агрэгатаў здробненую травяную масу. Цяпер ужо мала хто з аднавяскоўцаў памятае, што Міхаіл – чарнобыльскі перасяленец. Прыжыліся, акліматызаваліся Ганчаровы на новым месцы, якое даўно ўжо стала родным і блізкім. Самі з Краснапольскага раёна, яны ўсёй сям’ёй выехалі з зоны адсялення. Менавіта тут, у Лыцавічах, знайшоў Міхаіл свой лёс. Пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай. Разам звілі сямейнае гняздо ў доме сядзібнага тыпу, які выдзеліла ім таварыства. Сям’я, дом – гэта свайго роду прэлюдыя для аседласці. Моцныя і годныя парасткі, адарваныя ад роднай глебы, заўсёды знаходзяць месца, дзе можна зноў пусціць свае карані.
Сёння Міхаіла Ганчарова галоўны аграном таварыства называе ў ліку надзейных гарантаў яго гаспадарчай стабільнасці. Да гэтай кагорты ён адносіць і Валерыя Місюля, таксама механізатара шырокага профілю, якога можна сустрэць і на пасяўной, і на корманарыхтоўках. Заканамерна, што кіраўніцтва даверыла яму энерганасычаную тэхніку на час самых адказных восеньскіх работ. Магчымасці і прадукцыйнасць у «ФЭНДа» і «Беларуса» некалькі розныя. Але Уладзімір Жаўткоўскі з айчынным трактарам па праву ўвайшоў у тройку лідараў на восеньскім ворыве. Уладзімір, не ў прыклад Міхаілу Ганчарову, – тутэйшы, выхадзец з суседняй Мядзельшчыны, да якой адсюль нацянькі – рукой падаць. Вёсачка Беражное, яго малая радзіма,называецца так таму, што стаіць на беразе Вішнеўскага возера, вядомага ў ваколіцах сваёй кідкай прыгажосцю і рыбай рэдкіх парод. Лінёў, напрыклад. Любая мясціна прывязвае чалавека нейкай сваёй адметнасцю. Як і сам чалавек. Запомніцца то поглядам, то ўсмешкай, то мімікай твару. У краявідаў– свая «міміка». Уласціва яна і чурлёнскай зямлі. Дзе асушаныя балоты працягваюць буяць тавалгай і ракітамі. Праўда, наладжаная культура земляробства зганяе іх ва ўлонне меліярацыйных каналаў. І дае прастор развіццю кормавытворчасці.
Насеннікі траў будзе вырошчваць таварыства ў наступным сальскагаспадарчым годзе на 125 гектарах. У таварыстве пасеяна 360 гектараў люцэрны, культуры далікатнай, якая для свайго вырошчвання патрабуе глебы з высокай урадлівасцю. І не толькі. Пад яе трэба ўнесці увесь комплекс фосфарных і калійных угнаенняў, прадугледжаных тэхналогіяй. Хутчэй за ўсё, менавіта з-за сваёй патрабавальнасці люцэрна не карыстаецца асаблівай прыхільнасцю кормавытворцаў. У «Чурлёнах» культуру ацанілі па вартасці.
– Яна рана адрастае і можа ўжо ў маі даць першы ўкос, – аргументуе спрыяльную для люцэрны сітуацыю Леанід Холад. – Да таго ж яна – добры папярэднік, напрыклад, для пшаніцы. Пасля люцэрны азот ужо не патрэбны. Праўда, на тарфянік з ёю не пойдзеш…
У таварыстве – толькі кароў 1700 галоў. Таму настолькі актуальны яго клопат аб кармавой базе. Вось і люцэрна займае плошчу з разліку 40 сотак на карову. Такі аб’ём ёй выдзелены ў кармавым рацыёне.
Тысячу гектараў збожжавых яравых плануюць у гаспадарцы пад веснавую сяўбу. Палавіну займае ячмень – культура найбольш прыдатная для зямель акцыянернага таварыства. Зяблівую іх апрацоўку можна лічыць пачаткам чарговага вітка адвечнага клопату земляроба пра хлеб.
Зараз на палеткі дастаўляецца арганіка. Завяршаецца вапнаванне. І, са слоў галоўнага агранома, у зоне рызыкоўнага земляробства застрахаваны рызыкі. Пасевы рапсу, трыцікале, пшаніцы, якія ўжо ўзыходзяць азімінай, – далікатныя, падвержаныя ўздзеянню прыродных стыхій. Страхаванне забяспечвае стапрацэнтную кампенсацыю ўрону.
Акцыянернае таварыства «Чурлёны» – сярод лідараў па валавому намалоту. І імкнецца не губляць гэты статус.
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымках: Уладзімір Жаўткоўскі і Валерый Місюль: апошнія метры зябліва.