Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сёлетняя сяўба ідзе пры спрыяльным надвор’і…

Механізатар СУП «Усходні агра» Андрэй Бічун задаволены: сёлетняя сяўба ідзе пры спрыяльным надвор’і, таму работа спорыцца. Вось і падчас нашай сустрэчы Андрэй Пятровіч на сваім «Беларус-3022» сеяў ячмень на 80-гектарным полі непадалёк ад вёскі Качанкі. Нібыта пільныя кантралёры, паважна ходзілі на полі ўслед за трактарам буслы, і гэта прыгожая красавіцкая карціна цешыла вока і душу. Глеба прыняла зерне сорту «магутны». Няхай апраўдае ячмень сваю добрую назву!

Аляксандр Скабей працуе на “Расе”

Звыклымі веснавымі клопатамі жывуць зараз і працаўнікі СУП «Усходні агра». Як і належыць, тут выконваюцца ўсе веснавыя палявыя работы. Аператыўна, стараючыся не ўпусціць ні гадзіны каштоўнага часу, працуюць тут людзі. Культывацыя глебы, падборка камення, сяўба яравых, падкормка азімых – на ўсіх гэтых і іншых адказных работах заняты ў гэтыя дні працаўнікі гаспадаркі. Разам са спецыялістам гаспадаркі Пятром Вяжэвічам і галоўным аграномам Кірылам Каржэцкім мы пабывалі на палях, сустрэліся з цікавымі і працавітымі людзьмі.

Кірыл Каржэцкі, Віталь Баслык і Пётр Вяжэвіч

Механізатары гаспадаркі Віталь Баслык, Андрэй Бічун і Ігар Мікуліч у дзень нашага наведвання былі заняты на сяўбе ячменю: адзін працаваў на полі непадалёк ад Крывога Сяла, другі – ля Качанкоў, трэці – недалёка ад Нясцёрак. Усе яны мясцовыя, тут і асталяваліся ўжо са сваімі сем’ямі. Працуецца сёлета камфортна, адзначалі яны, надвор’е спрыяльнае. Калі такім яно будзе і надалей, удакладніў Пётр Вяжэвіч, то з сяўбой практычна можна будзе ўправіцца да канца тыдня. Ячмень, пшаніцу, зернебабовыя, авёс – гэтыя яравыя культуры запланавана пасеяць гэтай вясной у гаспадарцы. З яшчэ адным перадавым механізатарам гаспадаркі, Генадзем Лапшой, які працуе на «Джон Дзіры», у гэты дзень нам сустрэцца не атрымалася, але ад галоўнага агранома даведаліся, што Генадзь Іванавіч, як і заўсёды, у перадавіках, працуе старанна і сумленна.

Андрэй Бічун

Непадалёк ад Нясцёрак мы сустрэлі яшчэ аднаго знакамітага механізатара «Усходняга агра» – Аляксандра Пастухова, які на сваім трактары рыхтаваў поле пад сяўбу пшаніцы.

– Бачыце, як блішчыць на сонцы ўзаранае поле? – гледзячы на роўныя барозны, якія пакідаў пасля сябе трактар Аляксандра Пастухова, спытаў Пётр Вяжэвіч і тут жа адказаў: – Гэта значыць, што ёсць у глебе вільгаць, што вельмі важна. Своечасова сеем, не ў сухую зямлю.

Аляксандр Пастухоў

Аляксандр Пастухоў – прадстаўнік працавітай дынастыі. Нарадзіўся і жыў у Расіі, а ў 1985-ым лёс прывёў іх сям’ю на радзіму маці, у Беларусь. Так Пастуховы апынуліся ў Крывым Сяле. Дарэчы, маці Аляксандра, Таіса Паўлаўна, і цяпер, у сваім 70-гадовым узросце, яшчэ працуе даяркай на ферме ў Рабуні. На новым трактары «Беларус-3522» працуе ў гаспадарцы і пляменнік Аляксандра Анатольевіча – Ігар Крот, які ў час жніва садзіцца на камбайн. Такая вось працавітая дынастыя.
Праязджаючы ля палеткаў, бачылі, як выконваліся і іншыя работы: збіралі каменне памочнікі ад службы занятасці (дарэчы, на адвозцы камення згадзіўся дапамагчы мясцовы пенсіянер на сваім трактарчыку: і яму карысць, і гаспадарцы); механізатар Аляксандр Скабей на самаходным апырсквальніку «Раса» ўносіў азотныя ўгнаенні пад азімы рапс; чысцілася і фарбавалася агароджа ля мехдвара ў Крывым Сяле… Усе былі занятыя важнай справай, як і належыць у гэтыя гарачыя веснавыя дні. Шчыруе сейбіт-чалавек…

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Ігар Мікуліч
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 22 queries