Найважнейшая летняя кампанія ў некаторых гаспадарках раёна ўжо выйшла на фінішную прамую. З усёй адказнасцю і сумленна, з карысцю для справы выкарыстоўваючы не проста кожны пагодлівы дзень, але і кожную спрыяльную для жніва гадзіну, шчыруюць сёння хлебаробы. Вось і ў ААТ «Сцешыцы», куды мы на днях наведаліся, збожжавыя былі ўбраны на 1440 гектарах (на 7 жніўня. – аўт.) з 1989 занятых імі. На гэты дзень, расказала галоўны аграном гаспадаркі Анастасія Шыцікава, намалот збожжавых склаў 3170 тон. На ўборачнай у гаспадарцы працуе дзевяць камбайнавых экіпажаў.
У вольную хвіліну: перадавы камбайнер Уладзімір Батура
з сынам Ягоркам
– Пры добрым надвор’і за дні тры ўправіліся б, – канстатавала галоўны аграном.
Толькі вось наколькі будзе спрыяць нябесная канцылярыя, невядома. Вось і ў дзень нашага наведання гаспадаркі камбайнеры чакалі, пакуль вецер прасушыць збожжавыя – напярэдадні ўвечары прайшоў спорны дождж. Пахмурнай была і раніца, здавалася, што вось-вось на зямлю ўпадуць цяпер такія нежаданыя кроплі…
У «Сцешыцах», як і ў кожнай гаспадарцы раёна, у нас, журналістаў, многа добрых знаёмых, пра чые працоўныя поспехі мы не раз пісалі ў сваіх матэрыялах. Асабіста мне было вельмі прыемна зноў сустрэцца са знакамітым механізатарам Уладзімірам Батурам. На гэтым жніве ён працуе з сынам Васілём, які нядаўна вярнуўся з арміі. Праўда, у дзень нашага прыезду хлопец быў заняты нейкай іншай справай, не марнаваў дарэмна часу, чакаючы, калі камбайну можна будзе выходзіць у поле. На мехдвары ў Пагосце ля свайго «Джон-Дзіра» завіхаўся сам Уладзімір Васільевіч, побач з якім быў самы малодшы яго сынок, Ягорка. Хлопчык з цікавасцю сачыў за кожным бацькавым рухам і, здавалася, усё запамінаў-упітваў, каб некалі ўжо самому займацца гэтай справай.
– Ён так і кажа: вырасту – буду камбайнерам, – з усмешкай расказаў бацька. – Дай яму волю, дык хадзіў бы са мной на працу штодня і падымаўся без праблем з сонцам. Вася ў яго гады, хоць таксама цікавіўся тэхнікай, але не з такім рвеннем.
Пяцёра дастойных дзяцей у сям’і Уладзіміра Васільевіча і Таццяны Уладзіміраўны Батураў. Што і казаць, імі бацькі ганарацца. Ды і ёсць чым. Старэйшая дачка, Крысціна, вучыцца на апошнім курсе педагагічнага ўніверсітэта. Нядаўна, расказаў Уладзімір Васільевіч, яна зрабіла бацькам да іх юбілеяў падарунак — купіла білеты на канцэрт ансамбля «Бяседа». Зарабіла дзяўчына грошы і парадавала тату з мамай паездкай у сталіцу на выступленне знакамітага калектыву. Што тут скажаш, запамінальны гэты падарунак клапатлівай дачкі. Радасна родным і за дачушку Вераніку, якая пасля заканчэння кадэцкага вучылішча паступіла ў ваенную акадэмію. Да службы ў арміі паспеў закончыць політэхнічны каледж і стаць студэнтам вышэйшай навучальнай установы і сын Васіль, які цяпер працуе ў тандэме з бацькам. Малодшыя, Ульянка з Ягоркам, пакуль што школьнікі, у верасні пойдуць у сёмы і другі класы.
У дружнай сям’і Батураў дзеці з маленства ўсведамляюць важнасць працы ў жыцці чалавека. І яскравы прыклад у іх заўсёды перад вачыма – бацькі, якія з ранку да вечара заняты на палетках ды ферме (Таццяна Уладзіміраўна працуе яе загадчыцай) і дома, дзе ў іх вялікая гаспадарка, жыўнасць, агароды. Цяпер вось, зазначыў бацька, на канікулах былі дочкі, дык яны займаліся і агародамі, і нарыхтоўкамі. Ну, а хлопцы, вядома ж, першыя памочнікі бацьку. Цёпла расказваў Уладзімір Васільевіч пра сваю дружную сям’ю, і было бачна, як любіць ён сваіх родных і ганарыцца імі. Вось яно, простае чалавечае шчасце…
Ды і з вытворчымі справамі ў знакамітага камбайнера ўсё ў парадку. Па добрай традыцыі ён зноў у лідарах. Пры спрыяльным надвор’і, расказаў камбайнер, яны з сынам намалочвалі пад сотню тон збожжа ў дзень і на час нашай сустрэчы мелі на сваім рахунку каля 760 тон.
Камбайнер Васіль Гнаценка (справа) з памочнікам Дзянісам Лапіцкім.
Яшчэ аднаго знаёмага механізатара ААТ «Сцешыцы» Васіля Гнаценку сустрэлі на мехдвары. Цяпер Васіль Анатольевіч узначальвае камбайнавы экіпаж, а памочнікам у яго працуе Дзяніс Лапіцкі. Больш за 688 тон было на рахунку гэтага дуэта на дзень нашай размовы, і гэта, канешне, не канчатковая лічба. У свой час пераехаўшы на Вілейшчыну з Казахстана, Васіль Гнаценка за гэтыя гады адчуў сябе сапраўдным беларусам, сынам гэтай зямлі. Тут яго прынялі як роднага, прадаставілі работу і жыллё, і, нібыта дзякуючы за гэта, чалавек сумленна працуе, дасягае дастойных вынікаў і па праву лічыцца адным з лепшых механізатараў гаспадаркі.
Восьмы сезон садзіцца за штурвал камбайна мясцовы ляснік, а ў мінулым механізатар Вячаслаў Хахоўскі, які сёлета працуе на «Доне» з сынам Валерыем, мясцовым механізатарам. Камбайну, як расказаў нам Вячаслаў Часлававіч, ужо трынаццаць гадоў, калісьці механізатар сам яго атрымліваў. За гады працы ў гаспадарцы ў памочніках камбайнера Хахоўскага пабывала практычна ўся яго сям’я — жонка, два сыны і дачка. Вось і сёлета сямейны экіпаж у ліку перадавых у гаспадарцы.
На час жніва ляснік Вячаслаў Хахоўскі становіцца камбайнерам.
Тут, на мехдвары ў Сцешыцах, сустрэліся і з галоўным аграномам гаспадаркі Анастасіяй Шыцікавай. Больш за семдзясят працэнтаў плошчаў, занятых збожжавымі, ужо ўбрана, падзялілася яна, так што недалёка да завяршэння жніва. Акрамя таго, у гаспадарцы прасуецца салома, нарыхтоўваюцца кармы ў рулонах, рыхтуюцца да сяўбы рапсу і азімых зерневых – выконваюцца ўсе традыцыйныя для гэтай пары работы.
Пакідаючы гаспадарку, мы зазірнулі ў дыспетчарскую, дзе пазнаёміліся з Галінай Станкевіч. Ураджэнка Магілёўшчыны, яна прыехала сюды яшчэ маладым спецыялістам. Тут пазнаёмілася з мясцовым хлопцам, выйшла замуж і вось ужо трыццаць пяць гадоў працуе ў гаспадарцы.
Вытворчыя пытанні абмякроўваюць галоўны аграном Анастася Шыцікава (злева) і дыспетчар Галіна Станкевіч.
За гэты час Галіна Цімафееўна ўсім сэрцам палюбіла сцешыцкую зямлю і людзей, якія на ёй працуюць. Вось і яны з мужам, які зараз заняты на адвозцы збожжа ад камбайнаў, як і ўсе ў гаспадарцы, жывуць жніўнымі клопатамі і з’яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі гэтай высакароднай і важнай, як само жыццё, дзеі. А гэта нялёгка і, разам з тым, адказна, ганарова.
Ірына БУДЗЬКО. Фота Веранікі СТАЦІНА