Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Сеем, усё у нас нармальна». Так коратка і ёмка гавораць пра свае сённяшнія клопаты працаўнікі ААТ «Чурлёны»

На 9 красавіка ў гаспадарках раёна засеяны 71 працэнт запланаваных плошчаў. Закончылі сяўбу ААТ «Нарачанскія зоры», «Чурлёны», РСУП «Першы Беларускі», СВФ «Юнік-агра», філіял «Бубны» УП «Мінгаз» і сортавыпрабавальная станцыя.

Выконваючы абавязкі галоўнага агранома Уладзімір Дрозд (злева) гутарыць з механізатарам Міхаілам Ганчаровым

Сёлетняя вясна для хлебаробаў даволі няпростая: то захаладае ды падмарозіць, а то іншая крайнасць – сонца з сухавеем. А так хацелася б сапраўднага веснавога цяпла ды з дожджыкам… Тады б зернейка, кінутае дбайнымі працаўнікамі ў глебу, хуценька прарасло, пайшло ў рост ды пачало набірацца моцы. Пра гэта мы гаварылі з выконваючым абавязкі галоўнага агранома ААТ «Чурлёны» Уладзімірам Драздом падчас нядаўняй маёй паездкі ў гаспадарку.

– Жывём звыклымі веснавымі клопатамі, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Праз пару дзён (на 6 красавіка – аўт.) плануем закончыць сяўбу яравых збожжавых, заканчваем і падкормку азімых. А там трэба будзе брацца за сяўбу кукурузы, якой у гаспадарцы запланавана 900 гектараў. Цяпер ідзе вапнаванне глебы пад гэту культуру. Дарэчы, для сяўбы царыцы палёў сёлета атрымалі дзве новыя сеялкі СТВ-8Д, будзем іх апрабоўваць.
За трыццаць восем гадоў працы ў сельскай гаспадарцы Уладзіміру Дразду даводзілася сеяць і ўбіраць у самых розных умовах. І сушыла, і мачыла, і марозіла, аднак пры тым перад хлебаробамі заўсёды стаяла галоўная задача – своечасова пасеяць, дагледзець, з найменшымі стратамі і ў тэрмін убраць, захаваць вырашчанае.

Нябесная канцылярыя ніколі не песціла вяскоўцаў ідэальна-камфортнымі ўмовамі працы, таму земляробы навучыліся выкарыстоўваць кожны пагодлівы дзень, нават кожную гадзіну, для таго, каб своечасова выканаць сваю нялёгкую справу. Вось і сёлета навор’е выпрабоўвае людзей, але гэта іх не палохае.

– Працуем, робім сваю звыклую справу як належыць, – канстатаваў Уладзімір Дрозд. – Сяўбу вось закончваем. Цяпер бы, здаецца, дожджык ды цяпло!

Перадавога механізатара гаспадаркі Міхаіла Ганчарова мы сустрэлі на полі ля вёсачкі Зенанова. На сваім магутным трактары «Фэндт» ён заканчваў сяўбу яравога ячменю на адным полі, а яго ўжо чакаў падрыхтаваны пад сяўбу палетак на другім баку дарогі. Міхаіл Міхайлавіч прыехаў на Вілейшчыну пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Канешне ж, нялёгка было людзям пакідлаць свае родныя мясціны, станавіцца перасяленцамі, ды нічога не зробіш – слова «зона» ды клопат пра здароўе сваё і дзяцей вымушалі шукаць новае месца жыхарства. У Лыцавічах Ганчаровым (а прыехалі сюды два браты з сем’ямі) выдзелілі жыллё, далі работу. І перасяленцы тут прыжыліся, глыбока пусцілі карані, зарэкамендавалі сябе добрымі працаўнікамі. Вось і Міхаіла Міхайлавіча, за працай якога мы назіралі на полі, Уладзімір Дрозд ахарактарызаваў толькі станоўча. Маўляў, чалавек старанны, працавіты, прафесіянал сваёй справы. На такіх сёння і трымаецца вёска.

А Міхаіл Міхайлавіч – чалавек нешматслоўны і заняты важнай справай – вельмі коратка акрэсліў свае цяперашнія клопаты: «Сеем, усё у нас нармальна». І гэта, напэўна, самае галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries