У сям’і Наталлі і Анатоля Варанкевічаў з Вардамічаў сваё ўяўленне пра шчасце. Яно, лічаць муж і жонка, – у дзецях, любові і працы.
Замуж выйсці – трэба знаць: позна легчы, рана ўстаць – так кажуць у народзе пра клопаты, якія чакаюць замужнюю жанчыну. Асабліва тую, што жыве ў сельскай мясцовасці. Муж і дзеці, хатняя гаспадарка і клопаты на прысядзібным участку, ну і ад вытворчых абавязкаў таксама ніхто не вызваляе – з усім гэтым і сапраўды няпроста спраўляцца. Ды спраўляюцца вясковыя руплівіцы, якія яшчэ ва ўсім гэтым штодзённым кругавароце знаходзяць хвілінку-другую і на сябе. А як жа іначай – жанчына заўсёды павінна быць прыгожай.
Наталля Варанкевіч, аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Мільча» ААТ «Даўгінава», менавіта з такіх спрытных у працы, дбайных ды руплівых. Будзь яна іншай, наўрад ці стала б адной з перадавых на ферме, удала спалучаючы гэта з клопатамі маці траіх дзяцей і руплівай гаспадыні, на падворку якой дзве (а некалі былі і тры) каровы, свінні …
– Дык жа я не адна працую, вельмі многае па гаспадарцы робіць муж, які заўсёды бярэ на сябе цяжэйшую работу, – з усмешкай тлумачыць Наталля Генадзьеўна. – Ды і памочнікі ёсць – старэйшая дачка Віка, якая ўжо замужам, сын Саша. Толькі самая малодшанькая – наша Жэнечка – пакуль што школьніца, у пятым класе вучыцца.
У голасе жанчыны чую столькі цеплыні і любові да родных, што без слоў разумею: мая суразмоўца – шчаслівая жонка і маці. А між тым, расказала Наталля, яна магла б ніколі не сустрэцца са сваім Анатолем, бо нарадзілася і расла ў Барысаве, а ён тут, у Вардамічах. Затым жыццёвая дарога прывяла бацькоў Наталлі ў Заброддзе, дзе дзяўчына закончыла мясцовую васьмігодку, затым вучылася ў Бубнах. Яна была зусім маладой, калі ўпершыню ў сельскім клубе ўбачыла Анатоля, які толькі што вярнуўся з арміі. Высокі, падцягнуты, ён адразу ж звярнуў на сябе ўвагу Наталлі, а яна – юная, вясёлая, з адкрытым характарам – вельмі спадабалася яму. Гэта было каханне з першага погляду, якое закончылася іх вяселлем. А праз нейкі час у маладой сям’і нарадзілася дачушка, праз гадоў колькі – сынок, а яшчэ праз пэўны адрэзак часу і іх малодшанькая. Дзеці Варанкевічаў рана станавіліся самастойнымі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, большыя былі добрымі нянькамі малодшай, бо ведалі, што тата і мама многа працуюць.
– Цяпер у нас на падворку дзве каровы, а некалі былі аж тры, – узгадвае Наталля Генадзьеўна. – Канешне ж, нялёгка… Вось і зараз я кожную раніцу ўстаю а палове пятай, даю сваіх кароў, парадкую малако, а тут ужо, глядзіш, і машына прыходзіць, на якой нас падвозяць на працу. Там мяне чакаюць пяцьдзесят тры мае рагулькі, якіх вельмі люблю, ведаю нораў і звычку кожнай. І калектыў у нас на ферме добры, і загадчыца Наталля Кур’яновіч – жанчына спагадлівая і чулая, якая ва ўсім дапаможа і ўсё зразумее. У абед прыязджаю дамоў, а ўвечары – зноў ферма, з якой вяртаюся позна. І так штодня. Анатоль таксама ў гаспадарцы працуе механізатарам, цяпер вось заняты на раздачы кармоў і на рулонах. Што і казаць, хапае і яму клопатаў. Іншы раз жартам пачынае вурчаць, што, маўляў, надакучыла ўжо ўпраўляцца з жывёлай, стаміўся. А сам, бачу, усміхаецца… Не, мы не разумеем таго, каб, жывучы ў вёсцы, не мець гаспадаркі. Ды і не лішнія тыя грошы, выручаныя ад продажу малака, для сямейнага бюджэта… Праўда, хацелася б, каб закуплялі яго ў нас не па 45 капеек, як зараз, а даражэй, бо не вада ж гэта – малако, і як даецца яно вяскоўцам, разумеюць толькі тыя, хто сам ведае, што такое гаспадарка і клопаты сяльчан.
У канцы размовы мы непрыкметна перайшлі на сямейную тэму. Наталля падзялілася, як праходзяць іх сямейныя ўрачыстасці і як цёпла віншавалі яе блізкія з жаночым святам. «Столькі кветак надарылі, аж душа радавалася, – прызналася жанчына. – Яны ведаюць, як я люблю кветкі… А калі святкавалі два гады назад мой саракагадовы юбілей, дык мне падарылі аж сорак адну ружу… Так было прыемна!»
У вядомай калісьці песні былі такія радкі: «Что такое счастье? Кто ответит? Люди все по-разному говорят…» Так, сапраўды, адказваюць на гэта пытанне па-рознаму. Для адных шчасце вымяраецца грашыма, як кажуць, «няпыльнай» работай ды размерана-спакойным існаваннем. Для другіх жа яно ў штодзённых клопатах, у сям’і ды вялікім пачуцці, якое яны разам нясуць па жыцці. І тым шчаслівыя.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва сям’і Варанкевічаў