Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Шчодрае зерне ісціны

Сюжэты жніва – важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года… Даспела на палетках збажына. Маленькія зярняты ўвабралі ў сябе прыродны патэнцыял зямлі, памножаны людской працай. І цяпер намалот збожжавага палетка ў значнай меры ўплывае на сённяшні і заўтрашні лёс вёскі, лёс краіны, для якой хлеб – важнейшы духоўны набытак. Так дзеецца на свеце, што існасць некаторых матэрыяльных рэчаў заключана ў іх унутранай сутнасці. Хлеб – менавіта такая рэч у сабе. І ўся знешняя атрыбутыка сельскага жыцця накіравана на яе ўшанаванне. А пачынаецца яна з поля.

Сюжэты жніва – важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года… Даспела на палетках збажына. Маленькія зярняты ўвабралі ў сябе прыродны патэнцыял зямлі, памножаны людской працай. І цяпер намалот збожжавага палетка ў значнай меры ўплывае на сённяшні і заўтрашні лёс вёскі, лёс краіны, для якой хлеб – важнейшы духоўны набытак. Так дзеецца на свеце, што існасць некаторых матэрыяльных рэчаў заключана ў іх унутранай сутнасці. Хлеб – менавіта такая рэч у сабе. І ўся знешняя атрыбутыка сельскага жыцця накіравана на яе ўшанаванне. А пачынаецца яна з поля.

Жніво вымушае і нас, журналістаў, быць сёння побач з тымі, хто радуецца набытку роднай нівы. Радуецца сціпла. Нават не словамі, а пяшчотным замілаваным поглядам, які далікатна гладзіць спелае калоссе, з удзячнасцю  прымаючы найвялікшы дарунак зямлі і нябёсаў. Хлебароб не любіць высокіх слоў. Сёння яго справы прарастаюць шчодрым насеннем ісціны, якую так прагне спасцігнуць чалавецтва. Канцэпцыя яе была закладзена два тысячагоддзі таму, калі нараджалася адна з галоўных сусветных рэлігій – хрысціянства.

Жніўная пара – гэта і ўрачыстасць хлебаробскай душы, і адначасова выпрабаванне яе на трываласць. Самае адметнае, што ўдаецца вынесці з сустрэч на жніўным полі – гэта чалавечая сціпласць, адсутнасць так званай позы, выкліканай павышанай старонняй увагай, ва ўдзельнікаў жніва.

Не ўпершыню ў лідары кампаніі выходзіць сямейны экіпаж Гарэлікаў з «Нарачанскіх зораў». Сёлета ён стаў першым  у раёне тысячнікам і атрымаў  асабістае віншаванне старшыні райвыканкама. Адметнасць для працавітай сям’і Гарэлікаў у тым, што зараз бацька з сынам памяняліся ролямі. І за штурвал  камбайна сеў сын Аляксандр. Вось яна, тая  самая пераемнасць хлебаробскіх традыцый, духоўнай спадчыны, якой заўсёды славілася сялянская сям’я.

У гэтыя напружаныя, спякотныя дні літаральна хлебам адзіным жыве вёска. А меры матэрыяльнага заахвочвання лідараў жніва падмацоўваюцца шэрагам ідэалагічных мерапрыемстваў. Згодна распараджэння старшыні раённага выканаўчага камітэта, для віншавання перадавікоў на месцах дыслакацыі кормаўборачных атрадаў, створаны  агітбрыгады, у якія ўвайшлі работнікі райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, спецыялісты грамадскага аб’яднання БРСМ, культработнікі і журналісты. Згодна графіка, агітбрыгады амаль штодня наведваюць сельгаспрадпрыемствы, словам і песняй падтрымліваюць хлебароба, ствараючы для яго адпаведны часу пазітыўны  настрой. Ёсць пэўны сэнс у гэтых віншаваннях, у сцягах працоўнай славы, узнятых на цэнтральных сядзібах гаспадарак у гонар  пераможцаў. Новыя веянні часамі перакрэсліваюць старыя набыткі. Але, дзякаваць Богу, тут не перастараліся, пакінулі ў працоўных адносінах тое, што надае ім высокі сэнс, што дае стымул для ўзлёту хлебаробскай душы.

У «Нарачанскіх зорах», райаграсэрвісе, «Чурлёнах», «Новай Любаніі», «Сцешыцах», аграфірме «Ілья», «Першым Беларускім», «Алай зары», унітарным прадпрыемстве «Вілія-агра» пабывала ўжо агітбрыгада райвыканкама. А разам з ёю – журналісты раёнкі.  Кропкі яе маршруту занатаваны на старонках нашай газеты.

Вашай увазе, паважаныя нашы чытачы, мы  прапаноўваем гэтыя фотасюжэты. Здымкі зроблены нашым фотакарэспандэнтам Аляксеем Камінскім падчас наведвання агітбрыгадай адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы». Зазначым, яно справядліва становіцца аб’ектам павышанай журналісцкай увагі, паколькі па многіх паказчыках трывала замацавалася ў тройцы лідараў. На гэты раз віншаванні старшыні райвыканкама ўручаны камбайнеру Генадзію Клемантовічу, вадзіцелю Віктару Святоху, аператару збожжасушыльнага комплексу Віктару Лукашэвічу. Па-ранейшаму спадарожнічае поспех камбайнеру Уладзіміру Батуру з УП «Вілія-агра», а таксама яго паплечнікам з кормаўборачнага атрада – Аляксандру Казелу і Сяргею Дашкевічу. Палавіна жніўных палеткаў убрана ва ўнітарным прадпрыемстве. І ў  камбайнераў ёсць шанцы стаць тысячнікамі. Найбліжэй да гэтай мяжы – Уладзімір Батура. Яго намалот ужо каля 900 тон.

У аб’ектыў трапілі лепшыя працаўнікі жніўнай нівы УП «Першы Беларускі»: Вацлаў Вайцяшонак, Мікалай Курленка і Барыс Яўгель. Адзначаны віншаваннямі і прэміямі Уладзімір Грыпеніч,  Віталь Сакалоўскі і Анатоль Сухой з «Новай Віліі», ушанаваны Ігар Крот, Аляксандр Мікуліч і Дзмітрый Кавалёнак з філіяла «Усходні» камбікормавага завода.

Яшчэ нямнога. Яшчэ чуць-чуць… Успамінаюцца словы знаёмай песні, якая гучыць, праўда, з зусім іншай нагоды. Але сёлетняе жніво – гэта той жа экстрым. Яго ўдалае завяршэнне – справа гонару сапраўдных мужчын.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries