Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч прыняў удзел у святочнай лінейцы Рабунскай школы

1 верасня пачаўся новы навучальны год: першы раз за парты школ горада і раёна на Вілейшчыне селі 440 першаклашак. Па агучаных дадзеных усяго па Беларусі за школьныя парты накіравалася каля 1 мільёна 100 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. На святочныя лінейкі па ўсёй краіне прыйшлі не толькі дзеці з бацькамі, але таксама знакамітыя ўраджэнцы, высакапастаўленныя чыноўнікі, міністры і Прэзідэнт. Не выключэннем стала і Вілейшчына, куды на сваю малую радзіму ў родную Рабунскую школу прыехаў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч.

Пётр Миклашевич

Сваю гісторыю Рабунская школа адлічвае ад 1855 года, калі ў сяле было адчынена народнае вучылішча. Сучасны буданак школы быў пабудаваны ў пачатку 1970-х і з таго часу выпускнікамі гэтай установы адукацыі стала больш за тысячу чалавек, сярод якіх выбітныя навукоўцы, ваеннаслужачыя, урачы, педагогі, аграрыі і проста шчырыя працаўнікі. Зараз у школе навучаюцца 43 вучні, і па сённяшніх мерках для вясковай школы гэта добра – установа жыве.
– Узгадваю свае школьныя гады, калі школа была запоўнена мясцовай моладзю з Рабуні і навакольных вёсак, – падзяліўся сваімі ўспамінамі на святочнай лінейцы Пётр Міклашэвіч. – У той час тут вучылася больш за трыста чалавек. Але і цяпер, знаходзячыся тут, я адчуваю тую атмасферу творчасці, а гэта значыць, што традыцыі зберагаюцца і я ўпэўнены – школа яшчэ выпусце ў свет не адно пакаленне віляйчан. Пяцьдзясят год прайшло з той пары, як я скончыў Рабунскую школу, а здаецца – гэта было ўчора. Я жадаю вам, дарагія першакласнікі, каб у гэтых сценах вы атрымалі грунтоўныя веды, духоўна і фізічна развіваліся. Сёння і мая меншая ўнучка таксама пайшла ў першы клас, а разам з ёй за парты сядуць і дзве старэйшыя, – адзначыў Пётр Пятровіч.

Пётр Миклашевич в Вилейском районе

Святочнае мерапрыемства да Дня ведаў у Рабунскай школе можна назваць сустрэчай яе выпускнікоў са сваімі лепшымі гадамі вучобы. Усё было арганізавана ў цёплай і па-сямейнаму кранальнай абстаноўцы, дзякуючы педкалектыву. Вучні і настаўнікі ў гэты дзень сустракалі высокіх гасцей, сяброў і сваіх нядаўніх выпускнікоў. Акрамя Пятра Міклашэвіча, першую лінейку ў Рабуні наведалі старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот, начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Мінаблвыканкама Ягор Сіняк, старшыня Крывасельскага сельвыканкама Ірына Супрановіч, дырэктар СУП «Усходні агра» Анатоль Апанасевіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Пуцэйка, ветэраны педагагічнай працы Лілія Лычаўка і Пётр Канецкі, дырэктар Рабунскай школы з 1972 па 2009 гады.

– Адукацыя сёння – гэта шлях у вялікае жыццё, – адзначыў у сваім віншаванні Віктар Кот. – Рабунская школа на працягу многіх дзесяцігоддзяў дае пуцёўку у жыццё сотням дзяцей, якія годна праслаўляюць сваю малую радзіму далёка за яе межамі. Жадаю настаўнікам, бацькам і вучням моцнага задароўя і дабрабыту.

Госці, акрамя віншаванняў, пакінулі для школы і шмат падарункаў, у тым ліку і ад мясцовага сельвыканкама і гаспадаркі. На свяце прысутнічалі прадстаўнікі праваахоўчых органаў Ягор Кузмічоў, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Вілейскага РАУС, Дзмітрый Гулецкі, сяржант міліцыі Вілейскага РАУС, Яўген Садоўскі, начальнік пажарна-аварыйнай выратавальнай станцыі г. Вілейкі. Кожны з іх павіншаваў з пачаткам навучальнага года і нагадаў дзецям і дарослым аб правілах бяспекі на дарогах, з агнём і аб правілах правапарадку.

Аднымі з ганаровых гасцей свята сталі і нядаўнія выпускнікі школы, якія яшчэ, здаецца, толькі выйшлі з-за парт, а ўжо занялі дастойнае месца ў жыцці, набыўшы прафесію і праявіўшы сябе як прафесіяналы: Дзмітрый Кавалёнак, выпускнік 2005 года, начальнік упраўлення Мытнага кантроля Беларусі; Алесь Жук, выпускнік 2007 года, магістр тэхнічных навук, інжынер-праграміст «ISSOFT Solution», і вядучы мерапрыемства Сяргей Дзямешчык, выпускнік 2011 года, інжынер “Мінсквадаканала”. На правах старэйшых таварышаў яны пажадалі ўсім вучням выкарыстоўваць цудоўныя магчымасці школы і набываць неацэнныя грунтоўныя веды ад сваіх настаўнікаў. Гучалі словы дзевяцікласнікаў сваім малодшым таварышам, што ў гэтым годзе прышлі ў першы клас і разам са сваёй першай настаўніцай Таццянай Грышан будуць пазнаваць шмат новага і цікавага. Кожнаму першакласніку з рук дырэктара школы Алены Жук былі ўручаны падарункі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандара Лукашэнка – кнігі «Беларусь – наша радзіма». Словы падзякі да настаўнікаў выказала ад імя бацькоў першакласнікаў Надзея Мецік, што ў сакавіку гэтага года была ўзнагароджана Ордэнам Маці.

– Вось і пачаўся новы навучальны год, – адзначыла ў сваім выступленні дырэктар школы Алена Жук, – для кагосьці ён першы, для каго – развітальны. У нашых сённяшніх першакласнікаў наперадзе доўгі, але вельмі цікавы шлях. Віншую ўсіх з Днём ведаў – мудрасці і старання, здароўя і дабрабыту.

Павіншавала Алена Іосіфаўна з першым рабочым месцам і маладога спецыяліста – Анастасію Яворскую, што скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Біялогія і хімія» і будзе выкладаць у Рабунскай школе.

Затым прагучаў першы званок на ўрок, даць які ганаровае права было прадстаўлена вучаніцы 9 класа Анастасіі Дзятлік і вучню 1 класа Цімафею Меціку. Першы ўрок быў незвычайным – праходзіў ён і ў форме гульні-віктарыны па гісторыі роднага краю, і ў форме размовы з ганаровымі гасцямі, і ў форме прагляду найцікавейшых стужачак аб малой радзіме. Вучні школы даведаліся ад Пятра Міклашэвіча аб яго дзяцінстве, вялікай сям’і, аб успамінах пра раку Вілію і вялікім расчараванні, калі ён вярнуўся з арміі і замест вяртлявай ракі ўбачыў Вілейскае вадасховішча, што раскінулася на кіламетры. Даведаліся, што нядаўні выпускнік Алесь Жук акрамя іншага з’яўляецца чэмпіёнам Беларусі па віртуальным футболе і мае кантракт з футбольным клубам па кіберфутболу. Падзяліўся сваімі ўспамінамі ветэран педагагічнай працы Пётр Канецкі пра сваіх выпускнікоў, пра тое, як Рабунскую школу, адзіную на Міншчыне, у 1980-я гады правяралі спецыялісты Міністэрства асветы СССР і па выніках праверкі падаравалі школе аўтобус, а дырэктара ўзнагародзілі. Шмат цікавага і пазнавальнага распавялі іншыя выпускнікі і педагогі.

Сельскія школы… З іх выйшла не адно пакаленне людзей, якія зрабілі нашу краіну прыгожай, багатай і моцнай. Доўгіх гадоў жыцця табе школа, дзіцячых усмешак першаклашак і шчырых слёз радасці выпускнікоў!

Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries